Прапагандыстка Ксенія Лебедзева зняважліва выказалася пра Дзяніса Івашына і “Радыё Рацыя”
Цэлы выпуск аўтарскай праграмы “Это другое”, які трансляваўся 6 снежня на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь 1” Ксенія Лебедзева прысвяціла незалежным медыя і іх супрацоўнікам. У выпуску прагучалі прозвішчы журналістаў Дзяніса Івашына і Андрэя Мялешкі, а таксама дэманстраваліся нейкія фінансавыя дакументы, датычныя дзейнасці “Беларускага Радыё Рацыя” і здабытыя незразумелым чынам.
У сваёй праграме Ксенія Лебедзева сцвярджае, што незалежныя журналісты павінны “даказваць сваю пазіцыю”, працуючы бясплатна. “На марозе без штаноў” – так гэта гучыць з вуснаў прапагандысткі.
Спрабуючы стварыць вобраз “прадажных журналістаў”, Лебедзева дэманструе ў тэлеэфіры “фінансавыя справаздачы перад Дзярждэпам ЗША “Беларускага Радыё Рацыя”, якое базуецца ў Беластоку і фінансуецца Польшчай і польскімі НКА”. Польскія некамерцыйныя аб’яднанні прапагандыстка называе “кампаніямі-размеркавальнікамі сродкаў ЗША і Еўразвязу”.
Фінансавую падтрымку “Радыё Рацыя”, якое існуе на польскай тэрыторыі, супрацоўніца дзяржаўнага тэлебачання называе “ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі”. Паводле Ксеніі Лебедзевай, “умешваюцца” ў беларускія справы і Польшча, і Нідэрлады, якія выдаткавалі грант на падтрымку радыё, і Злучаныя Штаты Амерыкі, што таксама аказваюць матэрыяльную падтрымку.
Лебедзева дэманструе фінансавыя дакументы “выкрывальніцкага”, на яе думку, зместу. Прыкладам, паказвае ліст пра тое, што Нідэрланды гатовыя падтрымаць “Беларускае Радыё Рацыя” сумай 120 тысяч еўра, размеркаваўшы яе на чатыры гады, гэта значыць па 30 тысяч на год. А з амерыканскага боку, паводле яе звестках, падтрымка складае крыху менш як 200 тысяч еўра.
Для параўнання: у Беларусі дзейнічае праграма “Массовая информация и книгоиздание”, разлічаная на 2021–2025 гады. Паводле яе, на развіццё СМІ з дзяржаўнага бюджэту выдаткавана больш за 500 мільёнаў долараў на пяць гадоў, гэта значыць па 100 мільёнаў долараў штогод. І гэта ўсяго толькі адна з некалькіх праграм фінансавання дзяржаўных медыя.
Заявіўшы, што “Беларускае Радыё Рацыя” прызнанае экстрэмісцкім (ці фармаваннем, ці сродкам масавай інфармацыі, так і застаецца для гледача загадкай), Лебедзева кажа, што журналістаў неаднаразова папярэджвалі наконт супрацоўніцтва з гэтым СМІ. І прыгадвае гродзенскага карэспандэнта Андрэя Мялешку, які: “у 2021 годзе ўцёк за мяжу, баючыся беларускай Феміды”.
Прапагандыстка прыгадвае і сябра Андрэя Мялешкі — журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына. Па яе словах, Дзяніс Івашын “збіраў інфармацыю для Украіны, прыкрываючыся журналісцкай пасадай”. Пры гэтым яна спасылаецца на звесткі, атрыманыя нібыта з дапамогай хакерскай групы “Берагіні”.
Што да “Беларускага Радыё Рацыя”, то Ксенія Лебедзева палохае тэлегледачоў зусім ужо “змрочнай” перспектывай. Маўляў, радыё “выпрошвае грошы” для таго, каб праводзіць праеўрапейскую і антырасійскую палітыку. І кажа, што “з улікам наяўнасці вайсковага кантынгенту каля беларускіх межаў, гэтае радыё ў перспектыве можа мець яшчэ больш варожы характар”.
На сёння Ксенія Лебедзева, разам з Рыгорам Азаронкам і Людмілай Гладкай, – у ліку галоўных прапагандыстаў дзяржаўных беларускіх СМІ. Яе ўзлёт на тэлебачанні пачаўся пасля таго, як яна стала асвятляць пратэсныя жаночыя маршы ў верасні 2020 года. Тагачасныя падзеі яна суправаджала паўпрыстойнымі каментарамі, спрабуючы выставіць удзельніц пратэстаў у непрывабным святле. Цяпер Лебедзева мае сваю аўтарскую перадачу, якую пазіцыянуе як інфармацыйна-аналітычную.
Чытайце яшчэ:
«Нельзя все бросить, потому что жертвы будут обесценены». В Германии проходит конференция с участием белорусских медиа
“Беларусь стала одной из самых опасных стран для журналистов в мире”. Интервью с Жанной Кавелие из “Репортеров без границ”
Журналісты Свабоды атрымалі найвышэйшую ўзнагароду Амэрыканскіх глябальных мэдыя