«Прызначаны легітымізаваць практыку знішчэння свабоды слова». Праваабаронцы — пра «Форум па кіраванню інтэрнэтам»
У сярэдзіне лістапада ў Мінску пройдзе праўладны «Форум па кіраванні інтэрнэтам». Раней гэта было адкрытае мерапрыемства, куды запрашалі гульцоў рынку. Але цяпер яго адзіная мэта — стварыць уражанне нармальнасці і легітымізаваць рэпрэсіі.
З гэтай нагоды БАЖ, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta і іншыя праваабаронцы выступілі з заявай.
Арганізатары форума Belarus IGF сцвярджаюць, што гэта «найбуйнейшая ў краіне адкрытая пляцоўка для абмеркавання ключавых аспектаў развіцця інтэрнэту», а «паўдзельнічаць у фармаванні парадку можа любы жадаючы».
— Ніякі змястоўны дыялог паміж зацікаўленымі бакамі немагчымы ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій, — сказана ў сумеснай заяве БАЖ, Human Constanta, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Звозскава, «Прававая ініцыятыва», Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый (OEEC) і інш.
Праваабаронцы нагадваюць, што форум не праводзіўся з 2020 па 2023 гады па змрочных прычынах пасля фальсіфікацыі выбараў, падчас і пасля якіх доступ да інтэрнэта маштабна амбяжоўваўся. А арганізатарам мерапрыемства выступае кампанія Hoster.by, якая раней была звязана з Tut.by. Яна таксама апынулася пад рэпрэсіямі.
— Улічваючы цяперашні палітычны клімат у Беларусі, які закрануў як яе грамадзян, так і буйны бізнес, мы не маем намеру асуджаць нацыянальных арганізатараў мерапрыемства, — падкрэсліваецца ў заяве праваабаронцаў. — Аднак мы ўздымаем пытанні да міжнародных партнёраў, якія пацвердзілі свой удзел, і заклікаем іх разгледзець больш шырокія наступствы свайго ўдзелу.
Як нагадваецца ў дакуменце, з 2020 года рэжым узмацніў пераслед анлайн-крытыкі, што прывяло да блакавання дзясяткаў незалежных СМІ і класіфікацыі анлайн-кантэнту пэўных груп як «экстрэмісцкага» або «тэрарыстычнага». А многія медыя вымушаны былі закрыцца ці выехаць за мяжу.
— Форум прызначаны легітымізаваць дзяржаўную практыку знішчэння свабоды слова, і ўдзел высокапастаўленых замежных партнёраў будзе спрыяць гэтай легітымацыі, па сутнасці даючы выразны знак прыняцця такой практыкі на фоне ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі, — лічаць прадстаўнікі БАЖ і Human Constanta.
У сумеснай заяве падкрэсліваецца, што праваабаронцы падтрымліваюць асноўныя прынцыпы форуму «быць адкрытым і празрыстым, інклюзіўным, шматбаковым і некамерцыйным», аднак на дадзены момант такі дыялог у Беларусі немагчымы.
— Мы лічым шкоднымі спробы імітаваць форум пры падтрымцы міжнародных арганізацый і заклікаем устрымацца ад удзелу ў мерапрыемстве і тым больш не спансіраваць пышныя фуршэты для чыноўнікаў і сілавікоў, якія працягваюць знішчаць рэшткі анлайн-свабоды ў краіне, — кажуць падісанты дакумента.
Яны заклікалі напісаць ліст, адправіць паштоўку і запатрабаваць свабоду для тых палітычных зняволеных, якія да крызісу 2020 года спрыялі развіццю форума як пляцоўкі для дыялогу: Марыне Золатавай, Людміле Чэкінай і Насце Лойка.