Праверку наконт збіцця Паўла Дабравольскага зноў працягнулі на месяц
Як паведамлялася, 25 сакавіка скончыўся двухмесячны тэрмін, адведзены Следчаму камітэту (СК) на праверку з нагоды збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага.
Следчыя абяцалі з дня на дзень праінфармаваць збітага журналіста, ці завядуць крымінальную справу супраць АМАПаўцаў. Але ў сераду карэспандэнт TUT.BY атрымаў чарговую пастанову – аб падаўжэнні тэрміну праверкі да 25 красавіка.
Дакумент падпісаны намеснікам начальніка аддзела следчага ўпраўлення УСК па Мінску Сямёнам Піцко.
Сам Павел Дабравольскі, між тым, не губляе надзеі, што вінаватыя ў збіцці міліцыянты ўсё ж панясуць пакаранне і праверка скончыцца прыцягненнем вінаватых у прымяненні сілы да адказнасці.
25 студзеня ў пачатку судовага пасяджэння па «справе графіцістаў» моладзевыя актывісты разгарнулі расцяжку з надпісам «Не – палітычным пераследам». Іх вывелі з залы суда і павялі па калідоры, дзе іх пачаў здымаць на відэа журналіст Павел Дабравольскі. Яго разам з актывістамі завялі ў пакой, збілі, пасля даставілі ў Фрунзенскі РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым прыгаварылі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КаАП.