• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Расейцы пайшлі, а Мінск застаўся разбірацца з ашалелым кіеўскім рэжымам». Што беларускія прапагандысты расказваюць на расійскім ТБ

    Шоу Салаўёва і Скабеевай у Расіі імкліва губляюць папулярнасць, але беларускія прапагандысты Гігін, Дзермант і Шпакоўскі пастаянна з'яўляюцца ў эфірах, дзе называюць расійскую армію «нашай», а таксама кажуць, што Польшча рыхтуе вайну ў Беларусі, піша «Радыё Свабода».

    Апошнія замеры глядацкіх сімпатый расейскай аўдыторыі паказалі, што прапагандысцкія шоу Уладзіміра Салаўёва і Вольгі Скабеевай упершыню за доўгі час выпалі з топ-10 найпапулярнейшых перадач. З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дзве гэтыя перадачы ўвогуле ўваходзілі ў топ‑5, цяпер жа Салаўёў спусціўся на 17‑е месца, а Скабеева — на 13‑е.

    Дырэктар расейскага «Левада-центра» Дзяніс Волкаў тлумачыў, што «глядач пазбягае навін пра вайну, каб захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе».

    Тым не менш самі перадачы працягваюць выходзіць з зайздроснай перыядычнасцю, а гасцямі там выступаюць не толькі расейскія ўдзельнікі, але і госці з Мінска.

    «Свабода» паглядзела, што гаварылі цягам апошніх месяцаў беларускія прапагандысты на такіх шоу.

    «Можа, затрымаешся на 3–5 гадоў»

    Самым частым госцем Уладзіміра Салаўёва з’яўляецца кіраўнік беларускага таварыства «Веды», былы дэкан філасофскага факультэта БДУ Вадзім Гігін. На эфіры ён прыходзіў 9, 16, 17, 18, 19, 20, 23, 31 кастрычніка, а таксама 6 і 15 лістапада.

    «Мэты дэнацыфікацыі мы цалкам падзяляем», — сказаў Гігін у эфіры 6 лістапада.

    Ён перакананы, што расейскія салдаты цудоўна разумеюць, за што яны ваююць, а вось некаторыя чыноўнікі ідуць на дамовы з Украінай. У якасці прыклада ён прывёў так званую «харчовую ўгоду» (пагадненне аб вывазе зерня з Украіны. — РС). Гігін пераконваў, што Лукашэнка ніколі б не паверыў «кіеўскаму рэжыму», як гэта робяць некаторыя ў Расеі.

    «Лукашэнка гаварыў, што яшчэ прыйдзе той час, калі мы з Пуціным будзем разам адстрэльвацца. Мы ўсё яшчэ вядзём вайну ў рамках сістэмы, а не па-рэвалюцыйнаму, мы застаёмся ў рамках заходняй сістэмы. І пакуль там застаёмся, там выйграць па-вялікаму не атрымаецца. Выйграць можам толькі па-рэвалюцыйнаму, калі вырвемся з гэтай сістэмы», — перакананы Гігін.

    Кіраўнік «Ведаў» прапаноўваў беларусам, якія абураюцца, што не могуць за мяжой паўдзельнічаць у галасаванні, прыехаць на радзіму. «Прыязджай у Беларусь і галасуй. Ну, можа, затрымаешся на 3–5 гадоў», — жартаваў ён, намякаючы на крымінальны пераслед.

    Таксама Гігін падкрэсліваў, што, у адрозненне ад Астаны ці Ерэвана, у Мінску ніхто не прыслухоўваецца да прапаноў Захаду дыстанцыравацца ад гэтай вайны.

    «Мне расказвалі нашы памежнікі. Выходзіць УСУ-шнік, наводзіць на нашага аўтамат і робіць выгляд, што страляе. Мы чуем заявы: «А ці не ўдарыць нам па Беларусі?». Самая галоўная тэрарыстычная групоўка на Украіне — выведка пад камандаваннем Буданава. Яны рыхтавалі тэракты на нашай тэрыторыі», — казаў Гігін.

    Ніякіх доказаў таму, што Украіна сапраўды рыхтавала тэракты ў Беларусі, Гігін у расейскіх эфірах не прыводзіў. Тое самае ўласціва і іншым прапагандыстам з Беларусі.

    «Салют у Маскве, калі тапталі расейскія сцягі, цяжка зразумець»

    Наступнымі па папулярнасці беларускімі персанажамі ў Салаўёва з’ўляюцца палітычныя аглядальнікі Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзермант. І адзін, і другі называюць расейскае войска і расейскую ўладу «нашымі».

    Шпакоўскі нярэдка крытыкуе дзеянні расейскіх уладаў за непаслядоўнасць, патрабуе большай жорсткасці і закручвання гаек. Напрыклад, яго абурыла святкаванне Дня горада ў Маскве, калі расейскія войскі адступалі ў Харкаўскай вобласці.

    «Салют у Маскве, калі ў Харкаўскай вобласці здымалі і тапталі расейскія сцягі — гэта цяжка зразумець», — казаў ён.

    Пасля таго, як украінскія войскі вызвалілі Херсон, Шпакоўскі сказаў: «Мы аддаём частку Расеі, і гэта трэба ўсведамляць вайскоўцам. Гэта не шахматы, дзе пешку аддаў — пешку забраў».

    Шпакоўскі перакананы, што вайна Расеяй не будзе выйграная, пакуль грамадзяне краіны не пачнуць успрымаць яе як народную. Ён расказваў выпадак, як ляцеў у Маскву адным рэйсам з расейскім салдатам, які вярнуўся з Украіны. Той быццам яму сказаў: «Калі трэба, то мы зноў вернемся ў Кіеў».

    «Расея была, ёсць і будзе найважнейшым фактарам бяспекі нашай краіны, пастаўляе нам зброю. Але трэба разумець, што расейскія войскі пайшлі з Беларусі, а Менск застаўся разбірацца з ашалелым, усё больш борзым кіеўскім рэжымам, які абяцае нанесці ўдары па нашай тэрыторыі», — казаў Шпакоўскі ў эфіры Салаўёва.

    Аляксей Дзермант таксама падае Расеі шмат у якіх пытаннях прыклад Беларусі. У прыватнасці, у пытанні палітычных рэпрэсій.

    «Недапушчальна, каб нейкія пасквілянты глуміліся з герояў. У нас адразу іх бяруць за вуха, вязуць у адпаведныя органы і наступае адказнасць. Павінна быць пазбаўленне грамадзянства для тых, хто ўцёк і наносіць шкоду з‑за мяжы. Сваіх здраднікаў мы назаўжды павінны выкрасліць з нашага жыцця», — казаў Дзермант.

    «Гэта генацыд расейцаў»

    На эфіры расейскай тэлевізіі болей не запрашаюць амаль нікога іншага з беларускіх прапагандыстаў, а вось у праграмах, што выходзяць у інтэрнэце, пул нашмат большы. Напрыклад, на шоу «Салаўёў Live» дастаткова часта прыходзіць кіраўнік Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.

    «Гэта генацыд расейцаў па ўсім свеце», — казаў Крывашэеў пра стаўленне да грамадзян РФ за мяжой.

    Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ ў перадачы Салаўёва заявіў, што не ў беларускім характары ўцякаць.

    «Беларусь не хоча ваяваць. Але калі да нас прыйдзе нехта ўзброены, то што рабіць? Баязліва ўцякаць і саступаць? Гэта не ў нашых правілах і не ў нашым характары. Мы ўсе нашчадкі вялікіх герояў. Як я магу гэта забыць?» — сказаў Думбадзэ.

    Вядоўца БТ Марыя Пятрашка была перакананая, што Польшча рыхтуе вайну на тэрыторыі Беларусі (ніякіх доказаў гэтаму яна таксама не прадэманстравала. — РС).

    «Праз геаграфічнае становішча мы заўжды пад ударам. Нам гэтага не пазбегнуць. Вядома, лепш уступаць у вайну з загартаванымі афіцэрамі. Але ў нас вялікі арыенцір на эканоміку. Лукашэнка кажа, што кожны павінен займацца сваімі справамі», — сказала Пятрашка.

    Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін таксама гаварыў пра тое, што Польшча сумесна з Вашынгтонам і Лонданам рыхтуе вайну на тэрыторыі Беларусі.

    «Яны гатовыя пайсці на вырашальны бой», — казаў Аўдонін.

    Чытаць яшчэ:

    Эпідэмія, рэвалюцыя, рэпрэсіі, вайна… Ці застаецца месца культуры на старонках беларускіх СМІ?

    Блогер Андрей Паук: “Власть и ее сторонники беззащитны перед свободой слова, правдой и открытостью”

    Антырэкорд: 92% працэсаў у Гомельскім абласным судзе — палітычныя

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці