• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Эпідэмія, рэвалюцыя, рэпрэсіі, вайна… Ці застаецца месца культуры на старонках беларускіх СМІ?

    Аб’ём і якасць культурніцкіх тэкстаў, што губляюцца ў віры паведамленняў з фронту, судовых справаздач і палітычных заяў, вымушаюць многіх задавацца пытаннем: а ці яны ўвогуле ёсць? Дык хто вінаваты ў занядбанні тэмы культуры — самі журналісты ці абстрактны нецікаўны чытач? А можа, увогуле дзеячы, якія закінулі працэс, не праводзяць досыць імпрэз, не выдаюць дастаткова кніг? Ці варта лічыць паведамленне пра арышт пісьменніка ці пераслед музыкі навіной з галіны культуры? Разабрацца ў гэтых няпростых пытаннях, а таксама паспрабаваць колькасна і якасна ацаніць сітуацыю з тэмай культуры ў медыя ўзяўся БАЖ.

    Складаем статыстыку

    Так ці іначай тэма культуры асвятляецца ў буйных беларускіх выданнях, але далёка не ўсе з іх маюць адпаведныя раздзелы на сайтах. 

    Звернемся да медыя, на чыіх сайтах прадстаўленыя раздзелы «Культура», каб прааналізаваць колькасць публікацый па тэме за апошнія тры гады. 

    Прамежкі з сакавіка па травень у 2022, 2021 і 2020 гадах дапамогуць адсачыць уплыў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне на асвятленне тэмы культуры, прынамсі, колькасна.

    Бачым, што ў «Новым Часе»,  на сайтах «Еўрарадыё» і «Радыё Рацыя» сапраўды значна паменшала культурніцкіх публікацый, а вось «Наша Ніва» ад красавіка наадварот павялічвае гэтую колькасць па сёння. 

    «Арыентацыя, безумоўна, на падзеі ўнутры Беларусі»

    Галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб тлумачыць:

    — Нельга параўноўваць культурніцкія тэксты ў 2022 годзе і раней па праглядах, бо праз блакіроўку сайта гэтыя лічбы ўпалі. Але нягледзячы ні на што, зараз добра чытаецца наш дадатак «Літаратурная Беларусь» у ПДФ-версіі.

    Раней яна таксама добра чыталася. Калі глядзець агулам, то асабліва нічога не змянілася. Як і раней чыталіся культурніцка-гістарычныя тэксты, так і зараз іх не абмінаюць. Можа, іх стала не так шмат. Напрыклад, раней было больш ініцыятыў культурніцкіх, больш мерапрыемстваў і больш матэрыялу. 

    Цяпер жа менш падзей, суадносна менш матэрыялу. Толькі з гэтым звязана, не з цікавасцю чытачоў, а менавіта з колькасцю таго, што адбываецца.

    Наш падыход прынцыпова не змяніўся: калі ёсць нешта вартае, то ў любым выпадку мы пра гэта пішам. Зараз, хутчэй, гэта нейкія прэзентацыі кніг, інтэрв’ю з дзеячамі і падзеі, не звязаныя з кімсьці, а самі па сабе: угодкі, памятныя даты і г. д. Раней былі канцэрты, імпрэзы, якіх зараз практычна няма.

    Часам робім і пра тое, што адбываецца ў замежжы, але арыентацыя, безумоўна, на падзеі ўнутры Беларусі. 

    Пазіцыя эмігранцкага выдання

    Ужо амаль два гады эфір польскага радыё Wnet.fm штодзень пачынаецца і завяршаецца беларускімі праграмамі. Галоўная рэдактарка беларускай службы радыё Ўнэт Вольга Сямашка дзеліцца сваім бачаннем:

    — На пачатку поўнамаштабнай вайны ўсім дакладна было не да выстаў,  спектакляў і канцэртаў, але мы сачылі і расказвалі пра лёс нашых творцаў, якія заставаліся ва Украіне, эвакуяваліся з яе ці прымалі ўцекачоў. Расказвалі пра антываенныя выступленні беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў, тэатральных дзеячаў па ўсім свеце.

    Пасля, калі сітуацыя з міграцыяй крыху супакоілася, з’явілася шмат беларускіх культурных дабрачынных праектаў, якія збіралі сродкі на дапамогу ўкраінцам, валанцёрам ці беларускім добраахвотнікам. Па магчымасці мы расказвалі пра ўсе гэтыя ініцыятывы, а да некаторых далучаліся. Зараз гаворым пра сумесныя беларуска-ўкраінскія культурныя праекты, запрашаем украінскіх прадстаўнікоў культуры гаварыць пра Беларусь. 

    Не скажу, што гэта тэма лёгкая. У культурніцкім асяродку Украіны ідзе такая ж самая дыскусія пра беларусаў, што і ва ўкраінскім грамадстве. Не ўсе пагаджаюцца развіваць тэму, але трэба тлумачыць сітуацыю і закладаць падмурак нашых «постваенных» стасункаў ужо зараз. 

    Безумоўна, мы сочым за лёсам дзеячаў культуры, якія засталіся ў Беларусі і зараз патрапілі пад пераслед. Наша рэдакцыя далучаецца да ўсіх акцый падтрымкі і салідарнасці, а таксама культурных ініцыятыў. З апошніх, мы ўдзельнічалі ў «Ночы (не)расстраляных паэтаў», у нас нават быў спецыяльны эфір, як гэтая акцыя праходзіла ў розных краінах свету. 

    У нас засталіся ў сетцы ўсе культурныя праграмы, толькі танальнасць іх перамясцілася зараз у сферу грамадска-палітычную. І не мы задаем гэты тон, а нашы госці, таму што казаць пра культуру па-за межамі палітыкі сёння складана.

    Параўнаць лічбы год да года не магу, бо толькі зараз у нас з’явілася больш-менш нармальная статыстыка, якую можна аналізаваць. Колькасць культурных праграм у нас ад пачатку года не змянілася. Вельмі добра «заходзіць» гледачам кантэнт пра культурную спадчыну Беларусі: ад музычнай да народных рамёстваў. Таксама розныя парады, што паглядзець, пачытаць, паслухаць, і такія тэмы «што беларускага ёсць у …», тут можна ўстаўляць розныя гарады. Ідуць слухачы і чытачы на імёны: людзям цікавыя Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Піт Паўлаў, з апошніх — Віталь Алексіёнак і яго гісторыя з La Scala. Зараз мы яшчэ стараемся рабіць фотарэпартажы з прэзентацый, канцэртаў, выстаў, гэта таксама дае добрыя прагляды. Цікавасць да культурных тэм: па-рознаму. Калі ў грамадстве няма гучных палітычных дыскусій, тады цікавасць да культурнага кантэнту вырастае, а калі, як зараз, то ў першую чаргу будуць чытаць і слухаць апошнія каментарыі «на актуальную тэму».

    «Свабода»: «Мы не толькі асвятляем культурнае жыццё, але і ўдзельнічаем у ім»

    «Радыё Свабода» не вылучае культурніцкія матэрыялы ў асобную рубрыку, таму правесці колькасны аналіз немагчыма.

    Але выданне традыцыйна стаіць на пазіцыі асвятлення беларускай культуры і самабытнасці. Ці змяніўся падыход да галіны ў 2022 годзе — звяртаемся да рэдакцыі:

    — «Культурная» тэматыка застаецца важным складнікам інфармацыйна-кантэнтнай стратэгіі Беларускай службы «Радыё Свабода». Пасля разгрому мінскага карпункта ў 2021 годзе і зноў пасля пачатку нападу Расіі на Украіну ў лютым сёлета прыярытэты змяніліся, але ў праекцыі на цэлы бягучы год істотнага змяншэння колькасьці «культурнага» кантэнту мы не назіраем. А вось што дакладна змянілася з часу паслявыбарчых пратэстаў і рэпрэсій 2020 года, дык гэта наш ракурс у асвятленні. Мы сталі больш расказваць пра рэпрэсіі супраць беларускай культуры і ейных яскравых прадстаўнікоў, пра культурны супраціў.

    Мы не толькі асвятляем культурнае жыццё, але і ўдзельнічаем у ім. Толькі цягам 2021–2022 гадоў мы выдалі восем новых кніг у «Бібліятэцы Свабоды ХХІ стагоддзя», запісалі пяць аўдыякніг  — і праца ў гэтых кірунках працягваецца.

    Пасля публікацыі матэрыялу да нас звярнулася рэдакцыя «Радыё Свабода» з удакладненнем, што выданне мае рубрыку «Культура». Сапраўды, навіны па тэме сабраныя разам у адным раздзеле, але патрапіць на яго з сайта «Свабоды» праз пералік рубрык магчымасці няма.

    Публікацыі неабходна шукаць па запыце «Культура» праз агульны пошук сайта.

    Хаця на сайтах украінскай і нават расійскай рэдакцый «РС» да рубрыкі «Культура» можна перайсці з тытульнай старонкі.

    «Культурніцкія навіны ва ўсім свеце ніколі не становяцца ў топы па прачытанні»

    Лідарам па вытворчасці культурніцкага відэакантэнту, безумоўна, застаецца «Белсат»: за апошнія гады выдадзеныя цыклы і на гістарычную тэматыку, і музычныя праграмы. Інтарэс нават да старых выпускаў сёлета ўзняў дыскусію адносна захавання і даступнасці архіву перадач. Але ж як пачуваецца тэма культуры сёлета ў навінавай стужцы і на колькі шырока яна падаецца на фоне вайны і няспынных рэпрэсій — запыталіся ў рэдактаркі сайта Вольгі Ярохінай:

    — Статыстыку адносна культурніцкіх тэкстаў дастаць немагчыма. На «Белсаце» няма рубрыкі «Культура». Навіны, аналітыка, інтэрв’ю на гэтую тэму трапляюць, адпаведна, у рубрыкі «Навіны», «Аналітыка», «Інтэрв’ю». Адсартаваць за паўгады артыкулы толькі па культурніцкіх навінах магчыма толькі ўручную.

    Агулам магу сказаць, што культурніцкія навіны ва ўсім свеце ніколі не становяцца ў топы па прачытанні, яны заўсёды ў аўтсайдзе (хіба што за выключэннем, напрыклад, калі Бэнксі праз шродар не прагоніць сваю карціну на аўкцыёне ці хтосьці не абліе алеем карціну Ван Гога). 

    Гэта не азначае, што медыі не пішуць пра культуру — пішуць і будуць працягваць пісаць, але не дзеля таго, каб навіна была ў топе, а дзеля, можна сказаць, пэўнай асветніцкай місіі. 

    Гістарычныя матэрыялы таксама слаба чытаюцца, але ж і іх пішуць дзеля асветы чытача.

    Нішавыя выданні

    Як мы ўжо адзначылі, далёка не ўсе медыя адасабляюць культурніцкія матэрыялы ў рубрыкі. Да таго ж такія тэксты губляюцца ў стужцы надзённых навін. Выйсце — спецыялізаваныя выданні. Праз татальную цэнзуру ў Беларусі не выпадае казаць пра адмысловыя газеты, часопісы ці тэлеканалы пра мастацтва, архітэктуру, літаратуру і г. д. Але ж у апошнія гады асветніцкую функцыю на сябе ўзялі тэлеграм-каналы. Іх аўдыторыю нельга назваць вялікай, але яна працягвае павольна павялічвацца, а некаторыя тэмы ўрэшце пераплываюць у буйныя медыя. 

    «Спадчына»

    Канал «Спадчына» налічвае амаль тры тысячы падпісантаў, асвятляе падзеі вакол матэрыяльнай спадчыны Беларусі, сістэматычна публікуе матэрыялы пра архітэктуру і выбітных дзеячоў. 

    Ці запатрабаваная тэма на сёння, наколькі вайна, палітыка выціскаюць культурны парадак? — пытаемся ў аўтараў канала.

    — Палітыка — гэта частка культуры, а культура частка палітыкі. Таму падзеі ў краіне і вакол яе адбіваюцца непасрэдна на культурніцкім жыцці. Прынцыпова менавіта вайна нічога не змяніла, бо, па-першае, яе няма непасрэдна ў Беларусі (у нас праблемы іншага кшталту), па-другое, гэта дыскамфортная тэма, на якой доўга не праедзеш. 

    Людзі збягаюць ад навін пра вайну і вялікую палітыку, у якіх даўно няма анічога пазітыўнага, у месцы, дзе яшчэ тлее агеньчык звычайнасці. У гэтым плане цікавасць да матэрыяльнай спадчыны і да яе аховы ні спадала ні ў які момант. Канал — гэта аддушына, але не магу сказаць, што герметычная — немагчыма схавацца ад выкліканых вайной разбурэнняў спадчыны або ад мэтанакіраванага знішчэння помнікаў і памяці ва ўсіх краінах нашага рэгіёна. 

    Ад таго, што ідзе вайна, праблемы матэрыяльнай спадчыны нікуды не падзеліся. Пакуль ты знаходзішся ў шоку, недзе зносяць камяніцу, збіваюць дэкор ці саджаюць цыбуліну на царкву.

    Трэба працягваць звяртаць увагу на гэта, тлумачыць заканадаўчыя магчымасці аховы, паказваць добрыя прыклады, распавядаць пра асновы архітэктуры і рэстаўрацыі — ад гэтага больш карысці, чым проста сядзець і з трагічнай мінай паўтараць «Inter anna silent Musae» («калі гавораць пушкі — музы маўчаць»). Паказальна, што ў гэтым годзе запыт на ахову спадчыны надзвычай вялікі: людзі цікавяцца, як абараніць нешта ў сябе на радзіме, як напісаць прапанову на ахоўны статус і г.д. 

    Думаю, кадры разбураных гарадоў неяк уплываюць на імкненне людзей захаваць тое, што дорага ім. 

    Ці дастаткова, на вашу думку, вялікія СМІ цяпер асвятляюць культуру?

    — Што тычыцца буйных СМІ, то на дадзены момант, па ўласных адчуваннях, незалежныя парталы выйшлі на даваенны ўзровень асвятлення падзей культуры, прынамсі, па той тэме, якая цікавая мне — матэрыяльнай спадчыне. Але «прасяданне» ў першай палове года, зразумела, было. Аднаўленне ў першую чаргу колькаснае, бо большасць з іх абмежаваныя сваім непрывабным статусам, які не дазваляе весці працу ў краіне. Фактычна матэрыялы зводзяцца да перадрукоўкі матэрыялаў з тэлеграм-каналаў, або стварэння кантэнту па матэрыялах прыватных акаўнтаў у сацсетках. 

    Таму вельмі рэдка бывае сітуацыя, калі буйныя СМІ апярэджваюць тэлеграм, звычайна наадварот. Не могуць яны і наўпрост атрымаць прафесійную экспертызу, бо многія эксперты застаюцца ў Беларусі і для іх гэта небяспечна. 

    У гэтым плане больш прасторы для манёўраў у «Анлайнера», але не магу сказаць, што ён неяк гэтым скарыстаўся і вырваўся наперад. 

    А дзяржаўныя ж СМІ засталіся ранейшымі: ніякіх канфліктных тэм (ці напісаў хто пра знос вінакурнага завода ў Бабруйску і знішчэнне мазаік у Бярозе? Мне не сустракалася) і канцэнтрацыя на некалькіх аб’ектах, якія рэстаўрыруюцца за дзяржаўныя сродкі, на што можа неаднаразова рабіцца акцэнт у тэксце. 

    Замест таго, каб у мільённы раз перадрукоўваць пра наданне дранікам ахоўнага статусу, тыя ж раёначкі маглі б паездзіць па сваіх ваколіцах і патыкаць носам у тое, у якім стане знаходзяцца некаторыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і амаль усе помнікі без ахоўнага статусу. Гэтага няма. Часам хіба ў якой рэспубліканскай «Культуры» можна прачытаць пра гаротны стан сядзібы, звязанай з выдатнай асобай. Але ў цэлым стэрыльна: у нас усё добра, усё рэстаўрыруецца, а калі нешта разбураецца ці занядбана — гэтага не існуе. Адзінай падзеяй, якая выбівалася з агульнага раду, было абвальванне часткі Зембінскага касцёла, пра якое немагчыма было маўчаць, але пытанні кшталту «а як атрымалася?» ці «што трэба змяніць, каб не дапусціць у будучым?» не ўздымаліся.

    А як вы ацэньваеце колькасць падпісантаў? Ці адчуваеце патэнцыял для росту ў бліжэйшай перспектыве?

    — Колькасць падпісантаў няўхільна (хоць і павольна) расце ўвесь час. Лавінападобнага росту не чакаю, бо, па-першае, не разумею адкуль яму ўзяцца, па-другое, выпадковыя падпісанты гэтак жа хутка сыходзяць, як і прыходзяць — гэта заўважна па статыстыцы канала.

    Historyja

    На канал His­to­ry­ja з больш чым пяццю з паловай тысячамі падпісантаў нярэдка спасылаюцца СМІ, бо тут публікуюцца не толькі асветніцкія тэксты, але і навіны па тэме, і архіўныя фотаздымкі.

    — Ёсць такое ўражанне, што класічна тэме культуры больш прысвячаюць увагу беларускамоўныя СМІ, чым тыя арыентаваныя на расейскамоўную аўдыторыю. І гэта асабліва не змянілася за апошнія гады, — дзеліцца аўтар канала.

     Канешне, людзі звязаныя з культурай хацелі б, каб адпаведныя тэмы з’яўляліся часцей, але таксама можна зразумець СМІ, якія мусяць улічваць і запыт чытачоў. Бо зразумела, што тэма культуры цікавіць меншасць.

    Што да пытання, наколькі поўнамаштабная расійска-ўкраінскай вайна выціскае культурніцкую павестку, варта адзначыць, што яна спіхнула на другі план і іншыя тэмы, хаця культурніцкая амаль ніколі не была першаснай. Але, разам з гэтым, якраз некаторыя тэмы са сферы культуры, напрыклад пра мову, свядомасць і гісторыю акурат усплылі з новай хваляй. 

    Бо часткай гэтага канфлікту таксама зʼяўляецца вайна культур, у якой украінскі бок хоча адстаяць таксама сваю ідэнтычнасць і супрацьстаіць расеізацыі. 

    Так што можна заявіць пра пэўную запатрабаванасць тэмы, хаця ў беларускім інфаполі яна адносна не надта заўважальная.

    Акрамя таго варта таксама звярнуць увагу на адносна невялікі, але ўсё ж такі крыху большы чым раней попыт на зацікаўленне сваёй гісторыяй. А гэта вельмі істотна, бо гістарычная свядомасць — гэта адзін з важных элементаў нацыянальнай свядомасці, з якой традыцыйна вялікія праблемы ў беларускім грамадстве. Пры гэтым цяжка не заўважыць, што зʼяўляецца ўсё больш і больш праектаў якраз на культурніцкую тэму, што не можа не радаваць.

    Што да пытання аўдыторыі, заўсёды ёсць нейкі патэнцыя для росту, што ў тым ліку паказалі апошнія месяцы, калі людзі даведваліся пра канал упершыню. Зразумела, што папулярнасць праектаў залежыць таксама ад колькасці прадстаўніцтваў на розных платформах, але гэта асобная дыскусія.

    «Культурніцкія навіны ідуць разам са спартовымі, пра рэдкіх птушак у беларускіх лясах і «самага сэксуальнага мужчыну 2022»

    Беларуская Рада культуры мае і афіцыйны сайт і тэлеграм-канал BY_culture. Таму арганізацыя не толькі займаецца пытаннямі культуры і падтрымкі дзеячоў, але выконвае і медыйную функцыю. Запытваем куратара канала, наколькі вайна-палітыка і г.д. выціскаюць культурніцкую павестку.

    — Культурніцкая павестка і раней (у «мірныя» часы) не была прыярытэтам у «вялікіх» медыя (прыклад tut.by, дзе тэксты пра культуру друкаваліся ў раздзеле «Кругозор», zerkalo.io працягвае гэту традыцыю з рубрыкай «Подвал» — культурніцкія навіны ідуць разам са спартовымі, пра рэдкіх птушак у беларускіх лясах і «самага сэксуальнага мужчыну 2022»).

    Што да культурніцкай павесткі ў медыя: нашыя назіранні паказваюць, што, з аднаго боку, рэпрэсіі і вайна заканамерна выціскаюць культурніцкія тэмы ў сувязі з перафарматаваннем эфіраў пад вяшчанне ваеннага часу. З іншага — культурніцкія дзеячы адгукаюцца на бягучыя падзеі ў сваіх фарматах і такім чынам вяртаюцца ў навінавыя стужкі (песні пратэсту, антываенны арт, выставы салідарнасці і г.д.) і праз свае ўчынкі і заявы могуць стаць інфлюенсерамі, дзейнасцю і меркаваннем якіх цікавяцца «вялікія» СМІ (напрыклад, Маргарыта Ляўчук ці Саша Філіпенка).

    Што ў выніку? Тэма культуры гучыць у эфіры хутчэй фармальна — як набор імёнаў людзей, датычных сферы, і падзей/артэфактаў, якія маюць грамадскае значэнне і рэзануюць з актуальнай павесткай, але не аналітыкі таго, што адбываецца з культурніцкім працэсам тут і цяпер, падчас вайны і рэпрэсій. 

    Дзеля таго, каб неяк выправіць сітуацыю мы запусцілі адмысловы аналітычны праект.

    — Ці адчуваеце патэнцыял для росту аўдыторыі, як яна змянялася апошнім часам?

    — Мы назіраем рост цікавасці аўдыторыі да беларускай культуры. Улічваючы значную колькасць людзей, якія адкрылі для сябе яе існаванне не так даўно, то добры водгук атрымліваюць праекты, зразумелыя па форме і нацыянальна-арыентаваныя па змесце (сатыра, гісторыя, актуальныя праекты ад вядомых публіцы людзей, традыцыі, беларускі (а яшчэ лепш беларускамоўны) стэндап, казкі і г.д.)

    З гэтага пункту гледжання можна меркаваць, што культурніцкая тэма можа мець попыт у аўдыторыі — як мінімум у плане матэрыялаў у фармаце «ведай і любі сваё» ці «паслухайце новую песню Nav­iband».  Але гэта не адзінае, што можна і трэба рабіць дзеля медыйнага асвятлення культурніцкага працэсу.

    Калі казаць канкрэтна пра нашыя сацыяльныя сеткі, цяпер мы шукаем баланс паміж інфармаваннем пра нашу дзейнасць як арганізацыі, якая працуе з культурніцкім полем, яго актарамі і мае на мэце таксама і асветніцкія захады (тлумачэнне што такое культура, чаму гэта важна нават — ці асабліва — калі вакол тэрор і вайна), і медыйным суправаджэннем культурніцкага працэсу як такога.

    Калі з апошнім момантам больш-менш зразумела, то ў плане медыяпазіцыянавання сябе як арганізацыі, бліжэйшыя нашыя захады — сфармаваць з дзеячаў культуры і СМІ асобную аўдыторыю і больш шчыльна з ёй працаваць. 

    На нашу аўдыторыю таксама паўплывала прызнанне Беларускай Рады культуры «экстрэмісцкім» фармаваннем, а нашыя каналы «экстрэмісцкімі» матэрыяламі (заканамерныя адпіскі тых, хто ў Беларусі, і г.д.).

    — Ці дастаткова, на вашу думку, вялікія СМІ цяпер асвятляюць культуру?

    — Нават на момант больш-менш «стабільнага» 2020 года беларускія журналісты ў тэме культуры збольшага кіраваліся інфармацыйнымі нагодамі альбо рэагавалі амаль выключна на скандалы кшталту абуральных выпадкаў міністэрскай цэнзуры. 

    Праца з культурным полем часта была прымітыўнай, мы амаль не мелі аналітыкі і прасторы для літаратурнай, тэатральнай, кіна- і любой іншай крытыкі ў папулярных медыях. 

    Зразумела, за два гады пасля выбараў сітуацыя не стала лепш, часткай культурніцкай журналістыкі сталі матэрыялы пра рэпрэсіі ў дачыненні да культурных дзеячоў ці парушэнне іх правоў. Незалежныя культурніцкія падзеі цяпер больш шырока прадстаўлены за мяжой, чым унутры краіны, таму часта незразумела, як і каму пра іх распавядаць, бо мы прызвычаіліся чытаць пра падзеі, якія можам «спажыць» самі, а не зазнаць як абстрактную з’яву.

    Любая тэатральная рэцэнзія сёння цікавая толькі той дыяспары, у краіне якой адбылася прэм’ера, некаторыя фільмы не могуць быць паказаныя публіцы ўнутры краіны з меркаванняў бяспекі, адпаведна інфармацыя пра іх практычна «карысная» толькі тым, хто за мяжой. Адпаведна, культурніцкая журналістыка стала яшчэ больш інфармацыйнай і яшчэ менш аналітычнай, але адсочваць культурніцкі працэс сёння нашмат складаней, таму шмат што папросту не трапляе ў поле ўвагі журналістаў.

    — Пра сам беларускі культурніцкі працэс: ад пачатку поўнамаштабнай вайны ён стаў менш асвятляцца, а ці стаў ён сам па сабе вужэйшым?

    Сёння мы хіба не маем спосабу аб’ектыўна ацаніць, звузілася беларуская культурніцкая прастора ці не. Мы з відавочных прычынаў не маем поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны: нам вядома, што гэта час падпольнай культуры, кватэрнікаў, закрытых выстаў для абмежаванага кола і іншых «крызісных» фарматаў, але ацаніць маштаб не ўяўляецца магчымым. 

    Можна сказаць дакладна, што ўнутры краіны культурніцкі працэс звузіўся, але ці кампенсуе нястачу актыўнасць за мяжой, зноў жа невядома. 

    Стала нармальным, што пра некаторыя падзеі мы даведваемся постфактум, відавочна, шмат з іх, напрыклад, зладжаных беларускімі дыяспарамі розных краінаў свету, увогуле журналістамі ніяк не зафіксавана. Агулам можна сказаць толькі, што для культурніцкай журналістыкі сёння шмат працы, і гэта надзвычай цікавы час акурат для культурніцкай аналітыкі.

    У выніку…

    Прааналізаваўшы артыкулы па тэме ў незалежных выданнях, бачна, што першае месца па колькасці займаюць анонсы і агляды культурніцкіх падзей. Сапраўды, цэнзура, рэпрэсіі і антыбеларуская скіраванасць рэжыму прывялі да крытычнага скарачэння такіх падзей у самой Беларусі, сыходу часткі з іх у падполле, адпаведна па-за медыйную прастору. Тое ж, што адбываецца ў замежжы, па-першае, не кампенсуе культурніцкае жыццё ў колькасным і якасным вымярэнні, а па-другое, часта становіцца занадта лакальным для асвятлення ў медыя. 

    Таксама ў вялікай колькасці прадстаўленыя матэрыялы з асвятленнем культурніцкіх падзей блізкага замежжа, што выклікаюць рэзананс ці павязаныя непасрэдна з Беларуссю, таксама агляды навінак сусветнага кіно і літаратуры. 

    Пераслед не толькі дзеячоў беларускай культуры, але і яе спажыўцоў, на жаль, — частая тэма апошніх гадоў. Падобныя матэрыялы варта адносіць усё ж да рубрыкі «Грамадства», а не «Культура», бо першасным з’яўляецца факт рэпрэсій, а не род дзейнасці пацярпелай асобы.

    Пры тым падобныя факты часта становяцца каталізатарам для далейшага занурэння ў тэму — паўстаюць больш глыбокія артыкулы пра дзейнасць малавядомых творцаў ці лакальныя праекты беларусаў, патрапіўшых пад пераслед. 

    У той жа час бракуе — што назіралася і раней — аналітычных матэрыялаў. Так, на старонках незалежных медыя бадай немагчыма адшукаць крытыкі: ані літаратурнай, ані тэатральнай, ні кінакрытыкі. Пра ўручэнне найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Гедройця — 2022 некаторыя рэсурсы пісалі постфактум, частка дала анонсы, але знайсці напярэдадні аналітычныя артыкулы пра намінантаў, іхнія шанцы атрымаць прэмію, разбор прадстаўленых твораў не ўдалося.

    Аналіз культурнага жыцця ў медыя, як правіла, прадстаўлены праз выказванні творцаў у межах інтэрв’ю і гутарак, а не аналітычнай працай журналістаў.

    Відавочна, што беларускаму грамадству не стае незалежных спецыялізаваных тэматычных медыя ў галіне культуры. Праз брак такіх выданняў частка інтэлігенцыі чакае, што агульнанацыянальныя медыя запоўняць нішу, возьмуцца не толькі за асвятленне, але і за грунтоўны аналіз розных бакоў культурнага жыцця краіны. На сённяшні дзень казаць пра такі аналіз у СМІ не выпадае. 

    Да таго ж міжнародны досвед паказвае, што для якаснай працы ў галіне культуры медыя павінна мець вузкаспецыялізаваных супрацоўнікаў для адпаведных задач. Адсутнасць жа ў айчынных незалежных СМІ сталых рубрык кшталту «Кіно», «Мастацтва», «Літаратура» і г.д. сведчаць, што, калі такія спецыялісты і ёсць, то асвятленне адпаведных тэм не з’яўляецца іх адзінай і асноўнай працай у медыя. 

    Пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне, безумоўна, змяніў медыйнае поле: зводкі з фронту, сведчанні аб ваенных злачынствах, гісторыі беларусаў на вайне сталі займаць першыя палосы. Але варта зазначыць, што тэма культуры засталася ў беларускіх СМІ практычна ў тым жа аб’ёме, а праблемы ў яе асвятленні пачаліся не 24 лютага 2022 года і маюць значна больш глыбокі характар.

    Чытайце яшчэ:

    Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

    Як працуе рэгіянальная ўкраінская журналістыка ў непасрэднай блізасці да фронту? Вялікая гутарка з «Накіпела»

    “Дзіця застанецца без маці”. Са Швецыі дэпартуюць дысідэнтку і жонку беларуса

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці