• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сітуацыю з фільмам Delfi пракаментаваў старшыня Саюза журналістаў Літвы

    Больш за месяц таму літоўскае медыя Delfi размясціла ў YouTube фільм пра беларускія пратэсты, які выклікаў негатыўны рэзананс. Сітуацыя не забылася і зноў абмяркоўвалася ў Вільні падчас круглага стала, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў і журналісцкай арганізацыяй Mixer (Польшча).

    Нагадаў пра скандальны выпадак журналіст Радыё «Свабода» Алесь Пілецкі, які сфармуляваў пытанне так: «Ці разумеюць літоўскія журналісты адказнасць?».

    На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, маштаб дыскусіі на гэтую тэму ў беларускай інфармацыйнай прасторы і ў Літве нельга параўноўваць.

    Для літоўскіх СМІ рэзананс не быў такім вялікім. Тым больш, што з’явілася шмат іншых нагод: размяшчэнне ў РБ ядзернай зброі, прыбыццё «вагнераўцаў», магчымае закрыццё межаў.

    — Калі пачалася вайна ва Украіне, тэма Беларусі стала вельмі складанай, — адзначыў старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, якому, дарэчы, і было адрасаванае пытанне. — Ёсць групоўка, якая патрабуе пабудаваць вялікую сцяну на мяжы. Аднак пакуль дамінуе іншы падыход.

    Паводле яго слоў, беларуская тэма асвятляецца ў літоўскіх медыя «выпадкамі, і атрымліваецца не заўсёды якасна». Часам не хапае аналітычнага складніка, інфармацыйныя нагоды падаюцца без пагружэння ў кантэкст.

    На заўвагу, што суразмоўца не даў прамога адказу на пытанне, той зрабіў акцэнт: сітуацыя можа быць вырашаная з дапамогай камісіі па этыцы (афіцыйна яна называецца Служба інспектара па журналісцкай этыцы), якая мае шырокія паўнамоцтвы ў Літве. Але ці звяртаўся туды хто-небудзь? Станоўчага адказу не прагучала.

    Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі паведаміў, што меў камунікацыю з прадстаўнікамі Delfi. Іх пазіцыя добра вядомая з самага пачатку сітуацыі: літоўскія журналісты лічаць, што стандарты не парушаныя.

    Разам з тым падчас дыскусіі не згадвалася, што відэа было прапанаванае літоўскаму медыя беларускім журналістам і дакументалістам Мікалаем Мамінавым, які не мог не разумець рызыку размяшчэння незаблюраных кадраў.

    Чытайце яшчэ:

    Публікацыя фільма пра пратэсты выклікала гучны рэзананс. Прычына — у бяспецы. Што кажуць аўтар і медыя?

    В Беларуси перестал открываться популярный литовский сайт Delfi

    Чым небяспечны фільм пра беларускі пратэст, у якім не схаваныя твары ўдзельнікаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці