Сёння — гадавіна забойства журналіста Паўла Шарамета
20 ліпеня 2016 года ў Кіеве загінуў вядомы беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет. Прафесійная супольнасць страціла выбітнога, адважнага калегу. Сябры і родныя — блізкага чалавека.
Аўтамабіль, у якім Павел ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаванні цэнтральных вуліц Кіева. Выратаваць Паўла было немагчыма — атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыццём.
Паліцыя паведаміла, што пад аўтамабіль была закладзеная выбухоўка магутнасцю да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце, якая кіравалася дыстанцыйна.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка патрабаваў ад сілавікоў справаздачы аб ходзе расследавання.
У якасці асноўнай версіі матыву забойства паліцыя лічыць прафесійную дзейнасць журналіста. Следчыя высветлілі, што бомбу ўсталявалі мужчына і жанчына. Яны трапілі на відэа з камер назірання. За дапамогу ў пошуку паліцыя Кіева, а таксама былы мэр сталіцы аб’явілі ўзнагароджанне. Але следства і дагэтуль практычна не прасунулася — не названыя падазраваныя, няма ні абвінавачаных, ні галоўнай версіі матываў злачынства.
Паўла Шарамета пахавалі 23 ліпеня мінулага года ў Мінску.
«Павел быў чалавекам, які свята верыў, што праўда можа змяніць свет. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў выканання гэтага нахабнага пакарання. Не толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі. Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды павінен быць справай гонару кожнага з нас», — гаварыла Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падчас вечарыны памяці Паўла Шарамета ў Мінску.
У гадавіну забойства Паўла Шарамета сваякі і калегі наведаюць магілу журналіста на Паўночных могілках пад Мінскам а 12‑й гадзіне.