Прарасійскі публіцыст Аляксей Дзермант прапануе нацыяналізаваць TUT.BY
З жорсткай крытыкай папулярнага партала TUT.BY выступіў галоўны рэдактар сайта Imhoclub.by, публіцыст Аляксей Дзермант. Яго абурыў той факт, што сайт даў інфармацыю пра тое, што ў інтэрнэце пачаўся збор подпісаў супраць «беcпакаранасці міліцыі».
Вадим Можейко. Не национализировать, так нормализовать. Как защитить медиа от загребущих рук
— «Свядомае кола» спрабуе пераходзіць у наступ, — піша Аляксей Дзермант. — Там цудоўна разумеюць, што падрыў аўтарытэту МУС — першачарговая задача для змены ўлады, цяпер яны інфармацыйна атакуюць амаль усіх знакавых чыноўнікаў, асабліва міністра. Не могуць прабачыць жорсткіх мер у дачыненні да наркагандляроў і футбольных фанатаў, дый гістарычная форма міліцыі падчас параду, на іх падзейнічала як на вупыроў. Асабіста маё меркаванне, Шуневіч — адзін з найлепшых міністраў унутраных справаў за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі. PS. Хіба яшчэ не відавочна за каго «заўзее» тутбайчык?»
У каментарах да паста Дзермант піша, што ў інтэрнэце незалежныя медыі сталі больш папулярнымі за дзяржаўныя. «У іх з’яўляецца інфармацыйная перавага ў інтэрнэце. Той жа TUT.BY даўно пара нацыяналізаваць, ці хаця б памяняць усю палітрэдакцыю».
Пазней Дзермант прапаноўвае перадаць TUT.BY пад ягонае кіраўніцтва, хоць і робіць гэта са смайлікам, аднак у наступным каментары разважае, як бы арганізаваў працу калектыву.
«Цяпер медыя-асяроддзе ў інтэрнэце вельмі шчыльнае, прабіцца практычна немагчыма. Патрэбен альбо адмінрэсурс, альбо знешняе інвеставанне. Альбо проста адціскаць, але зноў жа з дапамогай адмінрэсурсу», — піша публіцыст.
Аляксей Дзермант на сённяшні дзень рэдагуе малапапулярны прарасійскі сайт «Імхаклаб». Месячная аўдыторыя старонкі складае ад 30 да 40 тысяч IP-адрасоў. Раней Дзермант быў ідэолагам балцкага руху ў Беларусі, адстойваў крайне правыя, антыкамуністычныя погляды, выдаваў часопісы «Druvis» і «Сівер», аднак цягам апошніх гадоў цалкам пераарыентаваўся ў бок Масквы. Дзерманта актыўна клічуць на ўдзел у перадачах на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі.
Tut.by — самы папулярны навінавы рэсурс Беларусі. Яго месячная аўдыторыя складае звыш 30 мільёнаў IP-адрасоў.