• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Двух гродзенскіх журналістаў аштрафавалі

    19 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых велічыняў (па 4,5 млн рублёў). 

    Нагодай для завядзення справы, нагадаем, стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

    Журналістаў абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”, а менавіта – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

    Судовы разгляд распачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя вырашыў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хаця самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведак – мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.

    2015-baj-freelancers-sud

    Алесь Дзянісаў у судзе 19 жніўня

    Каментуе Алесь Дзянісаў:

    – Суд, канешне, мог даць 30 базавых, а мог і 50 адразу “ўламіць”. Я думаю, што яны вырашылі паступова падымацца ў коштах. Мінулы прысуд быў 20 базавых, гэтым разам – 25… У гэтай сітуацыі самае складанае для мяне – тое, што ўлада “перакрывае кісларод”. На дадзены момант я ўжо не магу здымаць у гісторыка-археалагічным музеі, я не магу здымаць у музеі рэлігіі, я не магу здымаць у лялечным тэатры, зараз дадалася і выставачная зала на вуліцы Ажэшкі…

    2015-baj-freelancers-sud

    Алесь Дзянісаў і Уладзімір Хільмановіч

    Гродзенскі праабаронца Уладзімір Хільмановіч таксама пракаментаваў рашэнне суда:

    – Выглядае так, што кіраўнік дзяржавы не разабраўся са справамі журналістаў фрылансераў, альбо гэта былі проста словы, кінутыя пад час прэсавай канферэнцыі. А юрыдычна ўся сітуацыя выглядае абсалютна абсурдна. Дастаткова адкрыць адміністрацыйны кодэкс і паглядзець гэты артыкул, паводле якога судзяць журналістаў-фрылансераў: ён прадугледжвае адказнасць юрыдычных асобаў і ніяк не можа прадугледжваць адміністрацыйную адказнасць асобаў фізічных. Таму рашэнне незаконнае, як і незаконныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава.

    Агульная сума штрафаў журналістам па арт. 22.9 ч.2 КаАП за 2015 год складае ўжо больш за 146 мільёнаў рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці