• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Размовы пра жыццё, сэкс і выпадковыя факты. Сем падкастаў на любы густ ад беларусаў

    Чаканне вясны, асабліва пакуль за акном яшчэ шэра і мокра, можна палепшыць, уключыўшы ў слухаўках добры падкаст. І лужыны стануць не так прыкметныя, і з зімовай руцінай будзе прасцей спраўляцца. Сабралі для вас падборку беларускіх падкастаў, якія працягваюць абнаўляцца і не прымусяць чакаць новы эпізод. Ёсць пра жыццё, людзей і ўсё вакол.

    «Мы не дагаварылі»

    Пра што падкаст?

    Кацярына Ажгірэй і Аляксандр Старадзетка расказваюць пра ментальнае здароўе і пра тое, як яно ўплывае на наша жыццё.

    Тут вы знойдзеце абмеркаванні і парады, як заставацца ў гармоніі з сабой, сваімі пачуццямі і іншымі людзьмі ў цяперашнім зменлівым і нестабільным свеце. Сярод эпізодаў, ужо якія выйшлі,  разважанні аб тым, навошта нам пачуцці, аб выгаранні, шкодзе рамкамаў і не толькі.

    Вядучыя запрашаюць у падкаст спецыялістаў з розных сфер, каб абмеркаваць надзённыя пытанні ментальнага здароўя і самаразвіцця. У гасцях у іх ужо былі кар’ерны кансультант, псіхатэрапеўт і іншыя госці.

    Дзе слухаць?

    Выпускі можна знайсці на Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Google Pod­casts і Cast­box.

     

    «Дочкі-маткі»

    Пра што падкаст?

    Паміж «Мама дрэннага не параіць» і «Мама, ты нічога не разумееш!» — распасціраецца бясконцая прорва пунктаў гледжання і меркаванняў. Як знайсці паразуменне і змякчыць міжпакаленчы разрыў?

    Адказ на гэтае пытанне спрабуюць знайсці журналісткі з Гродна Ірына Новік і Даша Гардзейчык. У нядаўна запусціўшымся падкасце «Дочкі-маткі» яны абмяркоўваюць самыя актуальныя тэмы.

    «Для мяне тэма разрыву паміж пакаленнямі моцна пераплятаецца з тэмай эйджызму ў адносінах да жанчын. Калі жанчыне ў нашым часцяком вельмі патрыярхальным грамадстве 40+ ці 50+, яна становіцца празрыстай. Яе больш не заўважаюць, яе меркаванне не ўлічваюць. З іншага боку, непаразуменні з дочкамі або маладзейшымі жанчынамі душаць. І гэта «Мама, ты нічога не разумееш!» можа стаць апошняй кропляй, якая разбурае самаацэнку. Мне хацелася б, каб наш падкаст стаў прыкладам сяброўскай сумленнай размовы, спробай пераадолець разрыў паміж пакаленнямі і падтрымаць як маладых, так і сталых жанчын», — распавядала ў інтэрв’ю  Hrodna.Life  Ірына Новік.

    Пакуль даступныя два выпускі, усяго ў першым сезоне абяцаюць дзесяць.

    Дзе слухаць?

    Падкаст даступны на  YouTube.

     

    «Антон кажа ў мікрафон»

    Пра што падкаст?

    Аб пошуках шчасця беларускай моладдзю.

    Вядучы разам з запрошанымі гасцямі (звычайныя хлопцы і дзяўчыны) кажуць пра сабе, пра час, у якім нам пашчасціла (ці не) жыць, пра планы і мары. Кожны выпуск адрозніваецца ад папярэдняга, як жыццё кожнага з нас ад людзей навокал. А яшчэ напоем – з кімсьці вядучы Антон Шашура гаворыць пад сідр, а з кімсьці – пад татаву гарбату з таволгі і рабіны.

    Дзе слухаць?

    На Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Google Pod­casts і Cast­box.

     

    «Вось, што я знайшоў у Вікіпэдыі»

    Пра што падкаст?

    Падкаст ад ініцыятывы «Забі зяпу» падыдзе для тых, хто любіць гугліць, чытаць незвычайныя факты і адкрываць адну за адной спасылкі ў Вікіпедыі.

    Гэтак жа робіць вядучы Уладзь і яго сябры, а потым расказваюць аб выніках пошуку слухачам. Напрыклад, можна даведацца пра трубадураў ці Машэрава, мастачку Рэнесансу ці піраміду МММ. Аўтары падкаста падкрэсьліваюць, што перад запісам правяраюць знойдзеную на прасторах Вікіпедыі інфармацыю.

    Дзе слухаць?

    Выпускі можна знайсці на Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Google Pod­casts і Cast­box.

     

    «Белліт»

    Пра што падкаст?

    Як можна здагадацца з назвы – пра беларускія (а часам і не толькі) кнігі.

    Вядучая падкаста Наста ўжо больш за сто выпускаў «завальвае» слухачоў навінкамі нашай літаратуры, цікавымі фактамі пра кнігі і будні супрацоўніцы кнігарні.

    Дзе слухаць?

    Знайсці эпізоды можна на Apple Pod­casts, Youtube і Sound­cloud.

     

    «Прырода ачысцілася»

    Пра што падкаст?

    Перажываеце аб змене клімату, верагодным недахопе пітной вады і мностве іншых праблем, якія чакаюць у будучыні? Тады экалагічны падкаст «Зялёнага партала» ці прымусіць нервавацца яшчэ больш, ці растлумачыць, што шанцы на выжыванне ёсць.

    У эпізодах актывісты разам з экспертамі даследуюць надзённыя праблемы нашай планеты і новыя магчымасці, якія чакаюць наперадзе нашу Беларусь.

    Дзе слухаць?

    Выпускі даступныя на Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Google Pod­casts і Cast­box.

     

    «Утульны горад»

    Пра што падкаст?

    Пра горад і тое, як на яго ўплываюць людзі.

    Вядучая Дар’я Гарадзейчык расказвае, як мяняюцца беларускія гарады падчас перадвыбарных кампаній, чым яны жывуць зімой і летам, як зрабіць іх больш інклюзіўнымі для ўсіх жыхароў, якім чынам фарміруецца гарадскі бюджэт і не толькі. А яшчэ спрабуе зразумець на прыкладзе Гродна, як зрабіць нашы гарады ўтульнымі.

    Дзе слухаць?

    На Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Google Pod­casts і Cast­box.

    Чытайце яшчэ:

    Ощущаете выгорание и усталость от работы? Спросили у коллег, как найти силы справиться с этой проблемой

    У Берліне ў межах кінапрэміі «Чырвоны верас» уганаравалі фільм Мары Тамковіч «У жывым эфіры»

    «Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці