Праваабаронца Максім Буткевіч, які знаходзіцца ў няволі ў РФ, стаў лаўрэатам украінскай Нацыянальнай праваабарончай прэміі
Украінскі праваабаронца і вайсковец Максім Буткевіч, які ў 2020-м годзе дапамагаў беларускім журналістам, стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека ў 2023 годзе.
Узнагароду атрымаў бацька Максіма Аляксандр Буткевіч. Падчас перадачы ўспомніў лісты, якія раней пісаў яму сын.
«Вайна — гэта страшная рэч, але я ўсё ж спадзяюся, што яна не зробіць нас такімі грубымі і жорсткімі, што пасля яе мы адсунем правы чалавека на другое-трэцяе месца. Барацьба ідзе за правы чалавека, за тыя дэмакратычныя каштоўнасьці, якіх няма ў Расейскай Фэдэрацыі і якія вораг спрабуе ў нас зьнішчыць», — цытуе бацька Максіма Аляксандр.
Да поўнамаштабнага ўварвання праваабаронца і вайсковец Максім Буткевіч спецыялізаваўся на дапамозе бежанцам, перасяленцам і барацьбе з дыскрымінацыяй і стаў сузаснавальнікам праекту «Без межаў». Больш за 20 гадоў прысвяціў праваабарончай дзейнасці, а 3 сакавіка 2022 года ўступіў у шэрагі Узброеных Сіл і абараняў украінскія землі ад акупантаў. А ўжо ў чэрвені таго ж года трапіў у расійскі палон у раёне населеных пунктаў Залаты і Гірскі Луганскай вобласці.
10 сакавіка 2023 года падкантрольны Расіі суд акупаванай Луганскай вобласці «прысудзіў» Буткевіча да 13 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў «жорсткім абыходжанні з мірным насельніцтвам і выкарыстанні забароненых метадаў ва ўзброеным канфлікце». Таксама Максіма абвінавацілі ў «замаху на забойства дзвюх асоб і наўмысным пашкоджанні маёмасці».
Са жніўня ні сваякі, ні адвакаты мужчыны не маглі атрымаць інфармацыю пра яго месцазнаходжанне і стан, лісты і пасылкі яму вярталіся. Днямі адвакат Леанід Салаўёў паведаміў, што атрымаў адказ з Федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі — Буткевіч знаходзіцца ў калоніі ў акупаваным Красным Лучы Луганскай вобласці.
Украінскія праваабаронцы падкрэсліваюць, што міжнародная супольнасць павінна працягваць ціск на Расійскую Федэрацыю і патрабаваць вызвалення Буткевіча і ўсіх несправядліва зняволеных украінскіх вайскоўцаў і мірных грамадзян. У прыватнасці, платформа «Праваабарончы парадак дня» — гэта кааліцыя арганізацый, Украінскі Хельсінкскі саюз па правах чалавека, Харкаўская праваабарончая група, Amnesty International ва Украіне, Цэнтр правоў чалавека ZMINA, Цэнтр даследаванняў праваахоўнай сферы, у прыватнасці Цэнтр грамадзянскіх свабод і праекты «Без межаў» і «Еўрамайдан SOS» — сёлета яна прысудзіла Максіму Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. Антыдыскрымінацыйны цэнтр «Мемарыял» таксама апублікаваў заяву з заклікам вызваліць Максіма Буткевіча.
Нацыянальная праваабарончая прэмія — недзяржаўная прэмія, якая прысуджаецца за асабісты ўклад у абарону правоў чалавека ва Украіне. Штогод узнагароджванне адбываецца 10 снежня — у Дзень абароны правоў чалавека ў рамках Нацыянальнай праваабарончай неканферэнцыі, арганізаванай Цэнтрам грамадзянскіх свабод. Праваабаронцы з розных куткоў Украіны збіраюцца на мерапрыемстве, каб папулярызаваць каштоўнасць правоў чалавека і ўшанаваць уклад праваабарончай дзейнасці.
Чытайце яшчэ:
Уручаны прэміі беларускай праваабарончай супольнасці-2023. Сярод лаўрэатаў — Алег Агееў і Аляксандр Манцэвіч
Чым насалілі ўладам светлагорскія журналісты тэлеканала «Ранак»
Польскія школьнікі пішуць лісты ў падтрымку Анджэя Пачобута