• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Распачаўся суд над Ігарам Карнеем — яго судзяць за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні

    Судовы працэс распачаўся а 10‑й раніцы ў Мінскім гарадскім судзе. Справу Ігара Карнея разбірае суддзя Сяргей Кацэр. Журналіста вінавацяць паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтамі здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці).

    Ігар Карней у судзе. 19 сакавіка 2024 года. Скрыншот відэа СТВ

    Санкцыя па гэтым артыкуле — абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

    Пад вартай Ігар Карней знаходзіцца ўжо 8 месяцаў.

    Яго затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года — як было абвешчана сваякам, на 10 сутак. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі, а журналіста адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

    Праваабаронцы зрабілі выснову, што Карней затрыманы ў межах крымінальнай справы, і таму праз 10 дзён яго мусяць альбо вызваліць, альбо высунуць абвінавачанне. Па сканчэнні гэтага тэрміну на волю Ігар Карней не выйшаў, з ІЧУ яго перавялі ў мінскі СІЗА № 1, дзе трымаюць пад вартай дагэтуль.

    Карней Ігар

    Ігар Карней працаваў ў журналістыцы са студэнцкіх гадоў. Напрыканцы 80‑х  разам з сябрамі і аднадумцамі ён стварыў у Оршы моладзевую незалежную газету «Лидер». Таксама друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда», з 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам штотыднёвіка «Свободные новости». У 2000 годзе прыйшоў на «Радыё Свабода». Вядома, што 15 лістапада 2020 года Ігара Карнея затрымлівалі падчас аднаго з мірных маршаў у Мінску. Тады яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне.

    У апошнія гады Карней працаваў як журналіст-фрылансер. У праватнасці, пісаў для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел». Да гэтых мясцінаў ён мае асаблівы сантымент, бо нарадзіўся недалёк ад Крэва. Апрача краязнаўства, Ігар мае яшчэ адно захапленне — падарожжы. Разам з сям’ёй ен наведаў шмат розных мясцін — ад паездак па Беларусі да самых экзатычных кропак Лацінскай Амерыкі ці Азіі.

    1 студзеня 2024 года Ігару Карнею споўнілася 56 гадоў. Гэтую дату ён сустрэў ужо за кратамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці