Слаўгарадскі суд разгледзіць справу аб экстрэмізме 30 чэрвеня
У судзе Слаўгарадскага раёна 30 чэрвеня адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы ў адносінах да мясцовай грамадскай актывісткі Анжалікі Калатазішвілі. Пачатак судовага пасяджэння запланы а 15-й гадзіне.
Жанчына абвінавачваецца ў парушэнні па ч.2 арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь — распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.
Пакаранне па гэтаму артыкулу КаАП прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў.
Супрацоўнікі Слаўгарадскага РАУС 19 чэрвеня склалі на Анжаліку Калатазішвілі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Нагодаю стала тое, што 25 кастрычніка 2019 года жанчына размясціла ў сваёй стужцы ў «Одноклассниках» фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Рэпост быў зроблены ў кастрычніку 2019 года, а экстрэмісцкім фільм NEXTA быў прызнаны толькі ў снежні 2019 года.
Анжаліка Калатазішвілі — вядомая слаўгарадская актывістка. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы.