• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Канфлікт у сельсавеце: фрылансера абвінавацілі ў «правакацыі на размову»

    Фрылансер “правакаваў на размову” старшыню сельскага савета.

    Старшыня Любанскага сельскага савета Акцябрскага раёна Тамара Кароль напісала заяву ў міліцыю, што мясцовы блогер і фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук “сваімі дзеяннямі правакаваў яе на размову”. А яшчэ “задаваў пытанні асабістага характару, занудліва прыставаў”.

    — У сельскі савет я прыязджаў на мінулым тыдні з відэакамэрай. Хацеў даведацца, з якой прычыны Тамара Кароль арганізавала калектыўны ліст бацькоў школьнікаў, каб мяне не бралі ў Любанскую базавую школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Ды арганізавала так, што з васьмі подпісаў адзін быў падроблены.

    Сельская дэпутатка-старшыня асабліва пакрыўдзілася, калі ўбачыла, што камера ўключаная і размова запісваецца. Яна стала выклікаць міліцыю, а пасля і заяву напісала пра мае “занудлівыя прыставанні”. Супрацоўнік Акцябрскага РАУС Гомельскай вобласці Андрэй Арцюшка, асабліва не ўнікаючы ў сутнасць інцыдэнту, склаў на мяне пратакол за дробнае хуліганства, — тлумачыць Андрэй Павук.

    Андрэй Павук у свой час скончыў біялагічны факультэт БДУ і тэхнікум па спецыяльнасці дызайнера мэблі. Працу ў райцэнтры знайсці складана, таму аказваў рудабельцам (гістарычная назва Акцябрскага) фотапаслугі як індывідуальны прадпрымальнік,  ды яшчэ арганізаваў групу “Рудабельская паказуха” ў сацыяльнай сетцы, дзе не раз крытыкаваў і мясцовае кіраўніцтва.

    Дамову на арэнду памяшкання пад фотастудыю неспадзявана скасавалі, і Андрэй, па сутнасці, застаўся без працы. І тут у Любанскай базавай школе з трэцяй чвэрці адкрывалася вакансія — выкладчыца сышла ў дэкрэтны адпачынак. 

    З  парады раённага аддзела адукацыі Павук і паехаў у вёску, каб пазнаёміцца са школай і ўладкавацца на часовую працу настаўнікам біялогіі і хіміі. Але варта было Андрэю ад’ехаць з Любані, як услед за ім у аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама паляцеў  ліст бацькоў школьнікаў, у ліку якіх і старшыня сельскага савета Кароль:

    “Улічваючы тое, што на працу накіроўваюць Павука Андрэя Уладзіміравіча, у якога няма досведу навучання дзяцей, і ў сувязі з тым, што мы начуліся пра яго “дзейнасць”, пераканаўча просім дадзенага настаўніка да нас не накіроўваць”.

    Ліст прымусіў Андрэя Павука зноў выправіцца ў Любань, каб  даведацца, якую такую “дзейнасць” мела на ўвазе Тамара Кароль ды іншыя падпісанты. Там і высветлілася, што Алена Новікава, маці аднаго з сямікласнікаў, ліст не толькі не падпісвала, але і ведаць не ведала пра яго.

    Цікаўнасць блогера да сваёй “характарыстыкі” міліцыя цяпер выдае за  хуліганства. Адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 17.1 Акцябрскі раённы суд мае разглядаць у лютым.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці