«Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку
Сабіна Аліева вучылася ў ЕГУ на праграме "Міжнароднае права і права ЕС", але расчаравалася ў юрыспрудэнцыі і сышла ў журналістыку. Цяпер яна — вядоўца праграмы "Рэальныя навіны" на YouTube-канале "Краіна для жыцця" і журналістка сайта "Трыбуна". З чым звязана такая змена курсу? Як дзяўчына сумяшчае дзве працы? Пра гэта і многае іншае Сабіна Аліева расказала БАЖ.
«Мяне ніколі не палохалі пераходы, яны мяне захапляюць»
— Чаму такая рэзкая змена кірунку: сыход з права ў медыя?
— Насамрэч я сама гэтага не чакала, таму што з пятнаццаці гадоў я была задзейнічана ў некамерцыйных праваабарончых арганізацыях Беларусі.
А таксама ў дзясятым класе скончыла школу юрыдычнай клінікі і пачала кансультаваць беларускіх студэнтаў па пытаннях размеркавання.
Таму ў мяне не было сумневаў у тым, каб звязаць сваё жыццё з правам. Я знайшла Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) і паступіла на факультэт «Міжнароднае права і права ЕС» у 2019 годзе. Праз год адбыліся пратэсты ў Беларусі, і мяне запрасілі ў Zubr (платформу анлайн-маніторынгу працэсаў галасавання ў Беларусі — рэд.). У асноўным я займалася назіраннем за правапарушэннямі, затым мне прапанавалі стаць часткай медыякаманды. Так адбываўся плаўны пераход з права ў медыя.
У выніку я сышла з вучобы, так і не атрымаўшы дыплом. Гэта адбылося ў тым ліку праз тое, што я цалкам расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў, якія я вывучала. Бо падзеі ў Беларусі і ва Украіне лішні раз даказваюць — тое, што я вывучала, не працуе.
— Навошта праца ў медыясферы канкрэтна табе? Што гэта табе дае?
— Калі казаць пра медыі, то гэта магутная прылада ўплыву на ўсе працэсы жыццядзейнасці. Медыя — гэта пра тое, што ў кожнага чалавека ёсць права на атрыманне інфармацыі, зараз, на жаль, гэтае права спрабуюць адабраць у беларусаў. Для мяне важна, каб беларус, якога цікавіць, што адбываецца ў яго краіне ці нават у спорце, мог зайсці на сайт і меў доступ да дакладнай інфармацыі.
Я хачу інфармаваць людзей, уплываць і ў нейкай ступені нават адукоўваць іх. Незалежныя СМІ — крыніца праўды. Галоўнае, трэба крытычна думаць, каб не стаць ахвярай прапаганды.
— Як твае блізкія ставяцца да тваёй дзейнасці і такой рэзкай змене курсу?
— Штогод я ўзрушваю іх нейкімі новымі гісторыямі. Я вельмі люблю сваю сям’ю за тое, што яны гатовыя змяняцца кожны раз, калі надыходзіць час.
Мы доўга размаўлялі наконт адлічэння з універсітэта і на простых прыкладах прыйшлі да высновы, што мець дыплом неабавязкова.
Для мяне адукацыя — гэта не атрымаць “кніжку”, у якой напісана, што я адукаваны чалавек. Я кожны дзень вучуся дзякуючы інтэрнэту, курсам ці нават дзякуючы патрэбным знаёмствам. Гэта тое, што я спрабую данесці да сваіх бацькоў. Было дастаткова складана, таму што савецкаму чалавеку нялёгка прыняць, што можна ўладкавацца ў жыцці і без дыплома.
Мяне ніколі не палохалі пераходы, яны мяне захапляюць. Я не люблю вучобу ў класічным разуменні: сядзець за партай і слухаць. Гэта сумна. Для мяне гэта даследаванне, стварэнне і ўдзел у праектах. Чаму нельга выходзіць за межы? На мой погляд, трэба выходзіць з зоны камфорту і імкнуцца атрымліваць веды рознымі спосабамі. Таму што я б не хацела ўсё астатняе жыццё працаваць над чымсьці руцінным. Мне важна рухацца, бо новыя веды — гэта заўсёды крута.
«Калі ты пачынаеш рабіць нешта, што табе падабацца, гэта ўплывае на людзей і атрымлівае водгук»
— Чым веды ў юрыспрудэнцыі дапамагаюць у журналісцкай працы? Ці дае гэта нейкую перавагу перад журналістамі, якія не маюць такіх ведаў?
— Для таго, каб пісаць нейкі матэрыял, журналісту трэба вывучыць пэўную тэму, часта гэта таксама закранае і прававыя аспекты. Таму, мяркую, што многія журналісты падкаваныя ў праве, а калі не, то яны як правіла звяртаюцца да юрыстаў. Дзякуючы адмысловай адукацыі, я ведаю, як чытаць дакументы і як працуюць міжнародныя арганізацыі, напрыклад Еўрапейскі парламент. Гэта складаныя рэчы для разумення.
Таму веды дазваляюць мне рабіць кантэнт прасцейшым і зразумелым. Я лічу, што напышлевыя і складаныя фразы адпужваюць людзей.
Іх вабіць сумленнасць.
— Ці ёсць у цябе такое пачуццё, што твая медыядзейнасць прыносіць карысць навакольным?
— Безумоўна, так. Досыць складана пераадолець сіндром самазванца, які ўзнікае ў многіх. Часта ён праяўляецца ў людзей, якія займаліся валанцёрскай дзейнасцю, таму што ты заўсёды думаеш, што ты робіш недастаткова. Аднак мне пашанцавала, што ў мяне была вельмі добрая псіхолаг, якая дапамагла мне зладзіць з дэпрэсіяй і ўсвядоміць, што тое, што я раблю — гэта важна для мяне і прыносіць карысць іншым.
Калі ты пачынаеш рабіць нешта, што табе падабаецца, гэта ўплывае на людзей і атрымлівае водгук. Цяпер прыходзіць вельмі шмат фідбэку з падзякай. Гэта вельмі крута і, відаць, паказчык таго, што я ўсё раблю правільна. Спадзяюся, што гэта будзе карысна для Новай Беларусі.
— А як зараз развіваецца канал «Краіна для жыцця»? Ці вырасла ваша аўдыторыя за апошнія два гады?
— Пасля таго як Сяргей Ціханоўскі быў узяты пад варту, на канале выходзілі відэа ў асноўным пра Святлану Ціханоўскую альбо пра тое, што адбываецца на вуліцах. Калі стваралася каманда і мы пачыналі здымаць відэа і загружаць іх на канал, рэакцыі былі змяшаныя. Але ў нас была мэта, каб канал працягваў жыць, бо гэта справа Сяргея Ціханоўскага. Я ніколі з ім не сустракалася асабіста, але дужа паважаю. Вельмі хочацца, каб ён і іншыя вязні выйшлі на волю. У мяне ёсць мара — убачыць, як ён вядзе стрым на «Краіне для жыцця».
Колькасць нашых гледачоў вар’юецца. Спачатку яны пачалі адпісвацца, але потым адбыўся масавы прыток аўдыторыі. Самым крыўдным было, калі ў пэўны момант мы сутыкнуліся з тым, што людзі проста стаміліся ад інфармацыі. Гэтая тэндэнцыя назіраецца з сярэдзіны 2021 года.
Многім стала лягчэй пайсці паглядзець забаўляльны кантэнт і потым прачытаць навіны, чым чуць гэтыя навіны ў любым іншым фармаце. Адбыўся адкат аўдыторыі, і не толькі ў нас, але і ў многіх іншых каналаў.
Прырост пачаўся толькі зараз, таму што людзі зноў уключыліся ў «рэвалюцыйны» і «ваенны» парадак дня. Аднак зараз «Рэальныя навіны» ў асноўным прысвечаныя падзеям у Беларусі.
— Што вы рабілі, каб вярнуць аўдыторыю?
— Мы не рабілі нічога спецыяльна, але ўнеслі некаторыя змены. Напрыклад, раней кожную пятніцу мы вялі прамыя эфіры, пасля адмовіліся ад гэтага: усвядомілі, што людзям і так дастаткова інфармацыі, і не хацелася б іх перагружаць перад выходнымі. Мы з калегамі стварылі новы канал, дзе вельмі шмат забаўляльнага кантэнту.
Таксама ў нас ёсць сумесны праект з «МаланкаМедыя», дзе мы даем людзям пагуляць у квіз, асноўнымі тэмамі якога застаюцца навіны пра Беларусь. Імкнемся знаходзіць новыя падыходы, каб быць у кантакце з нашай пастаяннай аўдыторыяй.
Таксама існуе чат з нашымі падпісчыкамі, таму што важна ведаць, як аўдыторыя рэагуе на нашу дзейнасць. Гледзячы на гэта, можна правесці працу над памылкамі.
Я не хачу нагружаць людзей цяжкімі гісторыямі. Для мяне важна хутка і дакладна данесці інфармацыю, каб яны ўсведамлялі, што адбываецца.
«Мы нясем адказнасць за тое, што гаворым, і таму мы абавязаныя праводзіць праверку»
— Як праходзіць твой працоўны дзень?
— Трэба разумець, што маю дзве працы.
Першая гэта «Трыбуна», дзе я працую пазменна. Другая — «Краіна для жыцця», дзе ў мяне больш гнуткі графік.
Працоўныя дні падобныя адзін да аднаго. Напрыклад, сёння мне трэба зрабіць вокладку для відэа, загрузіць яго на YouTube-канал «Суполка BY», зрабіць апісанне і тайм-коды. Пасля мне трэба ўзяць інтэрв’ю, а ў 16.00 у мяне пачынаецца праца ў «Трыбуне». Тут я ўжо проста бяру ноўтбук і працую да 12-ай ночы. Прыкладна так адбываецца штодня, і потым у мяне два дні выходных.
— Узнікае лагічнае пытанне як ты з усім спраўляешся?
— Я прызвычаілася да такога жыцця. Цяпер няма вучобы, і я магу цалкам сканцэнтравацца на працы. Мяне некалі пыталіся: «Навошта табе дзве працы?». Я заўсёды адказвала, што сумяшчэнне прац у «Трыбуне» і ў «Краіне для жыцця» — гэта своеасаблівы баланс, які дапамагае мне трымацца на плыву. У «Трыбуне» я асвятляю спорт, гэта праца дастаткова стабільная, а ў «Краіне для жыцця» заўсёды пачынае ехаць дах ад вялізнай колькасці негатыўных навін з Беларусі. Але мне падабацца, што я маю магчымасць планаваць свой час, гэта вельмі зручна.
— Колькі часу ідзе ў вас на здымкі? А таксама адкуль вы бераце інфармацыю для выпускаў навін?
— Я прыязджаю ў офіс а дзясятай гадзіне ў панядзелак, да трох гадзін дня ў мяне ўжо гатовы сцэнар, які кожны з нас піша сам, а палове чацвёртай адбываецца запіс, затым падчас мантажу я займаюся стварэннем вокладкі і апісання.
Наконт крыніц важна сказаць, што гэта як пашанцуе. У асноўным гэта тэлеграм-каналы і сусветныя інфармацыйныя парталы, але вельмі шмат навін пра рэгіёны прыходзіць асабіста ад людзей. Кожны з нас правярае гэтую інфармацыю. Мы нясем адказнасць за тое, што гаворым, і таму мы абавязаныя праводзіць праверку. У нас толькі самацэнзура.
Раней было шмат чутак пра тое, што асабіста Святлана Ціханоўская займаецца нашым рэдагаваннем, але гэта поўны абсурд.
— Якія ў цябе далейшыя планы? Ці збіраешся ты заставацца ў медыясферы, і якіх актыўнасцяў ад цябе чакаць?
— Люблю складаць планы, але максімум на тыдзень. З журналістыкі я нікуды не пайду, бо гэта тое, што ў мяне атрымліваецца, гэта маё. Цяпер у мяне пачнецца навучанне ў адной з журналісцкіх школ, не магу пакуль казаць у якой. Я ўсё яшчэ працягваю працаваць у «Трыбуне» і развіваць TikTok «Трыбуны».
Я спадзяюся, што калі-небудзь мяне ўбачаць на YouTube з выпускамі на спартовую тэматыку. У нас, на жаль, медыяпрастора дастаткова вузкаскіраваная: вельмі шмат палітычных каналаў, але мала разнастайнага кантэнту ў іншых сферах. Неабходна развiвацца. Таму я з гэтага шляху не сыду. Вельмі хочацца ўзняць беларускi YouTube.
Чытайце яшчэ:
Задачка со звездочкой: свобода слова, права человека или национальная безопасность?
«Вершыкі пакуль на паўзе, бо галава занятая процьмай важных інструкцый». Навіны ад Андрэя Кузьнечыка
Журналіст выдання Rzeczpospolita напісаў кнігу пра Святлану Ціханоўскую