• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Райвыканкам скарыстаўся ідэяй слонімскіх журналістаў

    Сябры слонімскай суполкі БАЖ і рэдакцыя “Газеты Слонімскай” прынялі рашэнне закласці гэтай восенню Алею слонімцаў на вуліцы Косаўскі тракт у Слоніме.

    Сваю акцыю “Алею слонімцаў садзім разам” журналісты планавалі ажыццявіць 20 кастрычніка. З гэтай мэтай ад рэдакцыі “ГС” быў накіраваны адпаведны зварот у Слонімскі райвыканкам. Але перад тым аўтар гэтых радкоў і майстар зелянгаса мясцовай ЖКГ выбралі месца пасадкі і падлічылі, што для пасадкі алеі спатрэбяцца 60 саджанцаў бярозы, ліпы і клёна.

    Калі рэдактар “ГС” Віктар Валадашчук аднёс заяву ў выканкам, там паабяцалі даць хуткі адказ, каб у заяўляльніка быў час падрыхтавацца да пасадкі дрэваў. Аднак з адказам улады не спяшаліся. У тэлефонных размовах  з чыноўнікамі з ідэалагічнага аддзелу і аддзелу ЖКГ высветліць, якім будзе рашэнне выканкама, не ўдавалася.

    І вось 12 кастрычніка з выканкама прыйшоў афіцыйны адказ на запыт, у якім чытаем: “13 кастрычніка 2017 года ў рамках мерапрыемстваў па правядзенню Тыдня маці запланавана пасадка памятнай алеі на вул. Косаўскі тракт пры ўдзеле актывістаў грамадскій аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прадстаўнікоў працоўных калектываў. Іншых месцаў для высадкі дрэваў па вул. Косаўскі тракт не прадугледжана”.

    Гэты ліст быў падпісаны выканаўцам абавязкаў першага намесніка старшыні Слонімскагат райвыканкама Уладзімірам Катом, а рыхтавалі яго начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Уладзімір Цыпурка і намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Наталля Грасевіч.

    Як бачым, ідэя журналістаў пра пасадку памятнай алеі ў скверы на Косаўскім тракце ўладамі аператыўна была падагнана пад  мерапрыемствы ўладаў з нагоды святкавання Тыдня маці. То і добра. У адным толькі спудлавалі слонімскія чыноўнікі — месца для пасадкі дрэваў у скверы на вуліцы Косаўскі тракт у Слоніме столькі, што павінна хапіць яшчэ на тры падобныя алеі.

    Дарэчы, ліпы і клёны алеі ў гонар 20-годдзя “Газеты Слонімскай”, пасаджанай нашымі журналістамі сёлетняй вясной, прыжыліся і добра растуць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці