• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газету “Вечерний Могилёв” будуць судзіць за экстрэмізм

    Прадстаўнікі газеты напісалі ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, што ім 28 чэрвеня прыйшоў ліст з суда Ленінскага раёна Магілёва, у якім гаворыцца, што часова выконваючы абавязкі начальніка Ленінскага РАУС Яўген Любінін папрасіў прызнаць два матэрыялы газеты “Вечерний Могилёв” экстрэмісцкімі.

    Допіс суправаджаецца ілюстрацыяй у стылі выдання.

    Раней, 25 чэрвеня 2019 года, рэдакцыя газеты атрымала экспертнае заключэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму (ад 5 красавіка 2019 года №174).

    Паводле дадзенага заключэння за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Паўла Лёгкага, два артыкулы, апублікаваныя ў газеце “Вечерний Могилёв” і на сайце ў 2015–2016 гадах пад назвай “У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?” і “Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны” прызнаныя экстрэмісцкімі.

    Рэдакцыя выдання лічыць, што стала ахвярай барацьбы з «ідэалогіяй садаміі»:

    «Цягам шэрагу апошніх гадоў рэдакцыя газеты «Вечерний Могилёв» адстойвала хрысціянскія каштоўнасці, аказваючы інфармацыйнае супрацьдзеянне ідэалогіі садаміі, якая абрынулася на беларускую зямлю. На жаль, барацьба апынулася няроўнай. У прыхільнікаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі апынуліся магутныя заступнікі ва ўладных структурах».

    Рэдакцыя “Вечернего Могилёва” просіць сваіх чытачоў аказаць ёй дапамогу для аплаты штрафу:

    “Разумеючы бесперспектыўнасць судовых разглядаў ва ўмовах палітычнай замовы, якая паступіла з боку “блакітнага лобі”, мы просім усіх тых, каму неабыякавы лёс газеты «Вечерний Могилёв», якая разам з праваслаўнай царквой, вернікамі іншых канфесій, ды і проста маральна здаровымі грамадзянамі нашай краіны спрабуе не дапусціць ператварэнне Беларусі ў Садому і Гамору, аказаць спонсарскую дапамогу для выплаты адміністрацыйнага штрафу, які будзе накладзены на нашае выданне па арт. 17.11 КаАП”, – гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

    Паводле “Магілёўскай вясны”, разгляд справы аб экстрэмісцкіх матэрыялах у газеце «Вечерний Могилёв» прызначаны на 8 ліпеня ў 15:30. Весці працэс будзе суддзя Аляксандр Бушкевіч.

    Газета «Вячэрні Магілёў» неаднаразова трапляла ў скандалы ў сувязі са сваімі публікацыямі, скіраванымі супраць прадстаўнікоў ЛГБТ.

    «Вечерний Могилёв» выдаецца з 1992 года, газета выходзіць два разы на тыдзень. Галоўны рэдактар выдання — Надзея Леўчанка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці