Лукашэнка: «Інтэрнэт адключаюць з‑за мяжы, каб выклікаць незадаволеньне насельніцтва»
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком місіі назіральнікаў СНД Сяргеем Лебедзевым 10 жніўня заявіў, што на Беларусь «спрабуюць мэтанакіравана ціснуць з розных бакоў» і «гібрыдна дзейнічаюць па ўсіх напрамках» — у тым ліку адключаюць доступ да інтэрнэту, піша БелТА.
«Камусьці карціць, заклікаюць выходзіць на вуліцы, — казаў Лукашэнка. — Нават з‑за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасьць у насельніцтва. Цяпер нашы спэцыялісты разьбіраюцца, адкуль ідзе гэтая блякіроўка. Таму, калі інтэрнэт дрэнна працуе, гэта ня наша ініцыятыва, гэта з‑за мяжы».
Беларусы паведамлялі пра праблемы з доступам да шэрагу замежных, а затым і беларускіх рэсурсаў ад раніцы 9 жніўня. Праблемы з доступам захоўваюцца і 10 жніўня. У ліку недасяжных беларусам рэсурсаў былі мэсэнджэры, сацсеткі, а таксама незалежных выданьняў/ Ды на доступ да дзяржаўных СМІ нараканьняў не было, хоць Нацыянальны цэнтар абмену трафікам сьцьвярджае, што назіралася атака на абсталяваньне, на якім разьмяшчаюцца дзяржаўныя сайты, у тым ліку КДБ і МУС.
Пры тым недасяжныя зь Беларусі інтэрнэт-рэсурсы нармальна працуюць з‑за мяжы, а ў Беларусі блякуюцца сродкі абыходу блякаваньняў. Ня толькі на месцы масавых акцыяў, але і проста ў цэнтрах гарадоў кепска працавала мабільная сувязь, паведамлялі відавочцы.