Сайт «Рэпарцёраў без межаў» заблакавалі ў Расіі
Раскамнагляд заблакаваў доступ да сайта міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». Прычынай называюць распаўсюд фэйкаў пра вайну Расіі ва Украіне.
Увагу на блакаванне сайту «Рэпарцёраў без межаў» звярнуў праект «Роскомсвобода». Паводле яго, доступ абмежаваны адразу да ўсіх даменаў і паддаменаў. Рашэнне аб блакіроўцы вынес «непазначаны дзяржорган». Выданне мяркуе, што гэта з вялікай доляй верагоднасці Генпракуратура Расіі — у яе паўнамоцтвы ўваходзяць ваенная цэнзура, блакіроўка экстрэмісцкіх і тэрарыстычных матэрыялаў, сайтаў «непажаданых» арганізацый, заклікаў да масавых беспарадкаў і г.д.
Прычынай блакіроўкі сайта «Рэпарцёраў без межаў» стала публікацыя «недакладнай грамадска значнай інфармацыі аб спецыяльнай ваеннай аперацыі», паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу Раскамнагляду:
«Раскамнагляд абмежаваў доступ да гэтага рэсурсу ў адпаведнасці з артыкулам 15/03 федэральнага закона «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і абароне інфармацыі». На сайце было выяўлена распаўсюджванне фейкаў аб спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» была заснаваная ў 1985 годзе ў Манпелье, цэнтральны офіс размяшчаецца ў Парыжы. Мэта арганізацыі — абарона права на свабоду інфармацыі. Яна мае кансультатыўны статус у ААН, ЮНЕСКА і Савеце Еўропы. «Рэпарцёры без межаў» з 2002 году штогод публікуюць на сваім сайце Сусветны індэкс свабоды прэсы.