Заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан вызваліўся з «хіміі»
Асуджаны да 2,5 гадоў абмежавання волі па абвінавачанні ў паклёпе на міліцыянтаў журналіст Рамуальд Улан вярнуўся да сям’і ў Смаргоні. Пакаранне ён адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 17 на ўскрайку Гомеля.
«Добры дзень, сябры, землякі! На шостым месяцы абвешчанай амністыі да мяне ўсё ж яе прымянілі — адзінаму з двух з паловай дзясяткаў «палітычных» на гомельскай «хіміі». Шчыра дзякую ўсім, хто пісаў лісты, падтрымліваў мяне!», — лаканічна напісаў у Facebook палітвязень, не ўнікаючы ў падрабязнасці свайго амніставання.
Рамуальда Улана затрымалі 26 верасня 2020 года. Падставай стала калектыўная позва групы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. У горадзе хтосьці расклеіў улёткі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах. Журналіст сфатаграфаваў налепкі і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» ў сацсетцы «ВКонтакте». Менавітая гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу».
5 студзеня 2021 года суддзя Сяргей Боландзь агучыў вырак па справе — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (перад гэтым пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў тэрмін на паўгода большы). Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты» і судовыя выдаткі: па 300 рублёў чатыром міліцыянерам, па 500 — тром, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.
25 сакавіка 2021 года яму загадалі прыбыць для адбыцця пакарання ў адпаведную ўстанову № 17 Гомеля.
57-гадовы Рамуальд Улан — фігура для Смаргоншчыны знакавая. У сярэдзіне 1990‑х ён быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаваная ім «Новая газета Смаргоні» хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышла паводле накладу дзяржаўную раёнку. На хвалі пазнавальнасці яго выбралі ў мясцовы савет народных дэпутатаў.
Зрэшты, напярэдадні 10-гадовага юбілею выдання паспяховы медыйны праект задушылі эканамічна, а наваспечанага народнага абранніка пазбавілі паўнамоцтваў. Пасля вымушанай змены спецыялізацыі Рамуальд Улан арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.
На пачатку восені 2020-га і гэты від дзейнасці аказаўся паралізаваным. У офіс з ператрусам прыйшлі сілавікі, якія ў якасці рэчавых доказаў забралі паўтара дзясятка адзінак тэхнікі. Падставай стала крымінальная справа за «паклёп» супраць мясцовых праваахоўнікаў. Тое, што Рамуальд Улан спецыялізаваўся на паслугах друку, стала асноўным абгрунтаваннем яго датычнасці да тыражавання «паклёпніцкіх звестак».
Пакуль прадпрымальнік адбіваў атакі ў судзе, неабыякавыя смаргонцы неслі ў будынак на адрас Танкавая, 8 тэхніку, камп’ютары, паперу — каб фірма магла працягваць дзейнасць. Акрамя таго, быў арганізаваны збор подпісаў, каб пракуратура спыніла палітычна матываваны пераслед паважанага чалавека. Не дапамагло.
Як водзіцца, абарона Рамуальда Улана намагалася абскардзіць прысуд, аднак апеляцыя на абласным узроўні была адхіленая.
Апошнія два гады палітвязень адбываў пакаранне і працаваў на розных вытворчых участках гомельскай «хіміі». Летась у лютым Рамуальд Улан быў прыцягнуты да адказнасці пасля экспертызы тэлефона. На яго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Быў асуджаны да 14 сутак арышту, які адбываў у гомельскім ІЧУ.
З «хіміі» палітвязень павінен быў вызваліцца сёлета ў верасні. Аднак нечакана дагнала «амністыя», нюансы ўжывання якой пакуль невядомыя.
Бліжэйшым часам прадпрымальнік плануе вярнуцца да кіравання пастаўленым па паўзу бізнесам.
Чытайце яшчэ:
У Гомелі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса
Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться
Адкрыты збор у падтрымку сям’і Паўла Белавуса