• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактарку Kraj.by Святлану Цішко асудзілі на 20 базавых за артыкул пра акцыю «недармаедаў»

    Суд Маладзечанскага раёна прызнаў вінаватай рэдактарку сайта Kraj.by Святлану Цішко ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Журналістку пакаралі штрафам.

    У мінулую пятніцу супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол на рэдактара сайта Kraj.by Святлану Цішко.

    Журналістку абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) за тое, што сваім артыкулам яна нібыта заклікала людзей да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі

    — Гэта быў звычайны інфармацыйны матэрыял пра тое, як у горадзе рыхтуюцца да акцыі, напярэдадні якой цэнтральную плошчу Маладзечна нават абнеслі металічнай агароджай, — расказала Святлана прэс-службе БАЖ. — Я дала журналістам заданне праверыць інфармацыю наконт гэтай акцыі, спраўдзіць, ці сапраўды яна не дазволеная.

    Сёння суд заслухаў бакі. Выступіў адвакат, ён прапанаваў закрыць справу з‑за адсутнасці складу злачынства.

    Агулам пасяджэнне заняло хвілін 20 часу. 

    У выніку суд прызнаў Святлану Цішко вінаватай у арганізацыі масавых мерапрыемстваў і пакараў штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў).

    Артыкулам 23.34 КаАП прадугледжаны толькі два спецыяльныя суб’екты правапарушэння — удзельнікі масавага мерапрыемства і арганізатары масавага мерапрыемства. Пратакол па адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні Цішко быў складзены па ч. 1 арт. 23.34, па гэтай частцы спецсуб’ект — удзельнікі масавага мерапрыемства. Святлана Цішко ўдзельніцай маршу не была, бо прысутнічала там з рэдакцыйным заданнем. На гэта звярнуў увагу адвакат Дзмітрый Лепрэтар. Ён прасіў проста спыніць справу з‑за адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння.

    Але суддзя нават не стаў высвятляць сам факт прысутнасці Святланы Цішко на маршы — была яна там ці не.

    Ён палічыў, што такая пазіцыя сведчыць аб «жаданні сыйсці ад адказнасці». Як і тое, што артыкул, па словах адваката, быў інфармацыйным, без заклікаў да ўдзелу ў маршы.

    Пастанова, магчыма, будзе абскарджаная ў абласным судзе.

    — Я агаломшаная такім рашэннем. Я не чакала, што журналіста можна прыцягнуць да адказу за распаўсюд звычайнай інфармацыі. Да таго ж 20 базавых далі мне — жанчыне, якая адна гадуе няпоўнагадовае дзіця. Для Маладзечна гэта вялікія грошы, — сказала Святлана Цішко, калі даведалася пра рашэнне суда.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці