Суддзя не ўбачыў хуліганства ў дзеяннях блогера. Але адправіў пратакол на дапрацоўку
1 сакавіка суд Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці разглядаў адміністрацыйную справу супраць мясцовага блогера Андрэя Павука. Міліцыя вінаваціць блогера ў тым, што ён задаваў пытанні чыноўніцы. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 18 студзеня.
— У сельскі савет я прыязджаў з відэакамэрай. Хацеў даведацца, з якой прычыны старшыня Любанскага сельсавета Тамара Кароль арганізавала калектыўны ліст бацькоў школьнікаў, каб мяне не бралі ў Любанскую базавую школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Ды арганізавала так, што з васьмі подпісаў адзін аказаўся падробленым. Сельская старшыня асабліва збянтэжылася, калі ўбачыла, што камера ўключаная, і патэлефанавала ў “102”.
У міліцэйскім пратаколе напісана, што Андрэй Павук “беспрычынна, з хуліганскіх памкненняў, назойліва, неаднаразова прыставаў да Тамары Кароль, патрабаваў ад яе адказаў на пытанні, якія не датычыліся яе службовых абавязкаў”.
Аднак сёння суддзя Акцябрскага раёна Уладзімір Васілеўскі не ўбачыў у абвінавачаннях міліцыянтаў складу адміністрацыйнага парушэння ў выглядзе дробнага хуліганства. Здавалася б, справа павінна была быць закрыта, але пратакол ізноў накіравалі ў аддзяленне міліцыі на дапрацоўку.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” уважліва сочыць за гэтай справай, бо гэта не першы выпадак, калі прадстаўнікі мясцовых уладаў нервова рэагуюць на законнае права грамадзянаў весці запіс сустрэчы з чыноўнікамі.