«Прашу прабачэння». З‑за скандалу Мікіта Мелказёраў мяняе назву свайго новага гістарычнага праекта
Некалькі днёў таму блогер і журналіст Мікіта Мелказёраў абвесціў аб тым, што запусціў новы праект, які прысвечаны гісторыі. Амаль адразу вакол назвы — «Кайлі Міндоўг» — разгарнуўся скандал. Што здарылася?
— Пасля гістарычных выпускаў «маліны» з Зянонам Пазьняком і Цімафеем Акудовічам мы сабраліся з камандай і вырашылі, што маё неафітсва можна выкарыстоўваць больш і лепей, — напісаў учора, 31 жніўня, Мікіта Мелказёраў. — У выніку з’явілася ідэя (а сёння і рэалізацыя) праекта «Кайлі Міндоўг». Гісторыя з назвай цікавая. Раскажу як-небудзь пазней.
Аднак ужо сёння прыйшлося паварочваць назад. Высветлілася, што з назвай для праекта не ўсё так проста.
Дызайнерка Караліна Палякова распавяла пра такую гісторыю ў каментах да паста блогера ў Instagram:
— Часам я мару як пішу рэп, а таксама часам шпацырую з Мікітам і перапісваюся. Я прыдумала панч для свайго рэпу які б меў у сабе імя Кайлі Міндоўг. Падзялілася з Мікітам, якога трымала за сябра. Ён запытаў «можна [скрасці]?»
Па словах дзяўчыны, яна не дала дазвол, спаслаўшыся на тое, што гэта яе творчы псеўданім і толькі за вялікія грошы.
— Мне Мікіта піша «а мы ўжо для праграммы робім стыль з такой назвай». Я кажу эй, не, ты што, не! — працягвае дызайнерка. — На трэці раз гэты блогер паказаў мне гэтую застаўку шоў і я проста ўспыхнула «не!»
Аднак, як сцвярджае Караліна Палякова, гэта не дапамагло: «Як бачна, гэтаму мужчыне “не!” не чуваць і ён можна красці крэатывы і хаваць такія факты і пісаць “гісторыя нэймінгу цікавая”, а ў твар мне казаць “так так, я скраў, так, будзе шкандаль на ўвесь ціўтар, але то мая лепшая крадзеж”».
У сацсетках паведамленне дзяўчыны заўважылі, і гісторыя пачала набіраць абарот. Мікіце Мелказёраву давялося рэагаваць. Сёння блогер паведаміў, што не хацеў пачынаць чарговы канфлікт. Ён прызнаў памылку і віну:
— Прашу прабачэння ў Караліны і людзей, якіх гэты кейс абразіў. Меркаванні наконт сексізму — тут зусім не. Я і каманда «маліны» паважаем і жанчын, і мужчын. Крэатыў Караліны — цудоўны, я ў яго ўлюбіўся, але своечасова не адрэагаваў на заўвагі, і не маю права яго выкарыстоўваць надалей.
Па словах вядучага YouTube-канала «жыццё-маліна», ён зменіць назву для гістарычнага праекта і папрасіў пісаць прапановы. Трэба адзначыць, што падпісчыкі адгукнуліся і выклалі некалькі варыянтаў. У прыватнасці, «Якуб Кока-Колас», «Жыгімонт Ваза» і іншыя.