• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваахоўнікі шукаюць незалежнага журналіста, які даўно пераехаў у ЗША

    З розніцай у некалькі дзён да сваякоў былога карэспандэнта рэгіянальных медыя Берасцейшчыны Аляксандра Пазняка наведаліся прадстаўнікі розных праваахоўных структур – цікавіліся ягоным месцам знаходжання. Пры гэтым прычыны падвышанага інтарэсу так і не агучылі – маўляў, таямніца следства. 

    У нядаўнім мінулым Аляксандр Пазняк – карэспандэнт навінавага партала “Першы рэгіён” і незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. Але не так даўно ён выграў “грын-кард” ураду ЗША (green card lot­tery USA) і ад канца 2021 года жыве ў Нью-Ёрку. 

    Там адразу ж далучыўся да беларускага грамадскага руху, удзельнічае ў падрыхтоўцы выпускаў газеты паваеннай эміграцыі “Беларус”.

    Магчыма, публічная актыўнасць і стала падставай візіту сілавікоў да сваякоў журналіста ў Сянно на Віцебшчыне – менавіта там прапісаны Аляксандр Пазняк, хоць даўно з родным горадам развітаўся. Апошнім часам ягоны лёс быў шчыльна звязаны з Берасцейшчынай, дзе ён супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі. 

    Як расказаў службе маніторынгу БАЖ сам журналіст, сёння ён прачнуўся ад занадта ранняга тэлефанавання маці – жанчына была напалоханая  чарговым візітам праваахоўнікаў. Расказала, што завіталі прадстаўнікі Следчага камітэта, цікавіліся месцам пражывання ў ЗША, прасілі кантактны тэлефон. 

    У падрабязнасці не заглыбляліся, толькі сказалі, што яе сын праходзіць сведкам у нейкай крымінальнай справе, але нешта разгалошваць адмовіліся пад умовай “таямніцы следства”. 

    Адметна, што за чатыры дні да таго ўжо прыходзілі іншыя сілавікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. Тады таксама прасілі даць ім амерыканскі адрас журналіста і нумар для сувязі.   

    Зрэшты, у большай ступені цікавасць да сваёй персоны Аляксандр Пазняк звязвае з падзеямі 2020 года. Тады яму разам з калегамі давялося асвятляць бурныя палітычныя падзеі, якія ў тым ліку накрылі і невялікія гарады.  

    “20 чэрвеня 2020-га каля плошчы насупраць райвыканкама ў Ганцавічах сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Людзі стаялі, размаўлялі, пілі каву. Частка прыйшла падтрымаць тых, супраць каго ўжо пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Скончылася ўсё жахліва: сілавікі збівалі і мужчын, і жанчын. Затрыманых пакаралі штрафамі і суткамі”, – згадваў Аляксандр Пазняк у інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Тады пад “зачыстку” патрапілі і супрацоўнікі СМІ, якія вялі стрым з плошчы. У прыватнасці, збілі і затрымалі Аляксандра Пазняка і ягонага калегу Сяргея Багрова. Суд адбываўся ў Баранавічах, куды іх адправілі чакаць працэсу ў СІЗА: 22 чэрвеня Аляксандр Пазняк быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь (780 рублёў), а Сяргей Багроў атрымаў 15 сутак арышту.

    “Тады калегі з розных выданняў зрабілі ўсё магчымае, каб данесці максімальна шырока інфармацыю пра тое, што адбылося ў Ганцавічах. На судзе прысутнічалі прадстаўнікі БАЖ, быў запушчаны збор на пакрыццё штрафаў. Салідарнасць у любой арганізацыі — гэта вялікая справа. І ў нашай рэдакцыі яна моцна адчувалася. На жаль, “наезды” на журналістаў пасля гэтага не скончыліся. Гэта быў толькі пачатак, бо ўрэшце газета была знішчаная”, – адзначыў Аляксандр Пазняк.

    Нягледзячы на тое, што ганцавіцкі журналіст ужо больш за год жыве ў Нью-Ёрку, ён падтрымлівае цёплыя адносіны амаль з усімі былымі калегамі па выданнях, з якімі плённа супрацоўнічаў у Беларусі.

    Пры гэтым не закінуў журналістыку, на валанцёрскай аснове рыхтуе матэрыялы для нью-ёрскай газеты “Беларус”, рэдакцыя якой зацікаўлена ў свежых ідэях, якія нясе з сабой новая беларуская эміграцыя

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

    Журналистов избили и надели на них наручники прямо во время живого эфира в Ганцевичах

    «У міліцыі гаварылі, што згвалцяць мяне». Як журналіст раёнкі і аўтар славутага стрыму пасьля перасьледу трапіў у Нью-Ёрк

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці