Праваабаронцы запускаюць акцыю «Напішы адвакату!»
Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека сумесна з праектам «Права на абарону» напярэдадні Дня палітычнага зняволенага, які праводзіцца кожны год 21 траўня, прапануе далучыцца да акцыі «Напішы адвакату!».
Па стане на 14 траўня 2023 года ў Беларусі 1483 чалавекі прызнаны палітычнымі зняволенымі. З іх не менш за 6 чалавек — адвакаты.
Усе адвакаты, прызнаныя палітвязнямі, аказаліся ў няволі праз жаданне дапамагаць сваім кліентам, нягледзячы на пагрозы, ціск і рэпрэсіі.
Гэтыя адвакаты ўдзельнічалі ў палітычных працэсах, абаранялі палітвязняў, з прычыны чаго самі сталі палітвязнямі.
Усе яны, як і кожны чалавек са спісу палітычных зняволеных, павінны быць вызвалены і рэабілітаваны, крымінальныя справы ў дачыненні да іх павінны быць перагледжаны і спынены.
На жаль, зараз палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з неабгрунтаваным і вельмі моцным абмежаваннем магчымасці весці перапіску, а ў шэрагу выпадкаў сваякі і адвакаты не маюць да іх доступу цягам месяцаў, што з’яўляецца грубым парушэннем як міжнародных стандартаў, так і нацыянальнага заканадаўства. Але, нягледзячы на ўсё гэта, Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека перакананая, што нават пры адсутнасці хуткай прамой сувязі з імі неабходна падтрымліваць іх і нагадваць іншым пра іх як мага часцей.
У межах акцыі «Напішы адвакату!» арганізатары просяць усіх і кожнага, каму неабыякавы лёс адвакатаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, і незалежна ад таго, ці былі вы іх кліентамі, сябрамі або калегамі, ці асабіста знаёмыя не былі —
напісаць на адрас аднаго або некалькіх з іх адкрыты ліст, размясціўшы яго ў той ці іншай сацыяльнай сетцы з хэштэгам #напішыадвакату ці #напишиадвокату.
Акрамя таго, калі публічнае размяшчэнне паведамленняў у сетцы можа быць для вас небяспечным, свой ліст вы можаце даслаць на электронную пошту Асацыяцыі (belarusianCIL@proton.me) альбо на электронную пошту праекта «Права на абарону» (defendersbelarus@protonmail.com) без указання свайго імя, захаваўшы сваю ананімнасць у публічнай прасторы.
21 траўня арганізатары апублікуюць усе атрыманыя ананімныя лісты і ўсе лісты з хэштэгамі ў сацыяльных сетках. Таксама лісты будуць перададзены сваякам адвакатаў.
На дадзены момант у зняволенні па палітычных матывах знаходзяцца адвакаты:
- Максім Знак (06 верасня 2021 года пастаноўлены вырак — 10 гадоў пазбаўлення волі);
- Аляксандр Данілевіч (10 красавіка 2023 г. пастаноўлены вырак — 10 гадоў пазбаўлення волі);
- Віталь Брагінец (02 лютага 2023 г. пастаноўлены вырак — 8 гадоў пазбаўлення волі);
- Анастасія Лазарэнка (11 траўня 2023 г. пастаноўлены вырак — 6 гадоў пазбаўлення волі);
- Юлія Юргілевіч (затрымана 30 жніўня 2022 года; паводле стану на сённяшні дзень разгляду справы яшчэ не было);
- Аляксей Бародка (затрыманы ў студзені 2023 года, 15 траўня пачаўся разгляд справы).
Чытайце яшчэ:
Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі
Зноў у ШІЗА? Дзяніс Івашын не выйшаў на запланаваную сувязь з роднымі
На «ліквідаванага» выдаўца Змітра Коласа павесілі судовыя выдаткі за працэс, ініцыяваны Мінінфармам