Суд у Брэсце ізноў аштрафаваў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву “за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі”
Новая справа ў дачыненні сябраў ГА “БАЖ”, журналістаў-фрылансераў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай слухалася ў судзе Брэсцкага раёна, пры гэтым рашэнне старшыня суда Сяргей Маручэк прыняў з трэцяй спробы і без удзелу саміх журналістаў.
Раней суддзя двойчы вяртаў складзены супрацоўнікамі Брэсцкага РАУС Сяргеем Максімовічам і Андрэем Грыгаруком адміністрацыйныя пратаколы на дапрацоўку. У выніку Ляўчука і Харытонаву абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і пакаралі штрафам на 50 базавых велічынь (1275 рублёў) кожнага.
Падставай для пакарання стаў відэасюжэт, падрыхтаваны для тэлеканала “Белсат”, у якім распавядалася пра праблемы жыхароў вёскі Велюнь Брэсцкага раёна.
Пра рашэнне суда, прынятае 18 красавіка, журналісты даведаліся з паведамлення па электроннай пошце, бо не бяруць удзел у судовых працэсах, паколькі лічаць іх палітычна матываванымі.
Таксама на мінулым тыдні Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста, паводле якога журналісты мусяць сплаціць штраф агулам на 3060 рублёў за сюжэты для тэлеканала “Белсат”, знятыя сёлета ў студзені.
У 2018 годзе адміністрацыйныя справы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Ляўчука і Харытонавай паводле артыкула 22.9 КаАП разглядаліся шэсць разоў, а з пачатку гэтага года — ужо пяць.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА