• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Упершыню з’явілася адчуванне, што я ў гэтым жыцці зусім адна». Пяць гісторый журналістаў, з якімі спынілі адносіны родныя праз грамадзянскую пазіцыю

    Цяпер супярэчлівы час, калі праходзяць выпрабаванні як людзі, так і іх стасункі. Часам родны чалавек раптоўна становіцца чужым, а малазнаёмы падстаўляе плячо, дае падтрымку і суцяшэнне. Такія лініі дэмаркацыі рассеклі многія сем’і.

    На жаль, з падобным сутыкнуліся і беларускія журналісты, з якімі з прычыны розных палітычных поглядаў спынілі адносіны сваякі ці сябры. Пяць чалавек пагадзіліся расказаць нам свае гісторыі, як справіліся з непаразуменнем родных і што ім надае сілы жыць далей. 

    Прадзюсарка Democratic Media Institute Марыя Малевіч: «Падчас пратэстаў цётка рэгулярна тэлефанавала маёй маці і пыталася, ці арыштавалі нарэшце мяне і майго мужа»

    — Тыя, хто працуе незалежнымі журналістамі ў Беларусі, пачалі сутыкацца з праблемамі ў адносінах з роднымі, блізкімі, сябрамі задоўга да 2020 года. Таму што палітычная тэма, нязгода з існуючай уладай былі актуальнымі цягам усяго тэрміну праўлення Лукашэнкі. І гэта не вынаходніцтва 2020 года. Што тычыцца сяброў, то тут варта адзначыць, што мы абіраем тую суполку, якая збольшага падзяляе нашы погляды. А вось са сваякамі ўсё значна цяжэй. Сваякоў мы не выбіраем, а значыць, і іх рэакцыі на нашы дзеянні.

    Сям’я майго бацькі — ягоная маці, сястра і іншыя сваякі — заўжды глядзелі на мяне як на дзіўнае стварэнне, бо замест таго, каб працаваць бухгалтарам ці любым іншым паважаным чалавекам, я абрала сабе шлях журналіста, ды яшчэ і адукацыю адпаведную атрымала. Так раз і назаўжды засталася ў іх вачах чалавекам без нармалёвай прафесіі. Але куды горшым было тое, што я не хацела працаваць і ніколі не працавала ў дзяржаўным СМІ.

    Праз гэта былі кпіны, нежаданне сустракацца ці падтрымліваць размову. Мы з маімі аддаленымі сваякамі з розных пакаленняў, у нас былі досыць разнастайныя інтарэсы. Ні я ім нецікавая, ні яны мне. Хоць і жылі ўсе ў адным горадзе — Мінску, і сустракаліся на фамільных святах раз-два на год. Палітычная тэма там калі і ўзгаралася, то паміж людзьмі старэйшага пакалення — маімі бацькамі, іх бацькамі, братамі, сёстрамі, цёткамі.

    Ёсць такая праслойка беларусаў, якая вельмі востра рэагуе на чужы поспех, напрыклад, фінансавы. Мае сваякі былі трохі расчараваныя, што я не бядую, не галадаю, вагу набіраю. Мой муж таксама журналіст, але і ён не выглядае змораным. І ў адпачынак мы ездзілі. Вонкава былі як нармальныя людзі, хоць уладу і не любілі.

    У 2020 годзе ў паветры лунала адчуванне, што будуць нейкія зрухі. Адна частка гэтых перамен чакала, а другая, якая была нейтральнай ці пралукашысцкай, іх баялася. Бо для такіх людзей гэта рызыка ўласнага дабрабыту.

    У маёй сям’і не было чыноўнікаў ці міліцыянтаў. Гэта такія шараговыя «умеренно интеллигентные» людзі, якія прыраслі да сваіх невялікіх пасад. І мяне ўспрымалі не як сямейную блазанку, пра якую можна папляткарыць за спінай, а як непасрэдную пагрозу іх дабрабыту.

    Напрыклад, у апошнія пяць гадоў мая цётка са мной не камунікавала, не віншавала з Днём народзінаў — проста ігнаравала факт майго існавання. А ў 2020 годзе падчас пратэстаў яна рэгулярна тэлефанавала маёй маці і пыталася, ці не арыштавалі мяне нарэшце, ці не арыштавалі майго мужа, і калі нас арыштуюць, ці забяруць нашае дзіця ў дзіцячы дом?

    Калі мне давялося з’ехаць з краіны, частка маёй сям’і ўспрыняла гэта як належнае, як іх перамогу. Былі і смешныя рэчы, калі пачалі дзяліць рэчы, што засталіся ў нашай мінскай кватэры: адзенне, пабытовую тэхніку, тэлевізар, якія мы набывалі для сябе. Сваякі, калі даведаліся, што мы з’ехалі і не плануем вяртацца, праяўлялі цікавасць да гэтых рэчаў. Як у старым жарце: добра, што суседзяў расстралялі. Тут нешта падобнае.

    Гэта псавала нервы маім бацькам. Яны чакалі падтрымкі ад сваіх сем’яў, а замест таго атрымалі ў лепшым выпадку злараднасць. На жаль, мой бацька нечакана памёр год таму, і ягоная сястра, якая пыталася, ці не пасадзілі нарэшце нас, не прамінула ўзгадаць, што ў яго заўчаснай смерці вінаватыя не кавід, не беларуская медыцына, не недарэчнасць лёсу, а менавіта хваляванне, якое даставіла шалапутнае дзіця, то бок я.

    Гэта жорстка, непрыемна. І пакуль мы з мужам у эміграцыі, пакуль спрабуем рабіць нешта на карысць Беларусі, нашы сваякі паспяхова дзеляць спадчыну, пакідаючы мяне ў баку, распаўсюджваюць плёткі, ні ў чым ужо не стрымліваючыся.

    Самае смешнае, што праз год эміграцыі праз маю маці мне перадалі адзінае пытанне, якое хвалявала маіх сваякоў: ці дапамагу я ім зрабіць візу.

    Журналістка Таццяна: «Аднойчы я не вытрымала і заблакавала маму і сястру»

    — Я займаюся журналістыкай больш за дзесяць гадоў, але бацькі ніколі не цікавіліся і наўрад ці змогуць назваць хоць бы адно месца маёй працы. Апроч апошняга, таму што рэжым Лукашэнкі абвясціў яго «экстрэмісцкім». У снежні 2022 года я паведаміла маме, што змяняю працу.

    У першыя два тыдні мама тэлефанавала і толькі крычала. Казала, што я нічога не дамаглася ў жыцці, раз вырашыла стаць «экстрэмісткай», што лепш ісці на завод і працаваць за капейкі, што не для таго мяне гадавалі. І кучу іншага глупства, але вельмі крыўднага.

    Яшчэ яна падгаварыла сястру, якая хоць і не крычала, але спрабавала на мяне ціснуць. Яны маніпулявалі сваімі пачуццямі, здароўем і г. д. Але аніразу не пацікавіліся, што адчуваю я. Аднойчы я не вытрымала і заблакавала абедзвюх. Увесну мы зноў сталі камунікаваць з мамай. Яна піша: «Прывітанне, як справы?» — і дасылае фотаздымкі сваіх кветак. Я адказваю — і цішыня. Яна нават не чытае маіх паведамленняў! Перыядычна ад яе прылятаюць прэтэнзіі: «Зусім забылася на бацькоў». Я адказала: «Не пішу, таму што ты не адказваеш на мае паведамленні». Зваротны ліст прыйшоў толькі праз некалькі дзён. Хоць раней мы камунікавалі амаль штодня.

    Я імкнулася не абмяркоўваць з бацькамі пратэсты 2020 года, каб не пайсці ў бессэнсоўныя спрэчкі. Яны галасавалі за Ціханоўскую, падтрымлівалі пратэстоўцаў, і мама — якая іронія! — нават давала каментар СМІ, у якім я цяпер працую. Але ўсё ж бацькі вельмі далёкія ад палітыкі і слаба разумеюць прычынна-выніковую сувязь. Аднойчы мама сказала, што, калі б не Ціханоўская, вайны ва Украіне не было б, і толькі дзякуючы Лукашэнку баявыя дзеянні не дайшлі да Беларусі. Прытым яна сама галасавала за Святлану Георгіеўну: выбары 2020 года былі першымі ў яе жыцці.

    Мама не ябацька, проста яна не разумее, што адбываецца і чаму ўсё не так, як раней. Тата і сястра займаюць больш выразную пазіцыю, яны не падтрымваюць ні рэжым Лукашэнкі, ні вайну ва Украіне. Але з імі я не маю зносін зусім, з мамай — рэдкія паведамленні ні пра што.

    Я з’ехала ад бацькоў адразу пасля сканчэння школы, але сям’я для мяне заўсёды была выспай стабільнасці. Падавалася, тое ёсць і будзе заўжды. Выявілася, што не. У апошні раз я бачыла бацькоў напрыканцы 2019 года. Потым ковід, выбары, пратэсты — вяртацца было небяспечна. Бацькі да мяне ніколі не прыязджалі і не збіраюцца, хоць я іх увесь час запрашаю ці прапаную ўбачыцца ў трэцяй краіне, куды не патрэбныя візы. Калі мы перасталі мець зносіны, а потым я рассталася з хлопцам, упершыню з’явілася адчуванне, што я ў гэтым жыцці зусім адна. Прапала базавае пачуццё бяспекі. Пару месяцаў у мяне быў моцны крызіс, пакуль я не пайшла да псіхіятра і не папрасіла антыдэпрэсанты. Я жыву ў Польшчы ўжо шэсць гадоў і, на шчасце, за гэты час паспела вывучыць мову, знайсці сяброў, наладзіць шмат кантактаў, нават абзавесціся сваімі дактарамі. Гэта дапамагло выстаяць. Тым, хто пераехаў вымушана ў апошнія год-два, можа быць значна больш складана ў такой сітуацыі.

    Журналіст Алесь Ляўчук: «Пасля смерці маці я абарваў кантакты з вялікай групай сваякоў у Беларусі»

    — 2020 год моцна падзяліў людзей у Беларусі. Я ведаю гісторыі, дзе сварыліся цэлыя сем’і, перасталі размаўляць сын з маці, брат з сястрой альбо маці з дачкой і з былым мужам. І гэта сапраўдная трагедыя. Пасля 2020 года не засталося шэрага, ёсць толькі белае і чорнае. Ужо, напэўна, не будзе такога, калі збіраюцца сваякі за сталом — лукашысты і патрыёты — і пачынаецца: «А давайце не будзем пра палітыку, давайце пра надворʼе і дзяцей». У такія моманты я казаў: «Не, мы будзем размаўляць пра ўсё». У выніку мы вельмі часта сварыліся. Пасля я перастаў садзіцца за такія сталы.

    У мяне ўсё пачалося яшчэ ў 2014 годзе, пасля акупацыі Крыма. Адна мая сваячка паехала туды пасля тых падзей адпачываць. Я, зразумела, усё ёй выказаў і выкрасліў яе і ейную сямʼю са свайго жыцця назаўжды.

    А пасля смерці маці перастаў мець зносіны з вялікай групай сваякоў, што засталіся ў Беларусі. Апошняя такая сітуацыя была сёлета ў траўні, калі патэлефанаваў сваячцы павіншаваць з народзінамі, а яна кажа: «Сын скончыў універсітэт і пайшоў працаваць у ахову. Гэта не зусім міліцыя». Пасля гэтай фразы я скончыў размову і абарваў кантакты.

    Зразумела, калі патэлефануе — адкажу. Хаця без іх не вельмі сумую. Гэта было ў мінулым жыцці, яны зрабілі свой выбар, а я даўно зрабіў свой. Упэўнены, варта мець стасункі з тымі людзьмі, з якімі вам добра, і няважна, сваякі гэта ці не.

    Рэпарцёрка Галіна: «Пасля сутак мяне быццам выкраслілі з жыцця, я быццам памерла для іх»

    — Усё паўсплывала ў той момант, калі мяне затрымалі на 30 сутак.

    Я адседзела, выйшла — і раптам уся мая журфакаўская група, з якой я вучылася, перастала са мной камунікаваць. Мусіць, толькі два чалавекі запыталіся ў асабістых паведамленнях, як я пасля арышту.

    Больш ніхто. Хоць з некаторымі аднагрупнікамі я мела добрыя стасункі. Мне было дзіўна, чаму яны не напісалі. Ніхто не захацеў сустракацца. У маёй групе ў асноўным былі альбо ябацькі, альбо людзі, якія баяліся ўсяго, што звязана з пераменамі. Яны ніколі не «адсвечвалі». Калі іх накіроўваюць адпрацаваць размеркаванне ў дзяржаўных медыя, яны ідуць і працуюць. Астатнія былі тыпу па-за палітыкай.

    Пасля сутак са мной перасталі камунікаваць дзве выкладчыцы, з якімі мы рыхтавалі разам навуковыя працы. У адной — муж-вайсковец у нейкіх сур’ёзных структурах, а другая была незразумелых мне поглядаў, ні за гэтых, ні за тых. Лічыла, што ўсюды замяшаныя грошы. Яна выкладала гісторыю і на адной лекцыі сказала, што Каліноўскі падняў паўстанне, таму што яму паабяцалі грошы. А калі я стала пратэставаць, яна назвала мяне рэвалюцыянеркай. Потым мяне адлічылі, і я выйшла з агульнай суполкі.

    Яшчэ цікавы момант: у час арышту ў мяне быў Дзень народзінаў. Я думала, што, калі выйду пасля сутак, буду чытаць паведамленні з віншаваннямі ад сяброў. Некаторыя напісалі, канешне. Але ў асноўным мяне віншавалі незнаёмыя людзі ці тыя, з кім я раней мала камунікавала. А тыя, з кім сябравала, нічога не напісалі. Гэта было вельмі дзіўна.

    Мае сваякі таксама перасталі са мной камунікаваць пасля арышту. Пасварыліся мы з імі яшчэ за дзень да выбараў. Я шчыра не разумела, чаму яны хочуць галасаваць за Лукашэнку, і па тэлефоне адбылася спрэчка на падвышаных танах.

    Хоць раней у нас былі добрыя стасункі, мы амаль кожны дзень стэлефаноўваліся, разам выбіраліся на шашлыкі, на лецішча, я гуляла са сваім маленькім пляменнікам. Але пасля сутак мяне быццам выкраслілі з жыцця, я быццам памерла для іх. Ніхто са сваякоў не павіншаваў мяне з Днём народзінаў, хоць кожны год гэта рабілі.

    Калі я сядзела, то думала, што ніхто не піша, бо баяцца. Спадзявалася, што пасля. Але і пасля ніхто з іх мне не напісаў: ні як справы, ні віншаванне. Гэта было нечакана. Я ўсё зразумела.

    Толькі праз год адна з маіх сваячак стала ў Viber дасылаць мне віншаванні з Днём народзінаў і з Новым годам. І я такое ж у адказ. На гэтым уся камунікацыя.

    Яшчэ адной сваячцы я ў апошнія гады дасылаю віншаванні ў Insta­gram ці Viber па-беларуску. Гэта мой маленькі пратэст. Яна адказвае заўсёды па-руску: «Спасибо». Цікава, што я яе віншую з Днём народзінаў, а яна мяне — не. Але я мяркую, што камунікаваць са мной ёй забараніў муж. Ён праўладны, без дзяржаўнай пасады, але мае маленькі бізнес і лічыць, што ў краіне ўсё ок.

    Медыяменеджарка Эльвіра Каралёва: «Я абрала шлях — не размаўляць»

    — Са многімі сваімі сваякамі я не размаўляю з 2020 года, таму што ў нас былі розныя погляды, мы былі па розныя бакі. Я абрала такі шлях — не размаўляць. Калі бачыла, што ў некага з блізкіх іншая пазіцыя, то спыняла з ім наогул стасункі. Ставіла кропку. Бо не было сіл і жадання нешта даказваць. Я не бачыла іншых варыянтаў і не верыла, што дарослага чалавека можна ў чымсьці пераканаць.

    Так адбылося з блізкімі сваякамі, якія жывуць у Маскве. Яны наогул не ведалі, што было ў 2020 годзе ў Беларусі, анічога пра палітвязняў, былі цалкам адарваныя ад краіны. Якія каналы яны там глядзяць, не ведаю. Я перабралася ў Варшаву, неўзабаве пачалася вайна, і я зрабіла фота ля расійскай амбасады з украінскім сцягам. Мая маскоўская сястра вельмі здзівілася, зрабіла мне вымову — і заблакавала мяне.

    Так высветлілася, што чалавек мае іншыя думкі. Я спалохалася гэтага, мне не хацелася расчароўвацца ў ёй. Але стасункі спыніліся, мы не размаўляем. Гэта мяне вельмі турбуе, я пра гэта думаю. І як паводзіць сябе, не ведаю. З народзінамі іх не віншую. Але што рабіць? Зараз так. Я чакаю.

    Я вельмі актыўная ў сацсетках, мае думкі, на якім я баку, усім бачныя. У мяне розныя падпісчыкі, я бачу іх аватаркі і публікацыі — гэта розныя погляды. Але я не адпісваюся ад такіх людзей — сачу за імі. Мы бачым адзін аднаго. Мне цікава ведаць, што там творыцца па іншы бок. На жаль, такіх падпісчыкаў у мяне шмат. Я падлічыла: іх, можа быць, нават і больш за тых, хто са мной адных поглядаў.

    Я зайздрошчу тым, у каго не так. Хоць маё блізкае кола са мной адных думак. Але ніхто мне нічога не піша. Я за гэта ўдзячная. Што людзі адэкватныя, як мне падаецца. А можа, яны мяне добра ведаюць, што я не ліберал і магу быць вельмі жорсткай, калі нешта не спадабаецца? Пачнуць пісаць мне нешта не тое — пойдуць у блок і надоўга. Таму са мной ніхто ў спрэчкі не ўступае, усё ціха.

    У 2020 годзе мне здавалася, што ўся краіна знаходзіцца ў адным душэўным парыве, але не. Я бачу розных людзей, у тым ліку і абыякавых. Маўляў, ёсць хлеб і добра. Я з такімі таксама не магу размаўляць, бо ў жыцці трэба выбіраць.

    Чытайце яшчэ:

    «Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт

    Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа

    «У Грузіі пакуль нікога з незалежных журналістаў не пасадзілі, але, баюся, ключавое слова «пакуль»», — рэдактарка Sova.news Марта Ардашэлія

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці