• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні

    Як і многія заходнія фотажурналісты ў 2020 годзе, француз Ян Шмідт-Уітлі хацеў паехаць у Беларусь. Не атрымалася. Ён так і не пабываў у нашай краіне. Але неўзабаве зацікавіўся эмігранцкай тэмай і стаў летапісцам беларусаў у выгнанні. Цяпер дакументаліст робіць вялікі праект пра студэнтаў, прадпрымальнікаў, ваяроў палка Каліноўскага. «У нейкі момант людзі перастаюць мяне заўважаць, а я наўпрост фіксую іх жыццё», — кажа фатограф.

    «Нягледзячы на свае габарыты, раблюся непрыкметным»

    Раней Ян Шмідт-Уітлі працаваў у розных некамерцыйных арганізацыях, у так званым трэцім сектары. Але дзесяць гадоў таму зацікавіўся фатаграфіяй. Пасля парады знаёмага прайшоў курсы і пачаў займацца фотажурналістыкай.

    За яго плячыма, у прыватнасці, асвятленне пратэстаў «жоўтых камізэлек» у Францыі і камандзіроўка на поўдзень Турцыі, які неаднойчы трапляў пад абстрэлы з боку тэрарыстаў Ісламскай дзяржавы (ІДзІЛ).

    — Калі працуеш фотарэпарцёрам, то хочаш не хочаш — становішся сведкам непрыемных падзеяў, — расказвае пра няпросты прафесійны выбар фатограф. — Падчас — адзіным сведкам нападаў і забойств. У такі момант трэба памятаць, навошта я тут: ратую жыцці ці дакументую?

    Аднойчы ў выніку выбуху пагіблі 30 чалавек, я быў паранены, але працягваў працаваць, нават калі трапіў у шпіталь. Пасля некаторыя ахвяры і іх блізкія падзякавалі за тое, што я зрабіў. У той момант я зразумеў, якую каштоўнасць нясе мая праца.

    Цяпер фотажурналіст знаходзіцца ў Вільні, дзе шчыльна камунікуе з беларускай дыяспарай. Пасля 2020 года ён зацікавіўся сітуацыяй у нашай краіне. У адрозненні ад большасці заходніх рэпарцёраў, цікавасць якіх патухала па меры зніжэння пратэснай актыўнасці, ён тэму не пакінуў, і неўзабаве на нашых вачах нараджаецца вялікі дакументальны праект.

    — Неабавязкова выкарыстоўваць словы, каб расказаць гісторыю, — падкрэслівае Ян Шмідт-Уітлі. — Я імкнуся адлюстраваць штодзённае жыццё беларусаў у эміграцыі. Адзін з маіх асноўных прынцыпаў — не рабіць пастановачныя здымкі. Нягледзячы на свае габарыты, раблюся непрыкметным. Канешне, займае пэўны час, каб мяне зусім перасталі заўважаць.

    «Я зразумеў, што Беларусь — дагэтуль невядомы свет для многіх жыхароў краін Захаду»

    Характэрная гісторыя таго, як увогуле з’явілася ідэя праекту. У 2020 годзе фатограф нічога не ведаў пра Беларусь, акрамя тыповых для краін Захаду стэрэатыпаў: Лукашэнка — апошні дыктатар Еўропы і г.д

    — Я ведаў хлопца, які быў знаёмы з чалавекам з Беларусі, — усміхаецца француз. — Мы з ім звязаліся, але хутка стала зразумела, што трапіць у Мінск ніяк не атрымаецца. Аднак я не здаваўся і стаў шукаць прадстаўнікоў дыяспары ў Францыі, якія збіраліся па нядзелях. Нарэшце, знайшоў беларуса, якога завуць Андрэй. Дамовіўся паразмаўляць з ім і зрабіць некалькі фотаздымкаў.

    Хутка сталі з’яўляцца іншыя героі. Фатограф дэманструе дзесяткі партрэтаў:

    — Гэта Яўген, які працуе ў 3D-анімацыі. Пасля была акцёрка Паліна. Потым — Саша, якая вучыцца на фларыста.

    Большасць фотаздымкаў не з’яўляліся ў публічнай прасторы. Толькі адно з французскіх выданняў зацікавілася гісторыяй палітычнага ўцякача. Астатнія ілюстрацыі трапілі, як кажуць, у стол.

    — Каб паведаць свету гісторыю чалавека, усё ж такі недастаткова толькі рабіць фотаздымкі — з героямі трэба размаўляць, — працягвае журналіст. — Кожны нешта расказваў мне пра свой лёс і краіну. Так я даведаўся пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), выпускніцай якога была адна з гераіняў. Зайшоў на яго сайт, прачытаў гісторыю і здзівіўся: ваў, універсітэт у выгнанні! Ужо на наступны дзень я звязаўся з яго адміністрацыяй і дамовіўся, што прыеду, каб зрабіць серыю фатаграфій студэнтаў.

    Француз зразумеў, што Беларусь — дагэтуль невядомы свет для многіх жыхароў краін Захаду. Гэта адна з асноўных прычынаў, чаму ён захацеў расказаць нашу гісторыю праз асабістыя лёсы звычайных людзей у эміграцыі.

    — Вось шчаслівыя першакурснікі, якія нарэшце сабраліся пасля карантыну, — дэманструе наступную серыю здымкаў Ян Шмідт-Уітлі. — А гэта — дзяўчына, якая арганізавала тэатральны курс. Пасля былі партрэты ўдзельнікаў сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.

    На журналіста абрушылася хваля інфармацыі. Многія суразмоўцы спасылаліся на факты, аб якіх ён чуў упершыню. Зразумеўшы, што ў яго дэфіцыт ведаў пра Беларусь, фотарэпарцёр стаў прагна чытаць кнігі, артыкулы, даследаванні. Цяпер ён цалкам у кантэксце і напэўна можа лічыцца адным з спецыялістаў па Беларусі ў сваёй краіне.

    Частка гісторый шырока вядомы, але большасць — не

    У пэўны момант ужо не журналіст шукаў фактуру, а яна сама шукала яго. Адзін са знаёмых беларусаў прапанаваў паездзіць па розных гарадах Польшчы і сустрэцца з беларускімі ўцекачамі. На працягу двух месяцаў фатограф адкрыў шмат новых для сабе месцаў — Бяла-Падляска, Кракаў, Варшава…

    — З‑за кавіду бары і рэстараны былі зачыненыя і Васіль іграў наўпрост на вуліцы, — Ян Шмідт-Уітлі расказвае шчамлівую гісторыю аднаго са сваіх герояў. — Вы можаце ўбачыць свечкі, якія ён рабіў сам і прадаваў. Хлопец з Пінска. У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах, трапіў на відэа падчас адной з сутычак. Пасля з’ехаў у Польшчу, бо яго шукалі. Адным з першых уступіў у полк Каліноўскага. У мінулым годзе ён загінуў…

    Частка гэтых гісторый шырока вядомы, але большасць — не. У аб’ектыў фотакамеры журналіста трапляе звычайнае жыццё людзей, многія з якіх вымушаны хавацца ад пераследу па-за межамі Беларусі.

    З многімі героямі француз правёў не адзін дзень, пакуль на яго не перасталі звяртаць увагу. Тады пачаналася сапраўдная праца і вывучэнне характараў. Не зазіраючы ў нататнік, Ян Шмідт-Уітлі расказвае пра кожнага: 

    — Леанід пацярпеў падчас адной з пратэсных дэманстрацыяў, яго паранілі ў плячо. На радзіме ў яго не было добрай працы, і рэлакацыя ў Польшчу далася няпроста.

    — Карыне 15 гадоў. Яна робіць дамашняе заданне. У той час заняткі вяліся ў гібрыдным фармаце: часткова — анлайн, часткова — афлайн.

    — Гэтая жанчына — масажыстка, побач — яе дзеці. Дыяспара перадала ім ноўтбук, каб яны вучыліся. Камп’ютэр пераходзіць з сям’і ў сям’ю.

    Відаць, з якой павагай фотажурналіст ставіцца да сваіх герояў. Этычны прынцып для яго — вышэй іншых прафесійных. Можа, таму давер да яго з боку беларусаў — беспярэчны.

    — На наступным фота — жанчына ў цэнтры для ўцекачоў у горадзе Бяла-Падляска, — працягвае аповед Ян Шмідт-Уітлі. — Яна прыехала туды з сям’ёй, атрымала дазвол жыць у Польшчы і вырашыла там жа застацца.

    — А ў гэтага хлопца ёсць татуіроўка Лукашэнкі з рожкамі, як у чорта. Ён працуе чай-майстарам і, відавочна, закаханы ў сваю работу.

    — Дзяўчына на гэтым здымку працавала на тэлебачанні. Адмовілася даваць матэрыял у эфір пра фэйкі і яе звольнілі. Урэшце рэшт, яна таемна з’ехала ў Расію, а пасля — у Польшчу.

    «“Каілноўцы” мяне так і прадстаўлялі: а гэта наш фатограф»

    Паездку ва Украіну фотажурналіст планаваў яшчэ да пачатку шырокамаштабнай вайны. Аднак планы парушыліся, і ўсё ж такі ён паехаў у Кіеў — у полк Каліноўскага.

    — Я спытаў людзей, тыя спыталі ў людзей і так я апынуўся сярод беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, — пра пошук кантактаў Ян Шмідт-Уітлі расказвае, не называючы дэталяў. — На працягу месяца я жыў з імі, спаў на падлозе разам з усімі. Першы час да мяне адносіліся з пэўнай перасцярогай, але праз два тыдні я ўжо стаў часткай іх каманды. Мяне так і прадстаўлялі: гэта наш фатограф.

    Па яго словах, яму дазвалялі здымаць усё, што ён хацеў: побыт, трэніроўкі, вучэнні. Адзінае выключэнне — людзі, якія застаюцца непублічнымі.

    — Большасць — звычайныя хлопцы і дзяўчаты. Да 2020 года яны асабліва не цікавіліся палітыкай, хацелі жыць у Беларусі, але пасля выбараў і гвалту вырашылі з’ехаць. У іх няма ваеннага вопыту. Але іх аб’ядноўвае прага да свабоды.

    Большасць здымкаў пакуль не апублікаваныя. Ёсць пэўныя дамоўленнасці не распаўсюджваць інфармацыю падчас вайны. Але некаторыя фатаграфіі выкладзеныя на сайце фотарэпарцёра і на яго старонцы ў Insta­gram.

    — Напрыклад, гэты кадр быў зроблены ў Кіеве. Мужчына — валанцёр палка Каліноўскага. Ён дэманструе фота свайго дзеда, які ваяваў на баку польскай арміі супраць савецкай карміі. Здымкі — адзінае, што ён узяў з Варшавы ў Кіеў.

    — Сцяганосец — пазыўны другога хлопца. У яго некалькі прычынаў, чаму ён не хавае твар. Па-першае, яго мама тройчы званіла ў міліцыю, каб яго арыштавалі за ўдзел у пратэстах. Па-другое, ён лічыць, што калі ўсе раскрыюць асобу, то сістэма не зможа арыштаваць іх сем’і.

    — Дзяўчына з пазыўным Сон ужо сышла з палка. Пагаджаючыся на здымкі, яна хоча паказаць, што гэта барацьба — жанчын таксама. Яна звяртаецца да калежанак: змагайцеся як дзяўчаты!

    Планы: кніга і фотавыставы

    Цяпер Ян Шмідт-Уітлі робіць праект за ўласныя грошы. Свой час ён інвестуе з намерам выпусціць кнігу на французскай і беларускай мовах, а таксама правесці фотавыставы ў Парыжы, Варшаве, Вільні і, можа быць, у Мінску.

    — Я супрацоўнічаю з двумя кампаніямі-донарамі, што дазваляе зарабляць мне грошы на свае ўласныя праекты, — тлумачыць фотажурналіст.

    У яго планах — прысвяціць праекту яшчэ год ці два. У бліжэйшы час запланаваны паездкі ў Грузію і Польшчу.

    — У мяне ёсць серыя партрэтаў студэнтаў, палітычных эмігрантаў, ваяроў палка Каліноўскага, — пералічвае фатограф. — Цяпер я хачу зрабіць гісторыю пра дзяцей, якія апынуліся ў незвычайных абставінах — па сутнасці, вакол іх адбываецца адраджэнне нацыянальнай культуры і мовы, хаця многія яе носьбіты знаходзяцца па-за межамі краіны.

    Чытайце яшчэ:

    Арганізацыя RSF даставіла сотні «паштовак для Марыны» ў амбасады Беларусі

    У Львове беларусы і ўкраінцы выказалі салідарнасць са зняволенымі Лукашэнкам журналістамі

    Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці