«Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт
8 ліпеня 2021 года сілавікі забралі з дому галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Пасля гэтага на волі ён апынуўся толькі праз два гады. На сваёй старонцы ў фэйсбуку спадар Марціновіч пакрокава ўзгадаў той дзень.
— Што тады адбывалася і як гэта адчувалася знутры, з кабіны пікіруючага самалёта?
Я памятаю сваю першую думку ў той дзень. «О, у дзверы ніхто не грукаў! Так, што ў нас зараз? Чацвер! Засталося пратрымацца пятніцу, а на выходных не арыштоўваюць. Змагу з’ездзіць у Бешанковіцкі і Гарадоцкі раёны, крута!» Прыблізна з такім пазітыўным настроем і выйшаў з кватэры — выгуляць Альму.
Каля суседняга пад’езда я перыферыйным позіркам заўважыў хлопца з чорнай павязкай на руцэ, які проста сядзеў на лавачцы. Я спачатку нават не зразумеў, што ў ім было дзіўнага.
Ужо пасля да мяне дайшло — ён нічога не рабіў, нават не тыркаўся ў мабільніку, а проста сядзеў. Нячастая сітуацыя.
Відаць, гэта і быў персанаж, які даў адмашку астатнім пра тое, што я іду. Калі я дайшоў да наступнага пад’езда, падкаціў бус, з якога на хаду павыскоквалі людзі ў чорным, выбілі з рук мабільнік і пацягнулі мяне за сабой. Людзі ў суседнім кафэ ў шоку паўскоквалі з крэслаў, але зразумела, што не маглі ніяк паўплываць на сітуацыю.
Тут ёсць важны момант. У тую секунду я адной рукой трымаў павадок з Альмай, а другой рабіў хады ў адной захапляльнай анлайн-гульні. Таму мабільнік у тую секунду быў разблакаваны. Ім нават не трэба было выбіваць з мяне пароль, дастаткова не даць экрану пагаснуць — і можна тыркацца ў мабільніку бясконца. У мяне не было ў айфоне нічога забароненага ці кампраметуючага, але ясна, што даваць пароль ўсё адно не хацелася б.
І цяпер другая важная акалічнасць. Мне не пашанцавала, што менавіта да мяне адправілі, скажам так, самую ўдарную групу ГУБАЗіКа. Можа, палічылі кіраўніком злачыннай арганізацыі, можа, яшчэ нешта, няважна. Пасля я даведаўся канкрэтыку пра гэтую групу захопу — гэта тыя, хто адзначаўся самымі брутальнымі затрыманнямі і прымяненнем спецсродкаў.
Карацей, варыянт проста адмовіцца назваць пароль з імі не працаваў — іх папярэднія кліенты ўсё ж казалі неабходную інфармацыю, хай і пасля электрашокера. І менавіта гэтую штучку яны дасталі праз некалькі секунд, каб спытаць пароль у мяне. Прычым электрашокер пераводзілі ад мяне да Альмы і назад. Тут разумееш, што калі яны ўсё ж тыкнуць у сабаку, рэакцыя яе арганізма будзе непрадказальная.
І што каму ты пасля дакажаш? Таму пароль ад мабільніка і пароль двухэтапнай аўтэнтыфікацыі тэлеграма даволі хутка аказаліся ў іх.
Усё гэта адбывалася ў бусіку. Мы аб’ехалі дом і стаялі там, чакаючы далейшых інструкцый. Нехта пазваніў губазікам і сказаў, каб менавіта мяне везлі на ператрус у рэдакцыю. Ну што, паехалі. Я на заднім крэсле з апушчанай галавой: «Не выглядвай, ***!», — Альма пад нагамі. Гэта ўсё суправаджаецца адвольнымі тычкамі. Яно не тое што надзвычай балюча, але прыніжальна. Ты разумееш, што ўплываць на сітуацыю не можаш ніяк.
Губазікі забралі ў мяне ключы ад рэдакцыі, самі адчынілі дзверы і пабеглі з шалёнымі крыкамі наперад. Мяне — здаецца, ужо ў кайданках — вялі з сабой, Альму пакінулі ў бусіку. На той момант у рэдакцыі былі Наташа Лубнеўская і Шура Піліповіч-Сушчыц. Дзяўчаты дэманстравалі максімальныя спакой і ўпэўненасць, не рэагавалі на хамскія жарцікі і пагрозы, хоць і не ведалі, ці ёсць нейкае рашэнне па іх — адпускаць ці забіраць на суткі. На шчасце, праз гадзіну-паўтары іх адпусцілі без ніякіх юрыдычных наступстваў, толькі забралі мабільнікі і ноўтбукі.
Падчас ператруса губазікаўцы ўпершыню паказалі дакументы — што ўсё гэта адбываецца ў рамках справы 293 (масавыя беспарадкі) ў адносінах бухгалтаркі «НН» Вольгі Раковіч. А я, маўляў, проста выпадковы чалавек, які міма праходзіў. У мяне нават прамільгнула думка: можа, сапраўды пакінуць у сведках?
Я па-ранейшаму сядзеў у крэсле ў холе, дзяўчаты на суседніх крэслах, а да мяне падносілі знойдзеныя скарбы, каб спытаць, што гэта такое, і вырашыць, ці забіраць з сабой. Агулам губазікі набралі штук 10–15 скрынак з нейкімі дакументамі, выбіраючы іх максімальна адвольна і хаатычна. Захапленне ў іх выклікалі артэфакты, знойдзеныя на сталах супрацоўнікаў. Нацыянальныя сцяжкі, лялька ў турэмнай робе… — нейкія такія дробязі, кожны з іх фоткалі, можа, спатрэбіцца для прапаганды.
На дошцы на сцяне ў рэкламным аддзеле адзін з іх напісаў нешта накшталт «Наша Ніва. RIP» і з рогатам сфоткаў. Пасля ў памыйных каналах з’явіўся допіс пра тое, што нашаніўцы прадчувалі разгром і напісалі гэта самі.
Увогуле, ёсць парады псіхолагаў, што рабіць у стромных сітуацыях, і адна з іх — не правакаваць лішні раз агрэсара. Не супраціўляйцеся, пагаджайцеся, галоўнае, не злуйце яго. У прынцыпе, я неяк так і стараўся рабіць. Адзінае, што не рэагаваў на падказкі кшталту «по-русскі, сука, говорі!». Ну то-бок яны цябе ў гэты момант пхаюць, ты спрабуеш неяк нязграбна ўхіліцца — бо ў кайданках, — пасля як неваляшка вяртаешся ў першасны выгляд, але ўсё ж не ўступаеш у дыскусію пра лёс беларускай мовы. Проста працягваеш адказваць па-беларуску.
Наступныя гады для мяне заставаліся дзве вонкавыя прыкметы таго, што я ўнутрана застаюся свабодным чалавекам. Калі магу размаўляць па-беларуску нягледзячы ні на што і калі магу не стрыгчыся налыса. Прычоска адвалілася праз год, калі ехаў у калонію) Беларуская мова засталася са мной. Ладна, гэта лірыка, вяртаемся да ператрусу.
На тумбачцы губазікі заўважылі бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча. Калега па прыколе прычапіў яму на галаву байцоўскі шлем. І вось калі мы ўжо сабраліся на выхад пасля ператрусу, самы агрэсіўны з губазікаў прыдумаў прыкол. Прымерыў мне гэты шлем і з размаху заляпіў па галаве. Ну што ў такой сітуацыі адказваеш? Нешта накшталт «што вы робіце?» ці «за што?». Пасля першага ўдара я не ўпаў, таму ён паўтарыў яшчэ раз. Тут я палічыў за лепшае заваліцца, чым выклікаў яго непасрэдную радасць. Іншыя губазікі зашыкалі на яго, маўляў, не перастарайся, але ён проста свяціўся ад шчасця. Калі ўжо выходзілі, адзін з іх на секунду вярнуўся і з захапленнем швырнуў бюст Луцкевіча аб падлогу.
Для іх усіх было вельмі цікава паралельна чытаць незалежныя тэлеграм-каналы. «Ха-ха, усе шукаюць толькі тваю сабаку, а на цябе ўсім похер, цябе ўжо ўсе забылі!». Ну ок, слухаю гэтых стэндапераў і не адказваю.
А, каробкі з канфіскаванымі дакументамі ў бус я цягнуў сам. Нават знялі кайданкі, здаецца. «Ты чо, думаў, мы за цябе пацягнем? Давай нясі, ***!»
Наступны прыпынак — ператрус дома. На той момант гэта быў трэці ператрус у кватэры за год… Кожная брыгада нешта выносіць, таму губазікам і забіраць не было чаго — ужо ні флэшак, ні дыскаў, усё даўно ў Следчым камітэце) Але гэты ператрус адрозніваўся ад ранейшых па сваёй, скажам так, танальнасці. Папярэднія разы былі ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і нехта па замове ДФР, і тыя, і тыя з нейкім намёкам на законнасць. А тут губазікі, без ніякіх унутраных стопаў і нават без імітавання працэдуры. Нават зайсці ў пакой, дзе ідзе ператрус, мне было складана — можна атрымаць удар і падказку «*** адсюль, ***!» Любая заўвага выклікала толькі дадатковую агрэсію.
Урэшце мяне вывелі з кватэры і павезлі ў СК. Яшчэ па дарозе самы агрэсіўны з іх паведаміў мне: «Так, сёння ты не даеш паказанняў. Што будзеў рабіць пасля — мне похер, а сёння не даеш!» Тут я падзавіс. Увогуле гэта быў мой план — не даваць паказанні. І тут нашыя інтарэсы падазрона сышліся. «Ясна, ***?» Ну ок, не даю, выключна з павагі да вас. Пасля высветлілася, у чым была логіка губазіка. Яны маюць заданне на дзень — арыштаваць мяне і закінуць на Акрэсціна. У колькі адвезлі, у столькі працоўны дзень і скончыўся. А калі я буду раздаваць інтэрв’ю ў стылі Пратасевіча, то ім давядзецца доўга мяне чакаць. Лепш пабухаць жа, а не сядзець у СК да ночы.
Любы следчы — гэта ўсё ж хоць нейкі прамень адэкватнасці адносна губазікаў. Таму я папрасіў у яго выклікаць хуткую дапамогу. Пасля ўдараў балела галава, і гэта была апошняя магчымасць убачыцца з цывільнымі медыкамі. Бо хто цябе палечыць на Акрэсціна? Плюс калі сапраўды ёсць нейкія праблемы са здароўем, можна ехаць у бальніцу на абследаванне. Урэшце ўсё адно адправяць на Акрэсціна, але павязуць звычайныя міліцыянеры, а не губазікі.
Але выявілася, што не ўсё так проста. Губазікі патлумачылі і мне, і медыкам, што калі трэба ехаць у бальніцу, то ок, можна ехаць. Але ў машыне з губазікамі. І тады, маўляў, я пашкадую пра сваё рашэнне паскардзіцца на іх і затрымаць на палову вечара. І так, з бальніцы на Акрэсціна павязуць мяне таксама яны самі, прычым адназначна сёння — такі загад.
У выніку я падпісаў паперу, што адмаўляюся ад шпіталізацыі. Ці правільным было рашэнне? Я не ведаю. Можа, губазікі бралі на понт і сапраўды ўдалося б адчапіцца ад іх. Ужо не праверыш. Допыт скончыўся амаль адразу — ніякіх паказанняў, натуральна, я даваць не збіраўся, — і мы рушылі на Акрэсціна. Спачатку паўгадзіны пастаялі ў двары СК, і было відаць, што губазікі сапраўды трохі перапалохаліся за маё здароўе. Некаму званілі, адвялі ў цянёк, пасадзілі на бардзюр — маўляў, не стой на нагах, бо дрэнна выглядаеш. Ну, іх клопату хапіла ненадоўга.
У легкавік селі ўпяцярых. Я на задніх крэслах па цэнтры, падціснуўшы галаву да каленяў і трымаючы рукі за патыліцай, яны вакол мяне. На Плошчы Перамогі аўто губазікаў падрэзала нейкую іншую машыну, і той кіроўца паказаў нейкі жэст незадаволенасці. Мой самы агрэсіўны суправаджаючы пачаў раўсці: «Тарань, ***, я яго завалю!» Таму кіроўцу ўдалося некуды збочыць, і ўвагу пераключылася на мяне.
«За каго галасаваў?» — і ўдар. Мой адказ «няправільны», таму зноў удар. «А хто прэзідэнт?» — цяпер мой адказ нібыта правільны з іх пункту гледжання, але ўсё адно ўдар. Пасля яны сталі раўсці на ўвесь салон «Верым-можам-пераможам!», «Света — прэзідэнт!» і яшчэ нешта. Лічылі, што гэта вельмі смешна, а ад мяне патрабавалася гучна скандзіраваць разам з імі. Здаецца, пасля яшчэ хорам спявалі гімн, але ўсё гэта перамяшалася ў галаве.
Я чакаў толькі аднаго — хутчэй дабрацца да Акрэсціна і выдыхнуць. На развітанне мяне сфоткалі па пояс, пасля гэтую фотку паказалі ў «Панараме» — зірніце, жывы-здаровы.
Дзень, які падаваўся бясконцым, нарэшце сканчваўся. Наступныя два гады былі такімі ж несвабоднымі, але хаця б з фізічным гвалтам я больш не сутыкаўся.
Чытайце яшчэ:
Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа
Памерла журналістка «Ганцавіцкага часу» Святлана Малышка
Ціханоўская дамовілася з Microsoft аб працягу падтрымкі незалежных медыя і НДА