Суд прыпыніў разгляд адміністрацыйнай справы “Вечернего Могилева”
Суд Ленінскага раёнаМагілёва 11 ліпеня прыпыніў разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні газеты “Вечерний Могилёв”за распаўсюд інфармацыі экстрэмісцкага зместу. Суддзя Аляксандр Бушкевіч прыняў рашэнне пачакаць выніку разгляду скаргі газеты на рашэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.
Нагадаем, заяву ў суд з патрабаваннем прызнаць дзве публікацыі ў газеце “Вечерний Могилёв” экстрэмісцкімі накіраваў Ленінскі РАУС Магілёва.
Падставай для звароту ў суд сталазаключэннекамісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Паўла Лёгкага (ад 5 красавіка 2019 года №174). Згодна гэтага заключэння, два артыкулы, апублікаваныя ў газеце “Вечерний Могилёв” і на сайце выдання ў 2015–2016 гадах пад загалоўкамі “У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?” і “Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны” прызнаныя экстрэмісцкімі.
Разгляд адміністрацыйнай справы газеты «Вечерний Могилев» паводле арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць) распачаўся 8 ліпеня. У ходзе слухання прадстаўнік газеты ў судзе Станіслаў Леўчанка паведаміў, што выданне накіравала скаргу на рашэнне экспертнай камісіі ў Эканамічны суд Мінска, суддзя Бушкевіч абвясціў перапынак у працэсе да 11 ліпеня, каб пераканацца ў гэтым.
11 ліпеня напачатку пасяджэння суддзя Аляксандр Бушкевіч пацвердзіў, што такая скарга сапраўды накіраваная, і абвясціў пра прыпыненне вытворчасці па справе“Вечернего Могилёва” да таго часу, пакуль сваё рашэнне не вынесе Эканамічны суд Мінска.
У выступе ў судзе юрыст газеты “Вечерний Могилёв” Станіслаў Леўчанка дапоўніў сваё папярэдняе хадайніцтва на працэсе. У прыватнасці, ён адзначыў, што “заключэнні экспертаў некампетэнтныя”, а “патрабаванні Ленінскага РАУС з’яўляюцца незаконнымі”. Таксама ён шмат разважаў пра “педэрастаў”, “педафілаў” і “мужаложцаў”.
Падчас перапынку ў судовым пасяджэнні адзін з прыхільнікаў “Вечернего Могилёва” запрасіў прысутных пасля суда пачаць сабіраць подпісы ў падтрымку газеты на імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, каб спыніць “прасоўванне педэрастыі ў Магілёве”.
Таксама адзначым, што, не чакаючы рашэння суда, “Вечерний Могилёв” прыбраў з сайта два матэрыялы: “Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны” і “У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў”. Менавіта іх экспертная камісія прызнала экстрэмісцкімі.