“Рэпрэсаваная архітэктура” — фільм, які варта глядзець ВІДЭА
Гомелю ў ХХ стагоддзі пашанцавала з галоўным архітэктарам Станіславам Шабунеўскім, дзякуючы якому ў знявечаным савецкай эстэтыкай горадзе дагэтуль прысутнічаюць узоры архітэктуры неакласіцызму, мадэрну, канструктывізму і эклектыкі. А ў ХХІ стагоддзі рэпрэсаванаму дойліду, імя якога на дзесяцігоддзі было выкрэсленае з памяці гараджанаў чэкісцкай мятлой, пашанцавала з папулярызатарамі ягонай спадчыны — журналістамі Марыяй Булавінскай і Сяргеем Ляпіным.
Аўтары стварылі ўнікальны дакументальны фільм-мару пра тое, як выглядаў бы Гомель, каб не варварскія рэканструкцыі і разбурэнні ў гады савецкай улады. Фільм з ёмістай і эмацыйнай назвай “Рэпрэсаваная архітэктура” быў з аншлагам прэзентаваны перад публікай Бабруйска і Гомеля, а потым адкрыты для публічнага прагляду тэлеканалам “Белсат”.
Адразу хочацца павіншаваць супрацоўнікаў і кіраўніцтва гэтага спадарожнікавага тэлеканала з тым, што менавіта пад іх брэндам выйшаў настолькі своечасовы і важны для беларускага грамадства фільм. А для дзяржаўных тэлеканалаў з іх каласальным фінансаваннем і тысячамі супрацоўнікаў стужка “Рэпрэсаваная архітэктура” — гэта майстар-клас па тым, як трэба выконваць сваю працу.
Выхад фільма “Рэпрэсаваная архітэктура” планаваўся ў 2018‑м годзе, калі гомельская грамадскасць адзначала 150-годдзе выбітнага архітэктара. Але, як прызнаюцца аўтары, праца над стужкай настолькі іх захапіла, што яны змаглі дамантаваць фільм толькі ў пачатку 2019 года. Але актуальнасці ад гэтага карціна не страціла.
Наадварот, на фоне эскалацыі вайны ў сферы палітыкі памяці (гларыфікацыя чэкістаў і крыжалом ў Курапатах) наспела неабходнасць у чарговы раз узгадаць славутых беларусаў, якія пацярпелі ў 1930‑я гады ад сталінскіх катаў.
Некалькі біяграфічных даведнікаў і даследчыкаў спадчыны Станіслава Шабунеўскага даводзяць, што пажылы ўжо архітэктар загінуў падчас чарговай ссылкі на “Беламорканал” у 1937 годзе. Без асаблівых падрабязнасцей.
Аднак калі гомельскія гісторыкі звярнуліся ў архівы, размешчаныя на тэрыторыі РФ у пачатку 1990‑х, тыя перанакіравалі запыты ў Мінск, у архіў КДБ БССР, заявіўшы пра адсутнасць матэрыялаў па справе Шабунеўскага. Адпаведна, улічваючы значнасць фігуры Шабунеўскага, ягоны высокі чыноўніцкі ранг, не выключана, што ён знайшоў апошні спачын ў Курапатах пад Мінскам. Але адказ на гэтае пытанне будзе вядомы толькі пасля адкрыцця ўсіх архіваў камуністычных спецслужбаў у Беларусі.
Гомельскія БАЖаўцы прэзентавалі ў Бабруйску фільм пра рэпрэсаванага архітэктара Станіслава Шабунеўскага
Фільм “Рэпрэсаваная архітэктура” — новая прыступка ў кінадакументалістыцы Беларусі апошніх гадоў з пункту гледжання тэхнічнага выканання і аператарскага майстэрства. Надзвычай эфектныя кадры Гомеля з вышыні птушынага палёту забяспечыла праца аператараў дронаў.
Аўтары змаглі далучыць да працы каманду таленавітых 3d-дызайнераў, якія з дапамогай знойдзеных у архівах Вільні і Масквы чарцяжоў аднавілі ў віртуальным выглядзе фасады некалькіх будынкаў Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі, вярнуўшы ім першапачатковы выгляд.
“Я перакананая, праца нашых архітэктараў істотна аблегчыць задачу будучым рэканструктарам, перад якімі будзе пастаўленае заданне вярнуць будынкам першапачатковы выгляд”, — гаворыць Марыя Булавінская.
Падчас публічнай прэзентацыі фільма на курсах “Мова Нанова” ў Гомелі мне ўдалося паназіраць рэакцыю гледачоў на некаторыя драматычныя моманты, калі, напрыклад, ажывалі вобразы дарэвалюцыйнага Гомеля з шыкоўнымі будынкамі прыбытковых дамоў, сучаснай гасцініцы “Савой”, вуліц тагачаснага горада, па якіх перамяшчаюцца рэтра-аўтамабілі і раз-пораз з’яўляюцца жыхары ў старасвецкім адзенні. Складваецца ўражанне, што Сяргей Ляпін і Марыя Булавінская змаглі завесці машыну часу, каб узбагаціць нашае ўяўленне вобразамі мінулага. І гэтыя вобразы, я перакананы, не адпусцяць гомельцаў ужо ніколі.
У стужцы не абышлося без сенсацыі.
Падчас збораў матэрыялаў па спадчыне Станіслава Шабунеўскага Сяргей Ляпін сустракаўся з вядомым гомельскім калекцыянерам Аляксандрам Ласіцам, які паказваў яму фотаздымкі з сямейнага архіву са Станіславам Шабунеўскім, датаваныя дарэвалюцыйным часам. Сярод выяваў даследчык раптам убачыў панараму аднаго беларускага горада з пазнавальным сядзібным домам купчыхі Канцэльсон.
Пасля супастаўлення планаў і агучвання версій было вырашана, што, нарэшце, стала вядома імя архітэктара бабруйскага касцёла — таго самага, які знявечылі ў 1960‑я гады савецкія ўлады. Але гэтая гіпотэза вымагала дакументальнага пацверджання.
“Увёўшы ў пошукавіку прозвішча і імя Stanislaw Szabuniewski па-польску, адразу ў сеціве з’явіліся спасылкі на аблічбаваныя выданні, якія захоўваюць польскія бібліятэкі. З аднаго з паведамленняў вынікала, што славуты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі спраектаваў касцёл у Бабруйску, не ўзяўшы за гэта грошай”, — распавядае Марыя Булавінская. Такім чынам, дзякуючы адкрыццю Сяргея Ляпіна маштаб асобы архітэктара Шабунеўскага становіцца агульнарэспубліканскім.
Аматары архітэктуры ставяць так званы круглы шэры дом, спраектаваны Станіславам Шабунеўскім у Гомелі, у шэраг найлепшых будынкаў у стылі канструктывізм. У рэаліях шэрай савецкай штодзённасці з яе адвечным безграшоўем і імкненнем эканоміць на ўсім дойлід працягваў ствараць шэдэўры. Каб будынак выглядаў яркім, у тынкоўку Шабунеўскі прапанаваў дадаць бітае шкло, якое ззяла ў сонечнае надвор’е неймавернымі фарбамі.
“У сонечныя дні і ў ясную зімовую ноч, калі свяціла поўня, ад нашага дому сыходзіла магічнае ззянне. Гэта адзін з найлепшых успамінаў майго дзяцінства” — гаворыць гамяльчанка, жыхарка круглага шэрага дому Яўгенія Башкінцава ў кадрах фільма.
У 1980‑х гадах, пасля чарговай рэстаўрацыі, зіхоткі дом зафарбавалі казённай фарбай шэрага колеру. Такой фарбай у гады дэфіцыта зафарбоўваліся слупы і агароджы на могілках. З пазіцыі сённяшняга дня не верыцца, што гэта выключна выпадковасць. Хутчэй праява помсты шэрай рэчаіснасці яркаму таленту творцы, задумы якога не ўпісваліся ў шаблоны савецкай ідэалогіі.