• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Расследаванні ў беларускіх рэаліях: лайфхакі як здабываць і правяраць інфармацыю

    БАЖ арганізаваў для журналістаў у Вільні аднадзённы афлайн-трэнінг па журналісцкай працы ў жанры расследаванняў. Сваім вопытам і напрацоўкамі падзяліўся кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч. Журналісты папрактыкаваліся ў выяўленні "чырвоных сцяжкоў", прымяненні інструментаў для фактчэкінгу, папрацавалі з базамі дадзеных, даведаліся, як знаходзіць інфарматараў і працаваць з імі.

    Расследавальніцкая журналістыка грае вельмі важную ролю ў краінах, якія не здолелі пакуль развітацца з аўтарытарызмам. Расследаванне як адзін з самых складаных відаў журналістыкі існуе ўжо амаль два стагоддзі. Ва ўсялякім разе, калі зыходзіць з агульнапрынятага меркавання, што пачалося ўсё ў ЗША.

    За гэты час паралельна з развіццём тэхналогій і зменай носьбітаў інфармацыі журналісцкае расследаванне ўдасканальвалася, набывала ўласныя прыкметы і месца ў сродках масавай інфармацыі.

    Па папулярнасці яно, мабыць, заўсёды было на адным з першых месцаў ва ўдумлівых чытачоў.

    У беларускіх газетах канца XIX — пачатку XX стагоддзяў прыкладаў публікацый, у якіх прысутнічаюць прыкметы расследавання, зусім не так мала, як прынята лічыць.

    У савецкія часы за год з’яўлялася сама меней па 8–10 матэрыялаў з усімі прыкметамі журналісцкага расследавання ў кожнай з беларускіх абласных газет. Прыкладна гэтак жа было ў рэспубліканскіх выданнях. Такія дадзенныя прыводзяцца  ў падручніку «Журналісцкае расследаванне: гісторыя, методыка і практыка» пад аўтарствам журналіста, медыяэксперта, выкладчыка Анатоля Гуляева.

    Зараз журналісцкае расследаванне, звязанае з беларускай рэчаіснасцю, выкарыстоўваецца дастаткова часта.

    З чаго пачынаць журналісцкае расследаванне

    — Выяўленне «чырвоных сцяжкоў» для расследавання: шукаем інфармацыйную нагоду (тое, што стане тэмай расследавання) — падзея ці факт, што выклікае цікавасць, неспакой, заклапочанасць, трывогу. Для гэтага маніторым публікацыі ў СМІ і сацыяльных сетках, лісты чытачоў, асабістыя звароты грамадзян, часам інфармацыйнай нагодай могуць быць нават чуткі. Таксама праглядаем дакументы ўладных структур.

    Лайфхак ад Станіслава Івашкевіча: у сённяшніх умовах закрытасці інфармацыі, немагчымасці атрымаць яе ад дзяржаўных органаў беларускага рэжыму, выкарыстоўваць статыстычныя дадзеныя міжнародных структур – Euro­stat, База дадзеных UN Com­trade. Тут шукаем анамаліі – вялікія адрозненні ў лічбах.

    Яшчэ ў пошуку канкрэтных дакументаў дапаможа такі інструмент: напрыклад, хочам адшукаць у інтэрнэце па тэме толькі дакументы PDF, то набіраем у пашукавіку Google назву тэмы file­type: PDF альбо калі нам патрэбны толькі XLS дакументы, то пішам назву тэмы file­type: XLS. 

    Важны момант – з’ява, якая стане нагодай для расследавання, мусіць мець грамадскую значнасць. Тут гаворка пра тое, што ёсць з’ява, якую нейкія людзі ці арганізацыі хацелі б пакінуць у таямніцы, і такое замоўчванне будзе мець грамадскую шкоду. Як вызначыць узровень небяспекі для грамадства?

    Лайфхак ад Станіслава Івашкевіча: раіцца з аўтарытэтнымі асобамі ў тэматыцы, якую даследуем.

    Што далей?

    — Перад праверкай фактаў, лепш інфармацыю структураваць, раіць Станіслаў. Напрыклад, скласці таймлайн, у якім пазначыць што за чым адбывалася.

    Ключавы пункт правяраем інфармацыю. Бо галоўнае правіла – не давяраць ўсляпую, правяраць любымі магчымымі шляхамі.

    Адзін з асноўных метадаў фактчэкінгу — множнасць крыніц інфармацыі, шукаем першакрыніцу альбо пацверджанне інфармацыі з некалькіх незалежных крыніц. І абавязкова браць каментары ва ўсіх бакоў канфлікту.

    Паводле журналісцкай этыкі, трэба пазбягаць утоеных і іншых таемных метадаў збору інфармацыі. Але можа быць і выключэнне ў тых выпадках, калі адкрытыя традыцыйныя метады не дазваляюць сабраць жыццёва важную для грамадства інфармацыю.

    Лайфхакі ад Станіслава Івашкевіча: каб атрымаць утоеную інфармацыю, можна скарыстацца базамі дадзеных кіберпартызан, таксама можна патэлефанаваць у дзяржаўныя структуры ў Беларусі і пад выглядам зацікаўленага грамадзяніна атрымаць неабходныя факты. Яшчэ ў якасці работы пад прыкрыццем можна зладзіць фэйкавы тэндар, каб высветліць сапраўдныя кошты, калі гаворка найперш пра карупцыйныя схемы.

    Таксама не забываемся на кансультацыі з экспертамі і надзейнымі інфарматарамі.

    Асобны пласт праверкі — візуальная інфармацыя. Бо часта менавіта нейкае ўкідванне фота ці відэа патэнцыяльна цягне на расследаванне, а пасля праверкі аказваецца, што яны несапраўдныя.

    Лайфхакі ад Станіслава Івашкевіча: для праверкі людзей на фота выкарыстоўваем інструмент Findclone.ru. Ёсць і платныя базы для гэтых жа мэт Find­Face (шукае людзей у «ВКонтакте» па фотаздымку) і сэрвіс па пошуку інфармацыі пра людзей пад назвай «Вока Бога» (eyeofgod.live).

    Як знайсці арыгінал відэа: спачатку трэба зрабіць яго скрын, менавіта ключавых найбольш пазнавальных момантаў відэа, павялічыць іх і праз Яндэкс зрабіць зваротны пошук па фота. Станіслаў Івашкевіч кажа, што гэты інструмент нават лепей за Google, але можна карыстацца і ім.

    І яшчэ адзін сучасны пастаўшчык інфармацыі — сацыяльныя сеткі. Яны адначасова аблягчаюць і ўскладняюць працу журналістаў. У ідэале, па кожным факце, знойдзеным у сацсетках, трэба знайсці мінімум два-тры пацверджанні (пажадана з прамой прамовай). У працэсе фактчэкінгу неабходна падзяляць інфармацыю і саму крыніцу. Дакладней, правяраць і тое, і іншае. Дзякуючы Інтэрнету і сацыяльным сеткам заўсёды можна знайсці сляды дзейнасці пэўнага чалавека, звязацца са сваякамі і сябрамі, апытаць калег і знаёмых. А яшчэ Станіслаў Івашкевіч раіць адсочваць, хто ставіць лайкі, хто ёсць на фота гэта можа адкрыць новы напрамак даследавання фактаў у журналісцкім расследаванні.

    Інструментарый па праверцы дадзеных пастаянна развіваецца. Навінкі і самае неабходнае Станіслаў Івашкевіч раіць шукаць на рэсурсе gijn.org.

    Чытайце яшчэ:

    «Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава

    Как координировать работу редакции, работающей в разных странах. Опыт работы белорусских медиа

    У Вільні з’явіцца графіці з беларускім праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці