• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рамуальда Улана як «ненадзейнага элемента» маглі наўмысна ізаляваць на час адзначэння дзяржаўнага свята

    Калегі экс-рэдактара «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Улана напярэдадні паведамілі, што ў пятніцу 30 чэрвеня яго выклікалі ў гарадскі РАУС для атрымання чарговага папярэджання. Адтуль ён не вярнуўся — мяркуючы па ўсім, застанецца за кратамі мінімум да аўторка, бо ў краіне доўгія выходныя з прычыны дзяржаўнага Дня незалежнасці.

    ulan.jpg (900×600)

    Рамуальд Улан толькі ў траўні вярнуўся дадому з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Гомелі, дзе адбываў 2,5 гады абмежавання волі нібыта за «абразу супрацоўнікаў праваахоўных органаў». 

    Аднак прыступіць да паўнавартаснай працы ў сваім друкарска-тэхнічным цэнтры атрымліваецца з цяжкасцю — пастаянна пра сябе нагадваюць  сілавікі. Так, 16 чэрвеня яго запрасіў на гутарку інспектар, адказны за нагляд пасля «хіміі». Запэўніў, што візіт фармальны, «толькі распісацца».

    Але там ужо чакалі капітан міліцыі і начальнік крымінальнага вышуку з матэрыяламі адміністрацыйнай справы — нібыта знайшлі ў сацсетках спасылкі на медыя, якія толькі сёлета прызналі «экстрэмісцкай прадукцыяй». У выніку затрымалі на 72 гадзіны, а ў бліжэйшы працоўны панядзелак старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч пакараў былога палітвязня ўжо адседжаным тэрмінам паводле арт. 19.11 КаАП. 

    Гэтым разам знаходжанне ў пастарунку апрыёры зацягнецца істотна даўжэй — на 3 ліпеня прыпадае Дзень незалежнасці, судовая ўстанова пачне працаваць толькі на наступны дзень. 

    На думку паплечнікаў Рамуальна Улана, вядомага ў рэгіёне прадпрымальніка маглі ізаляваць прэвентыўна дзеля недапушчэння «сюрпрызаў» з яго боку падчас правядзення афіцыйных мерапрыемстваў.   

    Пры гэтым не выключаецца і пэўны элемент помсты — пасля выхаду з трохсуткавага арышту той падрабязна апісаў здзекі ў ізалятары ў дачыненні да «палітычных».   

    «Звычайных хуліганаў, сямейных дэбашыраў гэта не тычыцца — спяць з матрацамі, падушкамі і коўдрамі. У мяне не было нічога. Мала таго, па маёй «экстрэмісцкай» катэгорыі ў камеры нельга чытаць кнігі, гуляць у шашкі ці нарды. Перадачы таксама забароненыя. На планавыя і пазапланавыя праверкі выводзяць у кайданках. Двойчы за ноч будзяць — трэба было падысці да дзвярэй і праз «кармушку» назваць персанальныя звесткі. Зноў жа, звычайных злыдняў гэта не тычыцца», — падзяліўся досведам свайго побыту ў ІЧУ Рамуальд Улан.

    Зрэшты, каб не дэманстраваць публічна свае крыўды, улады могуць зноў пакараць экс-палітвязня за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іншая справа, што праз «рэцыдыў» наўрад ці гэта ўжо абыдзецца трымя суткамі.  

    Заснавальніка «Новай газеты Смаргоні» затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Той сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах, і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу».

    5 студзеня 2021 года суддзя Смаргонскага раённага суда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, тром — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.

    У сярэдзіне 1990‑х Рамуальд Улан быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаванае ім выданне хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышло накладам дзяржаўную раёнку. Пасля таго, як медыйны праект задушылі эканамічна, ён арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Сталымі кліентамі офіса былі ў тым ліку сілавікі, суддзі, пракурорскія работнікі. 

    Чытайце яшчэ:

    «Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы

    «Если бы удалось поговорить с кем-то из окружения Лукашенко, это был бы крутой вызов». Почему важно оставаться в контакте с властью

    «Калі журналіст будзе рабіць два вялікіх якасных матэрыялы на месяц, яму на хлеб не хопіць». Гутарка з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці