• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Советская Белоруссия» раскрытыкавала палітыку БелТА: ці даваць інфармацыю «апазыцыйным сайтам»?

    На сайце дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия» 16 жніўня зьявіўся чарговы тэкст з крытыкай незалежных СМІ. Днём раней там разважалі аб тым, што Tut.by гэта нібы і не журналісты, цяпер у — аб тым, што «на ўсіх апазыцыйных сайтах тая самая БелТА, толькі перагорнутая з ног на галаву».

    За што крытыкуюць

    Аўтар, падпісаны як Віктар Андрэеў, крытыкуе ня сутнасьць «справы БелТА», а палітыку самаго інфармагенцтва БелТА ў прадстаўленьні кантэнту іншым выданьням. Дакладней, крытыкуюцца «апазыцыйныя сайты», якія карыстаюцца гэтай палітыкай: аўтар прапануе абавязаць карыстальнікаў БелТА не цытаваць выданьне, а рабіць толькі рэпублікацыю матэрыялаў у нязьменным выглядзе, у тым ліку не мяняць загаловак матэрыялу.

    Абвінавачваньні журналістаў Tut.by, БелаПАН і іншых тычыліся таго, што асобныя супрацоўнікі карысталіся чужымі паролямі, каб прайсьці да платнай падпіскі на навіны (дзе, як сьцьвярджаецца, тэксты зьяўляюцца на 15 хвілінаў раней, чым у адкрытым доступе).

    Ілюстрацыйнае фота
    Ілюстрацыйнае фота

    Ды супрацоўнікі выданьняў заяўляюць, што навіны БелТА на іхныя сайты выстаўляліся толькі пасьля таго, як зьяўляліся ў адкрытым доступе на сайце Belta.by. Хоць абвінавачваньні кваліфікаваныя паводле «хакерскага» артыкулу Крымінальнага кодэксу, шэраг беларускіх экспэртаў заяўляў, што ў справе няма складу «хакерскага» злачынства, бо сыстэмы БелТА ня ўзломваліся.

    Аўтар «СБ» прапануе «зафіксаваць правілы выкарыстаньня» матэрыялаў БелТА, ня згадваючы, што гэтыя правілы даўно зафіксаваныя

    Той сайт дазваляе выкарыстоўваць свае матэрыялы каму заўгодна пры ўмове наяўнасьці актыўнай спасылкі на БелТА. Аўтар «СБ» прапануе «зафіксаваць правілы выкарыстаньня» матэрыялаў БелТА, ня згадваючы, што гэтыя правілы даўно зафіксаваныя, умовы пра капіяваньне са спасылкай дадаюцца аўтаматычна да любога тэксту, скапіяванага з сайту.

    «Советская Белоруссия» заявіла, што Tut.by — не журналісты

    Падобныя ўмовы аб «выкарыстаньні са спасылкай» мае шмат сайтаў па ўсім сьвеце — у тым ліку Tut.by або Радыё Свабода. Іншыя выданьні строга забараняюць выкарыстаньне іхных матэрыялаў без папярэдняга дазволу — прасіць дазвол трэба, напрыклад, у Onliner.by або Citydog.by. Сама «Советская Белоруссия» забараняе цалкам перадрукоўваць свае матэрыялы, але дазваляе частковае цытаваньне пры наяўнасьці спасылкі.

    Сама БелТА парушае ўмовы выкарыстаньня прынамсі фота іншых выданьняў. Парушаюцца і правілы выкарыстаньня тэкстаў (так гэта ці не, невядома): вельмі часта БелТА спасылаецца на абстрактныя «СМІ» або «інфармагенцтвы», не называе крыніцу інфармацыі, хоць цалкам верагодна, што бярэ інфармацыю і з тых крыніцаў, якія патрабуюць спасылкі на іх. На гэтым БелТА «злавілі» выданьні «Медиа-Полесье» і Ex-press.by.

    Як крытыкуюць

    Паводле тэксту Віктара Андрэева, гэта кепска, што іншыя выданьні карыстаюцца тэкстамі дзяржаўнага інфармагенцтва. Маўляў, «гаворка тут ідзе ўжо ня проста аб атрыманьні праглядаў ад чужога кантэнту, але і „вызваленьні“ рук для інтэрвію, расьсьледаваньняў і іншых смажаных фарматаў». Праз гэта, паводле аўтара, «у многіх электронных рэдакцыяў адсутнічае апэратыўная журналістыка як такая».

    Ён прапануе задумацца над тым, «наколькі этычна пастаўляць эксклюзіўную інфармацыю апазыцыйным сайтам, якія пасьля выкарыстоўваюць яе супраць дзяржавы, сказіўшы зыходны матэрыял».

    Артыкул, апублікаваны на сайце «Советской Белоруссии» падчас масавых затрыманьняў у Менску на Дзень Волі ў 2017 годзе
    Артыкул, апублікаваны на сайце «Советской Белоруссии» падчас масавых затрыманьняў у Менску на Дзень Волі ў 2017 годзе

    У тэксьце заяўляецца, што Tut.by «сфармаваўся як навінавы агрэгатар» (напраўду партал як перадрукоўвае чужыя навіны са спасылкай на першакрыніцу, так і робіць уласныя рэпартажы, расьсьледаваньні, відэа і іншы кантэнт). Аўтар «СБ» заяўляе, што нібыта «асноўным ідэолягам» Tut.by выступае жонка заснавальніка парталу Юрыя Зісера, пісьменьніца і культуроляг Юлія Чарняўская, а выканаўца ейнай волі — галоўная рэдактарка Марына Золатава, якая «пачынала як журналістка апазыцыйнага агенцтва БелаПАН». Паводле «СБ», сам Tut.by «фактычна апошнія гады займаўся мэтанакіраваным піярам напаўжывых апазыцыйных арганізацыяў».

    БелТА ж, як згадвае аўтар, фінансуецца дзяржавай: «выхад на самаакупальнасьць малаімаверны», а функцыя выданьня гэта «не атрыманьне прыбытку, а распаўсюд афіцыйнай інфармацыі», што «якасна вылучае БелТА з шэрагу іншых інтэрнэт-выданьняў».

    Дадаткі зь БелТА, сьцьвярджае ён, «дадаюць СМІ аб’ектыўнасьці, рэспэктабэльнасьці і апэратыўнасьці», у тым ліку тым СМІ, якія займаюцца «цкаваньнем незаўгодных, дэзінфармацыяй, піярам фіктыўных лідэраў думак, спрэчнай гістарычнай тэматыкай».

    «Багацьце донарскіх грошай і абмежаванае кола пастаўшчыкоў кантэнту прывялі да таго, што на ўсіх апазыцыйных сайтах разьмешчаная практычна аднолькавая навінавая стужка, — робіць выснову аўтар „СБ“. — Часьцяком гэта тая ж БелТА, толькі перавернутая з ног на галаву. Відавочна, што гэта праблема і яна патрабуе сыстэмнага рашэньня».

    Што на гэты конт пісалі незалежныя СМІ

    Раней прадстаўнікі шэрагу незалежных СМІ выказваліся аб працы БелТА — якраз аб тым, што ім даводзіцца карыстацца матэрыяламі дзяржаўнага інфармагенцтва праз тое, што іх саміх не дапускаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, ім не даюць камэнтары чыноўнікі.

    У прыватнасьці, намесьнік галоўнага рэдактара Tut.by Аляксандар Заяц пісаў, што дзяржаўныя выданьні «ў некаторых сэгмэнтах ёсьць манапалістам» — у «прэзыдэнцкім пуле», Доме ўраду, міністэрствах… Ён сьцьвярджае, што «бывала нямала выпадкаў», калі пытаньне міністэрствам высылаў Tut.by, а адказ зьяўляўся на БелТА. Таксама ён адзначае, што шматлікія паведамленьні прэс-службаў дзяржаўных установаў і ўраду зьяўляюцца копіяй навінаў БелТА, толькі выходзяць пасьля тых навінаў і без спасылкі на крыніцу.

    Падобныя заўвагі пісалі і іншыя журналісты — яшчэ да артыкулу «Советской Белоруссии».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці