«Сумленне ў мяне чыстае». Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц з’ехаў у Польшчу
Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц выйшаў на волю і ўжо з'ехаў у Польшчу. Пра гэта хлопец паведаміў на сваёй старонцы ў інстаграме. За кратамі ён знаходзіўся з сярэдзіны сакавіка. Дагэтуль невядома, чаго ад яго хацелі лукашэнкаўскія сілавікі.
«Апытанні, допыты, кайданкі, суткі, ператрусы — усё скончылася. Я выехаў з краіны, — напісаў Мікалай Заяц. — Я не палітык і ніколі палітыкай не займаўся, таму «бралі» мяне за працу ў Купалаўскім тэатры і журналістыку. Але наўрад ці б я рабіў нешта інакш, калі б ведаў загадзя. Законы я не парушаў, таму сумленне ў мяне чыстае. А гэта важней за любыя крымінальныя справы».
Паводле слоў Мікалая, свой ад’езд у эміграцыю ён арганізаваў «такім чынам, каб у Беларусі наогул ніхто пра гэта не ведаў». «Таму спадзяюся на разуменне родных і блізкіх. Вымушаная мера», — дадаў былы супрацоўнік Купалаўскага тэатра.
«Дзякуй усім, хто хваляваўся і падтрымліваў. Дзякуй журналістам, якія пісалі пра сітуацыю са мной. Шаную і паважаю вашу працу!» — адзначыў Мікалай Заяц.
«Некаторы час я буду аднаўляць сілы і здароўе, а далей планую шукаць працу ў Варшаве, — дадаў ён. — Буду рады любой дапамозе. У Еўропу я прыехаў толькі з 50 еўра ў кішэні, таму калі хтосьці мае магчымасць падтрымаць у гэты няпросты час, вось рэквізіты для данатаў».
Мікалая Зайца затрымалі 13 сакавіка. Спачатку яму далі 12 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля накінулі яшчэ 14 (абодва разы судзілі за тое, што ён нібыта «размахваў рукамі ў РУУС»). Раней паведамлялася, што хлопца дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве. Выглядае, што абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 (яму ўсё ж не было выстаўлена, інакш яго б наўрад ці вызвалілі.
25-гадовы Мікалай Заяц мае дзве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію кіравання, а таксама мае ступень MBA. Дадаткова навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і Вышэйшай школе эканомікі. Падчас навучання кіраваў дэбат-клубам на факультэце журналістыкі. Цікавіўся вывучэннем карпаратыўных выданняў, рыхтаваў манаграфію, а ў 2020 годзе стаў лаўрэатам расійскага студэнцкага конкурсу па даследаванні карпаратыўных медыя.
У юнацтве Мікалай захапляўся беларускамоўнай рэп-музыкай. На пачатку 2010‑х адміністраваў першы беларускамоўны хіп-хоп партал. З 2012 года кіраваў праектам «Лэйбл MZ production», які займаўся прасоўваннем беларускай музыкі.
А ў 14 гадоў выдаў CD-зборнік беларускамоўнай рэп-музыкі «Жалуды». У інтэрнэт-дадатку да выдання, сярод іншых, былі трэкі і вядомых рэп-музыкаў — Макса Каржа і гурта «ЛСП», якія падрыхтавалі для зборніка свае кампазіцыі на беларускай мове. Асноўны дыск прадаваўся ў крамах.
У 18 гадоў Мікалай стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся арганізацыяй канцэртаў у Мінску, падтрымліваў маладых беларускамоўных выканаўцаў. За актыўнасць у сферы культуры ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам стыпендыі імя Аркадзя Смоліча.
Некалькі год таму хлопец рыхтаваўся да арганізацыі беларускамоўнага джаз-фестывалю, але каронавірус перашкодзіў планам.
Мікалай супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ: Tut.by, БелТА, Белтэлерадыёкампаніяй і іншымі. Пісаў на тэмы культуры і мастацтва, а таксама на грамадска-палітычныя. У 2019‑м быў акрэдытаваны ў якасці журналіста для працы ў Данецку, двума гадамі раней — у Прыднястроўі. У 2017 годзе запісаў размову з экс-прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенсам для T*t.by.
Прэс-сакратаром Купалаўскага тэатра ён стаў улетку 2020-га. У жніўні быў адпраўлены ў прастой, а ў сакавіку 2021-га, не выходзячы з прастою, звольнены. Паралельна быў піяр-спецыялістам у Чырвоным Крыжы.
Чытайце яшчэ:
Што вядома пра былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра, якога дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве?
Заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан вызваліўся з «хіміі»
Адкрыты збор у падтрымку сям’і Паўла Белавуса