Сёння пачалі судзіць рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча
Працэс павінен быў распачацца ў судзе Маладзечанскага раёна а 10.30. Суддзём прызначаны Аляксей Іршын. Пакуль няма звестак пра тое, што разгляд справы Аляксандра Манцэвіча будзе праходзіць у закрытым рэжыме, хоць вельмі часта падобныя працэсы робяць закрытымі. Падсуднага вінавацяць у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» паводле арт. 369-1 Крымінальнага Кодэкса.
Аляксандр Манцэвіч — былы галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», незалежнага выдання, якое асвятляла жыццё Маладзечна і памежжа Мінскай і Гродзенскай абласцей. Журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы, і з таго моманту ўтрымліваюць пад вартай — спачатку змясцілі ў ІЧУ Маладзечна, а пасля 72 гадзін папярэдняга затрымання перавялі ў следчую турму № 8 Жодзіна (Мінская вобласць).
Ператрусы тады правялі таксама і ў шасці супрацоўнікаў рэдакцыі, у тым ліку былых. Сілавікі забіралі аргтэхніку і грошы, ва ўсіх узялі падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства.
Паводле абвінавачання, Аляксандр Манцэвіч на пасадзе кіраўніка рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» разам з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданні і афіляваных інтэрнэт-рэсурсах ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць беларускую дзяржаву і яе органы ўлады.
Следства сцвярджае, што «ў артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
20 студзеня 2023 года суд Маладзечанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» афіцыйны сайт «Рэгіянальнай газеты» і карпаратыўны тэлеграм-канал (у ліпені 2021 года рэдакцыя вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання і засяродзілася на інтэрнэт-версіі).
На меркаванне чытачоў «Рэгіянальнай газеты», пераслед рэдактара пачаўся пасля размяшчэння апытанкі да Дня Канстытуцыі на старонцы выдання ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Пытанне «Якое самае важнае права чалавека?» беларускім уладам падалося правакацыйным.
Неўзабаве 21 сакавіка на падставе рашэння суда Маладзечанскага раёна старонка «Рэгіянальнай газеты» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» была прызнаная «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй. За ўдзел у апытанцы, размешчынай на «экстрэмісцкім» рэсурсе, жыхароў рэгіёна дагэтуль прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці.
16 красавіка міжнародная праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем. Сёлета 5 жніўня яму споўнілася 65 гадоў, юбілей палітвязень сустрэў за кратамі.
Чытайце яшчэ:
Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах
«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару
Аўстралійскі тэлежурналіст узяў удзел у Марафоне салідарнасці, падтрымаўшы Анджэя Пачобута