Суд Ленінскага раёна Брэста пакараў блогераў Сяргея Пятрухіна і Змітра Гарбунова 15 суткамі арышту
Суд Ленінскага раёна Брэста 14 сакавіка пакараў блогераў Сяргея Пятрухіна і Змітра Гарбунова 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Суддзі на двух працэсах забаранілі фота-відэаздымку, гукавы і відэа-анлайн.
Суддзя Аляксандр Семянчук разгледзеў справу Сяргея Пятрухіна без яго ўдзелу па заяве блогера — ён выехаў у камандзіроўку за мяжу і таму не змог з’явіцца на пасяджэнне. Такім чынам Пятрухіна завочна асудзілі на 15 сутак за «заклікі выйсці на масавыя мерапрыемствы». Сведкамі былі пяць міліцыянтаў. Двое з іх расказалі пра тое, што чулі «заклікі» ў Пінску на акцыі, якую асвятляў блогер. Астатнія сведчылі пра тое, што бачылі заклікі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».
Суд над Гарбуновым працягваўся больш гадзіны. У выніку тыя ж самыя 15 сутак прысудзіў блогеру суддзя Ленінскага райсуда Брэста Святаслаў Каліна. Сведкамі выступілі два міліцыянты.