Раённая бальніца прыгразіла “Газеце Слонімскай” судом
“Пры публікацыі ў Вашай газеце матэрыялаў, якія дыскрыдытуюць працу дактароў-спецыялістаў ЦРБ, пакідаем за сабой права звярнуцца ў суд для абароны сваіх парушаных правоў, што пацягне для Вас дадатковыя выдаткі”, — паведамляецца ў канцы адказу Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы на зварот “Газеты Слонімскай”.
Карэспандэнт “ГС” Ганна Валадашчук прасіла адміністрацыю лякарні пракаментаваць сітуацыю з інвалідам першай групы. У сваім лісце ў рэдакцыю ён сцвярджаў, што апошнія шэсць гадоў яго не наведвае ўрач-неўролаг.
Першая частка адказу са Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы якраз змяшчае каментар па сутнасці пытання, дзе чытаем, што “І.І. рэгулярна назіраецца доктарам агульнай практыкі і медыцынскімі работнікамі дома”.
Навошта было слонімскім медыкам пагражаць газеце судом, журналіст пазней спрабавала высветліць, патэлефанаваўшы на “гарачую лінію” Гродзенскага абласнога аддзела аховы здароўя, але марна. На тым канцы дроту супрацоўніца не захацела назваць сваё імя, а карэспандэнту “Газеты Слонімскай” параіла звярнуцца з гэтым пытаннем да іх юрыста аддзела, калі яе не задавальняе адказ раённай бальніцы.
Матэрыял з гэтай гісторыяй пад загалоўкам “Медыкі на ўсякі выпадак прыгразілі рэдакцыі судом?” выйшаў 10 красавіка.