«Просіць падручнікі, значыць, мае пляны на будучыню». Навіны былых гомельскіх журналістаў, якія трапілі за краты
13 верасьня ў Гомлі быў затрыманы гісторык і краязнаўца, былы журналіст Яўген Меркіс. Дагэтуль ён у СІЗА. 6 сьнежня ў Гомлі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Свабода даведалася пра навіны ад іх.
«Абураўся, што ня мог паглядзець чэмпіянат сьвету па футболе»
Знаёмая з сытуацыяй крыніца расказала Свабодзе, што Яўген Меркіс перад Новым годам трапіў у карцар. За тое, што нібыта не пагаліўся.
«Цяпер ён ужо ў звычайнай камэры. Лісты нікому, апроч родных, не даходзяць ад яго. Вядома, што ў яго роўны псыхалягічны стан. Ён чытае тое, што знаходзіць у турэмнай бібліятэцы. Хоць і не задаволены выбарам, канечне. Напрыклад, чытаў Дастаеўскага, і той яму не спадабаўся. Жартуе, што хоць бы справа не дайшла да Данцовай (аўтарка бульварнай прозы. — РС). Ён абураўся, што ня мог паглядзець чэмпіянат сьвету па футболе. Навіны пра чэмпіянат ведаў толькі з радыё і дзяржаўных газэт», — расказала крыніца.
Яўген Меркіс добра валодае ангельскай і нямецкай мовамі. Ён прасіў, каб у СІЗА яму перадалі падручнікі па францускай мове. «Значыць, ён у добрым стане і мае пляны на будучыню», — кажа суразмоўца.
Але падручнікі ў турму не прынялі, «зьмяніліся правілы». Яўген мусіць напісаць заяву на імя начальніка СІЗА, мець пад рукой каталёг кнігарні, замовіць з дапамогай людзей на волі пэўныя кнігі і аплаціць іх з тых грошай, якія ёсьць на рахунку ў СІЗА.
«У лістах ён перадае, як сам піша, „нізкі паклон“ усім людзям, якія памятаюць пра яго і падтрымліваюць. Таксама і тым, хто падтрымлівае ягоных родных і сяброў на волі», — дадала крыніца.
Яўгена Меркіса абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361–4), яму пагражае ад 2 да 6 год зьняволеньня. 13 верасьня ў журналіста прайшоў вобшук, у яго забралі носьбіты інфармацыі, а самога журналіста затрымалі. Таксама вобшукі прайшлі ў бацькі Яўгена і ў ягоных сяброў і сябровак. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязьнем.
«На прагулках яна сьпявае розныя песьні»
Супраць былой гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую затрымалі 6 сьнежня, сілавікі распачалі крымінальную справу паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэксу («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Пакараньне — да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Вядома, што яе абвінавачваюць за «нейкае інтэрвію», у якім былая журналістка «дыскрэдытавала Беларусь».
Акалічнасьці справы невядомыя, адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні.
16-гадовы сын Шчыраковай Сьвятаслаў трапіў пасьля затрыманьня маці ў прытулак. Родным арыштаванай журналісткі сына не аддалі, матывуючы гэта тым, што падлетка могуць перадаць «законнаму прадстаўніку» — бацьку. Ён прыляцеў з расейскага Новасібірску, аформіў неабходныя дакумэнты і забраў сына з прытулку. Цяпер падлетак жыве з татам.
Перад арыштам былая журналістка пісала ў Facebook, што ў выпадку яе затрыманьня сыну неабходная дапамога настаўнікаў па матэматыцы, фізыцы і хіміі. Як стала вядома Свабодзе, такія настаўнікі знайшліся, і яны дапамагаюць Сьвятаславу.
«У лістах яна ня можа напісаць пра нешта, апроч побытавых рэчаў. Ведаем, што ходзіць на прагулкі і сьпявае там. Бо Ларыса шмат гадоў займалася народнай творчасьцю, беларускай культурай, фальклёрам, ведае шмат песень», — кажа суразмоўца.
Увосень 2022 году Ларыса паступіла вучыцца на псыхоляга, яна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю. «У лістах яна прасіла падручнікі па псыхалёгіі, пакуль іх не ўдалося перадаць. Ведаем, што стан у яе нармальны, гістэрык ці сьлёз не было», — кажа крыніца.
Чытайце яшчэ:
«Не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў, як без інфармацыі». Размова пра вынікі года з дырэктаркай Lviv Media Forum
Прэзідэнцкая газета піярыць пуцінскага “кувалдыста” Прыгожына
Марина Золотова: «Мы не сдаёмся вот так просто»