Што пісала прэса 100 гадоў таму пра абвяшчэнне БНР?
Сёння можна выбраць медыя па ўласным густу, можа – беларускае, можна – замежнае, і даведвацца пра ўсё на свеце. У нашых продкаў вялікай раскошы не было. «Новы Час» пагартаў пажоўклыя старонкі беларускіх газет перыяду абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Што яны пісалі пра Дзень Волі?
Газэта «Гоман» у 1918 годзе пад №222 ад 29 сакавіка
Гэта было выдатнае нацыянальнае выданьне, першым рэдактарам якой зьяўляўся Вацлаў Ластоўскі.
Як і заўжды, газэта пачыналася з навінаў з фронту. Але пасьля ішла гістарычная навіна:
“Тэлеграма Гертлінгу ад Беларускага Народнага Сакратарыяту.
Старшыня выканаўчага камітэту Рады І Усебеларускага зьезду і часовы старшыня народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі адбіў нямецкаму канцлеру Гертлінгу наступную тэлеграму:
“Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага зьезду, як часовы заканадаўчы орган, і народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, азнаёміўся зь нямецкіх газэтаў з праэктам кіраўнічых партыяў большасьці рэйхстагу аб уступцы Польшчы беларускіх земляў – гэтым маюць гонар заявіць вам, што падобны акт парушыў бы самыя жыцьцёвыя інтарэсы беларускага народу і значнай большасьці нацыянальных меншасьцяў Беларусі і было б палічана народнымі масамі, як цяжкая зьнявага.
Прызнанае цяпер усім культурным сьветам права на самаазначэньне народаў патрабуе, каб толькі само насельніцтва Беларусі, шляхам вольнага народнага галасаваньня, вырашала пытаньне аб сваёй дзяржаўнай прыналежнасьці.
Просім пазволіць нашым дэлегатам неўзабаве прыехаць да Бэрліну дзеля працы ў вырашэньні пытаньняў, датычных беларускіх зямель”.
Газэта «Беларускі Шлях» у 1918 годзе пад №3–6 ад 26–29 сакавіка
Гэтая газэта была штодзённым выданьнем, галоўным рэдактарам якой быў паэт Алесь Гарун.
26 сакавіка 1918 газэта пісала:
“На Беларускім шляху. З пасядзэньня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 24 сакавіка.
Пасядзэньня адкрылася заяваю старшыні І. Серады аб прысутнасьці на пасядзэньні дэлегатаў Віленскай Беларускай Рады паноў А. Луцкевіча, І. Луцкевіча, Я. Станкевіча, і Г. Туркевіча.
Рада прывітала гасьцей вопляскамі. Пасьля таварыш Старшыні Я. Варонка сказаў прамову аб значэньні Вільні ў гісторыі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня і заслугах перад ім некаторых з прысутных дэлегатаў Віленскай Рады.
“Беларусы! – закончыў прамову п. Варонка – сёньня маем Вялікдзень, сёньня зноў духоўна яб’ядналіся Вільня і Менск, душа і цела, сёньня беларус уваскрос!”
Пасьля гэтага Рада ўставаньнем аддала пашану памяці вядомай беларускай пісьменьніцы, культурнага і палітычнага дзеяча – Цёткі – Пашкевіч.
Далей у парадку дзённым стаяла прапазыцыя БСГ разглядзець праэкт аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прапазыцыя выклікаўшы пратэст адной часьці Рады, была прынятая большасьцю галасоў.
Нарада над гэтым пытаньнем цягнулася 10 гадзін. З абоіх бакоў выступіла 26 прамоўцаў.
Пры наэлектразаваным паветры была прынята пераважнай колькасьцю галасоў пастанова пададзеная “незалежнікамі”: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі аб’яўляе Рэспубліку незалежнаю і аб гэтым выдае стасоўную Ўстаўную Грамату”.
Газэта «Наша Думка» ў 1921 годзе пад №11 ад 18 сакавіка
Выданьне пад рэдактарствам Максіма Гарэцкага штотыдзень з Вільні распавядала сьвежыя навіны беларусам.
“25 сакавіка будзе тры гады з часу абвешчаньня Беларусі незалежнай рэспублікаю.
Па местах, мястэчках і весях, удаму і на чужыне рыхтуйцеся к вялікаму сьвяту».
Часопіс «Наш Шлях» у 1922 годзе пад №1 у сакавіку
Часопіс выходзіў у Вільні пад рэдактарствам Браніслава Туронка. Гэта быў грамадзка-палітычны і літаратурны часопіс.
Вялікім прыгожым артыкулам “Вялікае Сьвята” выдаўцы адзначылі чацьвертыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.
“У жыцьці кожнага народу бываюць мамэнты, калі яго найглыбешыя, найгарачэйшыя жаданьні знаходзіць яркае рэальнае выяўленьне. А што ж можа быць больш гарачым, больш глыбокім, як жаданьне Волі?!
Бывала, што ў працягу доўгіх гадоў паняволены чужаземнаю ўладаю народ як-быццам заміраў у стане рабскага паніжэньня. Але лепшыя сыны яго ніколі не згаджаліся з існаваўшым палажэньнем: веліччу Духа свайго перарастаючы путы няволі, яны ахвярным жыцьцём і сьмерцяй мучанікаў будзілі прыспаныя сэрцы сваіх братоў. І ўсё шырэй і шэрэй навакола іх пачыналі ў тон з іхнымі біцца сэрцы народу, — ажно прабівала гадзіна, каб раб скідаў адвечныя путы і ставаўся вольным чалавекам.
І Народ Беларускі перажыў усё гэта. І ён вякі цэлыя жыў пад уладаю прыблудаў-чужакоў, што на сьлёзах і муках яго будавалі гмах свайго шчасьця. Шалёныя! Яны не разумелі, не прадчувалі нават, што пад шэрай сьвіткай маўклівага і пакорнага долі сваёй Беларуса-прыгоньніка бьецца гарачае сэрца чалавека!
Ажно і для нас настаў такі вялікі мамэнт, калі жаданьне Волі не магло больш зьдзяржацца ў грудзёх мільёнаў. Народ збудзіўся, ўскалануўся. На вялікі сход пацягнуліся з усіх канцоў Зямлі Беларускае паслы народныя — зь вялікім словам.
А слова тое было: Воля. А сход той адбыўся ў адвечным месьце беларускім, старым Менску. А дзеялася гэта ў сьнежні месяцы тысяча дзевяцьсот сямнаццатага году.
Усебеларускі Зьезд. Тысячы народных выбранцаў. Шэрыя сьвіткі сялян, бравэркі работнікаў, чорныя сурдуты інтэлігентаў, салдацкія шынэлі. І ў усіх на вуснах адно слова, кліч-наказ стуль, з дому:
— Каб мы былі гаспадарамі на нашай Зямлі!
Дзень 25 сакавіка 1918 года прыносіць найярчэйшае, найпаўнейшае выяўленьне гэтае сьвядомасьці народу беларускага. Выбранцы народу ў Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі ад імя ўсяе Беларусі цьвёрды і галосна на ўсенькі сьвет заявілі:
“Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнае залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэпубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай”.
Многа з таго часу вады ўцякло… новая ваенная завіруха разбушавалася на зямлі Беларускай. Адзін за адным зьмяніліся ў нас валадары-чужынцы. Ды дарэмна ўсё гэта! Няхай яшчэ многа год зьдзекуецца над намі чужынец, няхай верыць у сілу свайго жалезнага кулага, няхай топча сваімі салдацкімі ботамі ўсе Боскія і людзкія правы Беларускага Народу – на жыцьцё і волю! Мы ня верым у вечнасьць яго панаваньня!
Мо йшчэ многа гора і сьлёз пабачым мы на сваім вяку. Мо ня раз, змучаныя зьдзекам і уціскам чужацкае ўлады, будуць бязсільна апускацца нашы рукі. Але ніколі ня згасьне перад нашымі вачыма сьветлая пуцяводная зорка – той вялікі ідэал, які выражаецца гэтымі двума словамі: Незалежнасьць Бацькаўшчыны.
І раней ці пазьней гэтыя словы абернуцца ў справу”.