Што думаюць гродзенскія фрылансеры пра дыялог з уладай?
Гродзенскія журналісты-фрылансеры, якіх неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 22.9 КаАП, кажуць, што не асабліва спадзяюцца на станоўчыя змены пасля звароту ГА “БАЖ” у Адміністрацыю прэзідэнта.
Кіраўніцтва арганізацыі прасіла дзяржслужбоўцаў праясніць і выправіць сітуацыю з новай хваляй пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ.
Сітуацыю каментуе гродзенскі журналіст Алесь Дзянісаў:
– Я разумею пазіцыю БАЖ – арганізацыя павінная ісці “да апошняга”. І Адміністрацыя прэзідэнта, можна сказаць, – апошняя інстанцыя. Прадстаўнікі БАЖ маюць фармальную падставу, бо Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі абяцаў разабрацца з праблемай, і я так разумею, што журналісцкая арганізацыя вырашыла атрымаць канкрэтны адказ ад першакрыніцы. Бо на прыкладзе двух незалежных журналістаў з Гомеля мы бачым, што пераслед працягваецца. Ці бачу я сэнс ў такім звароце? Калі шчыра – не. І тут справа не ў інстанцыі. Не кожны загад пра пераслед ідзе канкрэтна “зверху”. Сама сістэма працуе на тое, каб перастрахавацца. Зробіш менш – скажуць, што недаглядзеў. А людзі хочуць далей атрымліваць пенсіі, прэміі, новыя пагоны, новыя лычкі і новыя медалі…
Іншы гродзенец, журналіст Алесь Кіркевіч спадзяецца, што маналог ператворыцца ў дыялог:
– Кожны раз ёсць пэўныя надзеі. Але разлічваць на гэта, прыстасоўваючы свае жыццёвыя планы пад заявы тыпу “ўсё будзе добра” – думаю, не варта.
Журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча на працягу 2014–2015 гадоў некалькі разоў прыцягвалі да адказнасці за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Іх сюжэты тычыліся ў асноўным культурніцкіх падзей, што адбываліся ў Гродне.