Просіць часопісы, піша лісты, раіцца, як карысна патраціць 74 рублі. Навіны Андрэя Кузьнечыка
Палітвязень, журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за 664 дні зьвяволеньня напісаў жонцы з-за кратаў 131 ліст, прачытаў каля 100 кніг. У апошнім лісьце ён раіць дачцэ «цікавіцца навукай, бо ў вучобе ня толькі сумнае», піша Свабода.
Палітвязень, журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за 664 дні зьвяволеньня напісаў жонцы з‑за кратаў 131 ліст, прачытаў каля 100 кніг. У апошнім лісьце ён раіць дачцэ «цікавіцца навукай, бо ў вучобе ня толькі сумнае».
Сумуе па роварных падарожжах: некалі праехаў 280 км за два дні
Андрэй цешыцца добрым надвор’ем — у калёніі ён па-ранейшаму працуе 6 дзён на дварэ, на дрэваапрацоўцы. І прыгадвае сваё роварнае падарожжа ў 280 кілямэтраў.
«У нас тут аксамітны сэзон, а ў вас, мабыць, яшчэ аксаміцейшы.
Пад цёплым ветрыкам прыгадалася, як амаль такім жа надвор’ем недзе 9 верасьня езьдзіў роварам зь Менску ў Бегамле цераз Мсьціж зь Зембінам. 280+ км за два дні. Шыкоўная была паездачка, і цяпер ёсьць што пракручваць у памяці. Зрэшты, і аўтобусная дарога цераз Плешчаніцы застанецца хутка толькі ў памяці. Паглядзеў, як зь яе робяць магістраль з бэтону і разьвязкамі. Спадзяюся, зробяць аб’езд для Бегамля. Ці тады ваш г. п. з амбіцыямі раённага цэнтру зусім без жыцьця застанецца? Мо ўжо і пляны таго аб’езду ёсьць?» — пытаецца ён.
«Друкаваная эпоха, выглядае, адыходзіць»
Андрэй шмат інфармацыі знаходзіць у пэрыядычных выданьнях, якія выпісвае ў калёніі, — тут дае плён выдатны прафэсіяналізм рэдактара. Калі інфармацыі бракуе, дае жонцы заданьне даведацца пра падрабязнасьці, паглядзець у інтэрнэце альбо пашукаць газэты і часопісы ў шапіках.
«Купляць ня трэба. Проста паглядзі анонсы зь першай старонкі.
А калі не дасі рады, ня бегай па шапіках, столькіх высілкаў гэтая просьба ня вартая.
Шмат якія часопісы добра калі прадаюцца ў адным шапіку каля рэдакцыі, як тое ж (жахлівае) «Полымя» ці «„Маладосьць“. Друкаваная эпоха, выглядае, адыходзіць. Што да моў, то нам з табой, гуманітарыям, думаю, яшчэ пашанцуе вывучыць не адну. А разам і ў шчасьці — клімату ўжо неяк дамо рады…» — піша Андрэй.
«У вучобе ж ня толькі сумнае»
У лістах палітвязень раіцца, як з найбольшай карысьцю патраціць у турэмнай краме вылучаныя на месяц 2 базавыя (адна базавая велічыня — 37 рублёў, то бок на месяц прыпадае 74 рублі. — РС) пры тым, што атаварыцца яму выпадае ня кожны раз, як ён піша, «праз тамтэйшыя „занадта прагрэсіўныя бізнэс-працэсы“».
Андрэй дае парады, як прыахвоціць 9‑гадовую дачку Яніну да вучобы, узгадвае супольны з жонкаю пазытыўны досьвед:
«Хацелася б Яніне пажадаць цікавіцца навукай, бо ў вучобе ж ня толькі сумнае. Вось мы з табой каб добра не вучыліся, то мо і не сустрэліся б», — піша Андрэй ў лісьце да жонкі Алесі.
Бацька хвалюецца, ці не занадта дарослая ўжо Яніна для ягоных вершыкаў пра коцікаў і мышак, радуецца яе дасягненьням, посьпехам і творчасьці.
На вакацыі Андрэева жонка Алеся шмат вандравала зь дзецьмі па Беларусі. Яна шле мужу шмат фота дзяцей, каб бацька бачыў, як яны растуць і сталеюць.
«Малайцы, што не седзіце на месцы, дыхаеце сьвежым паветрам, радуеце бабуляў—дзядуляў. Дзякуй за сонечныя і ўсьмешлівыя фоткі. Разглядаю і стараюся пазнаваць і мясьціны заадно», — напісаў Кузьнечык.
«Магутныя фразы пра законы і грошы»
Андрэй шмат чытае, нягледзячы на цяжкую працу 6 дзён на тыдзень і адзін выходны, калі ён піша вялікія лісты родным.
Кузьнечык перачытвае Якуба Коласа, але сьніць пасьля тужлівыя сны. Адначасова з жонкай Алесяй яны прачыталі раман-антыўтопію амэрыканскай пісьменьніцы Айн Рэнд «Атлянт выпрастаў плечы».
«Атлянта» мы з табой узяліся чытаць паралельна. Я ў захапленьні. І хутчэй ад сэнсу словаў, а не ад сюжэту, хоць і ён трымае. Магутныя фразы пра законы, грошы, маніпуляваньне, дасягненьні, маральны кодэкс, працу, злачынства, карысьць і г. д. І самыя характары герояў вельмі магутныя. Хоць і яны, і падзеі, наколькі я разумею, прыдуманыя«, — дзеліцца ў лістах уражаньнямі Андрэй.
Родныя перасылаюць Андрэю чыстыя паштоўкі. Дзеці часам самі іх выбіраюць. На паштоўках з намаляванымі зьвярамі і птушкамі ён піша кранальныя вершы для сына і дачкі. Любіць разглядаць паштоўкі зь беларускімі краявідамі, якія перадаюць жонцы сябры, каб слала Андрэю.
«Дзякуй за зграбную паштоўку з Траецкім прадмесьцем. Забаўна, што мастачка вынесла за рамкі нягеглы „дом чыжа“, але пазначыла „парнік летняй вэранды“. Але ж шмат добрых успамінаў з тым раёнчыкам!
Дзякуй за цеплыню і матывацыю маім далёкім сябрам. Мне ў жыцьці шанцавала на сьветлых, натхняльных і мэтаскіраваных людзей. Іх часьцінка таксама ў маім адчуваньні свабоды і небеспадстаўнасьці надзеі на лепшае», — ня траціць надзею Андрэй Кузьнечык.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Кузнечик Андрей Алексеевич, 29 декабря 1978 года, журналист "Радио Свобода" — ИК №1, 211440, г. Новополоцк, ул. Техническая, 8.
Чытайце яшчэ:
«Упершыню з’явілася адчуванне, што я ў гэтым жыцці зусім адна». Пяць гісторый журналістаў, з якімі спынілі адносіны родныя праз грамадзянскую пазіцыю
«Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт
Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа