Украінскі праваабаронца Максім Буткевіч, які дапамагаў беларускім журналістам: «Сёння 14 месяцаў я ў СІЗА, на 14 месяцаў больш, чым трэба»
Максім Буткевіч шмат дапамагаў беларусам, якія ўцяклі ва Украіну ад рэпрэсій, піша «Медыязона. Беларусь». Ён быў глыбока занураны ў беларускі кантэкст і выступаў за змякчэнне міграцыйных правілаў для рэпрэсаваных беларусаў. Цяпер ужо 14 месцаў ён знаходзіцца ў расійскім палоне.
Каардынатар і сузаснавальнік праекту «Без Кордонів» Максім Буткевіч, супрацстаіяў супраць мовы варожасці і дапамагаў ўкраінскім імігрантам. Як распавядала «Медыязона. Беларусь», спадар Буткевіч таксама меў зносіны з беларускімі калегамі — прыязджаў у Мінск з семінарамі, чытаў лекцыі, дзяліўся вопытам у пытаннях міграцыі і роўнасці.
Праваабаронца сачыў за сітуацыяй ў Беларусі, што склалася пасля пратэстаў 2020 года. Яго праект «Без Кордонів» дапамагаў беларускім уцекачам.
— Рабіў гэта на безкаштоўнай аснове і разумеў, што гэта важна. Штодзень Максіму 24 на 7 можна было патэлефанаваць і папрасіць дапамогі. Ён быў глыбока пагружаны ў беларускі кантэкст, ён часта выступаў для нашага Free Belarus Centre экспертам, — год таму расказвала «Медыязоне» беларуская праваабаронца і каардынатарка арганізацыі Free Belarus Centre Паліна Бродзік.
Максім Буткевіч шмат зрабіў для таго, каб міграцыйнае заканадаўства Украіны станавілася больш лаяльным для беларусаў-уцекачоў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь пасля 2020 года.
На пачатку вайны Расіі супраць Украіны Максім Буткевіч змяніў дзейнасць праваабаронцы на зброю і сышоў на фронт, каб абараняць сваю краіну. Там ён трапіў у расійскі палон.
10 сакавіка суд у самаабвешчанай ЛНР прызначыў яму 13 гадоў калоніі. Спадара Буткевіча абвінавацілі ў тым, што ён быццам бы параніў дзвюх жанчын, стрэліўшы з гранатамёта па пад’ездзе жылога дома Севераданецка.
22 жніўня у Маскве разглядалася апеляцыя на гэты жорсткі прысуд. Мясцовы першы апеляцыйны суд усеагульнай юрысдыкцыі пакінуў рашэнне ў моцы.
Судовую расправу над Максімам Буткевічам асудзілі ўкраінскія праваабарончыя арганізацыі, Amnesty International, Amnesty International, Human Rights Watch , Мемарыял , дэпутаты ПАPЕ і іншыя арганізацыі. У лістападзе 2022 года Максім Буткевіч быў узнагароджаны чэшскай прэміяй «Гісторыі несправядлівасці»: узнагароду замест сына ў Празе атрымаў яго бацька Аляксандр.
Украінскія праваабаронцы ўпэўнены, што прысуд Максіму Буткевічу з’яўляецца паказальным пакараннем за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць. Ад пачатку палону расійскія прапагандысцкія СМІ і грамадкасць у сацсетках распаўсюджвалі фейкі пра Максіма, дзе яго называлі «баевіком» і «нацыстам», «прапагандыстам» і «русафобам», падкрэслівалі яго ўдзел у Эўрамайдане, прыпісвалі распальванне вайны.
«Улічваючы тое, што ў Расійскай Федэрацыі і на акупаваных ёю тэрыторыях не існуе правасуддзя, мы не маем ніякіх ілюзій і спадзяванняў на справядлівы суд. Адначасова мы заклікаем міжнародную супольнасць працягваць ціск на Расійскую Фэдэрацыю для вызвалення Максіма Буткевіча і ўсіх несправядліва зняволеных украінскіх вайскоўцаў і цывільных грамадзян, а таксама заклікаем украінскія ўлады расследаваць гэтае злачынства, а міжнародную супольнасць — увесці персанальныя санкцыі супраць усіх, хто мае дачыненне да фабрыкацыі справы супраць Максіма Буткевіча», — гаворыцца ў заяве ўкраінскіх праваабаронцаў, да якой далучыліся шматлікія грамадскія арганізацыі, у тым ліку Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.
Чытайце яшчэ:
Новае «экстрэмісцкае фармаванне» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Што трапіла ў спіс на гэты раз?
«Трэба мець адвагу». Занусі пра 2020 год беларусаў і мастацтва ў часы рэпрэсій
«Контент является дезинформацией и пропагандой». В Литве видят угрозу в вещании белорусского радио и ТВ на территории страны