Справу затрыманага 9 жніўня Змітра Казакевіча накіравалі на новы разгляд
У Віцебскім абласным судзе журналіст Зміцер Казакевіч абскардзіў пастанову суда Першамайскага раёна, паводле якой яго пакаралі 10 суткамі арышту.
Суддзя абласнога суда Святлана Іванова 18 жніўня адмяніла пастанову суда першай інстанцыі і накіравала справу Змітра Казакевіча на новы разгляд, хаця той прасіў скасаваць яе ўвогуле.
Журналіста судзілі ў ізалятары часовага ўтрымання 12 жніўня, тады суддзя Міхаіл Юрчанка палічыў яго ўдзельнікам несанкцыянаваных пратэстных акцый, якія адбываліся ў Віцебску 9 жніўня. Зміцер Казакевіч даводзіў суддзі, што, знаходзячыся на плошчы Перамогі, выконваў свае прафесійныя абавязкі
Увечары 9 жніўня — у асноўны дзень выбараў прэзідэнта — АМАП жорстка разагнаў удзельнікаў мірнай акцыі, якія прыйшлі на цэнтральную плошчу горада выказаць нязгоду з папярэднімі вынікамі галасавання. Сілавікі хапалі людзей і заганялі ў аўтазакі.
Журналіста затрымалі разам з пратэстоўцамі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да яго завялі адміністрацыйную справу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). У чаканні суда Казакевіч правёў за кратамі тры дні, выязны суд Першамайскага раёна прызнаў яго вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту. 5 сутак журналіст адбыў, а потым яго адпусцілі з умовай, што “даседжваць” тэрмін арышту ён з’явіцца па першым патрабаванні міліцыі.