• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прапаганда на кані. Як незалежным медыя ўтрымаць пазіцыі?

    Дадзеныя незалежных сацыёлагаў сведчаць пра даволі драматычную сітуацыю — паводле іх лічбаў, востра паўстае пытанне ўплыву дзяржаўнай прапаганды на беларускае грамадства. Якія прычыны гэтага і што рабіць? Наколькі гэтая сітуацыя беспрасветная? Ці існуюць хоць нейкія механізмы пераадолення інфармацыйнага крызісу? Ці супраць лома няма прыёму?

    Стомленасць ад рэвалюцыйнай павесткі

    За апошнія паўгода папулярныя грамадска-палітычныя выданні, што аказаліся ў эміграцыі, прыкметна страцілі колькасць падпісчыкаў. Заўважна падае і колькасць падпісчыкаў незалежных тэлеграм-каналаў. Гэта пацвяржае чарговае сацыялагічнае даследаванне Chatham House.

    Многія незалежныя эксперты перакананыя, што прапаганду можна выбіць толькі якаснай аналітыкай. Але ці з’яўляецца такі падыход рэалістычным, улічваючы тое, што магчымасці доступу беларускага грамадства да недзяржаўных медыя ўсё больш звужаюцца?

    Апроч таго, што недзяржаўныя медыя выціснутыя ў эміграцыю, эфектыўнасць працы беларускіх журналістаў нават з бяспечнай тэрыторыі заўважна зніжаецца. Звязана гэта з шэрагам фактараў: цяжкасцю з атрыманнем інфармацыі з Беларусі, чыннікам страху, пытаннем лічбавай бяспекі для тых, хто застаўся на радзіме. Калі за падпіску на «экстрэмісцкія СМІ» можна трапіць у турму, то, вядома, чалавек сто разоў узважыць перш чым падпісацца на той ці іншы канал і ўвогуле лішні раз задумаецца, ці варта адкрываць такія старонкі. Сёння хапаюць за падпіску, а заўтра не выключана, што проста за прагляд падобных сайтаў. 

    Але ці толькі гэтыя прычыны з’яўляюцца вызначальнымі што да падзення цікавасці да недзяржаўных медыя? Наколькі дадзеныя сацыялагічнага апытання насамрэч адлюстроўваюць рэальную карціну настрояў беларусаў, што да спажывання інфармацыі? 

    Ці гэта толькі чыннік страху, ці людзі папросту стаміліся ад рэвалюцыйнай павесткі і шукаюць чагосьці іншага ў інфармацыйнай прасторы, стараюцца пераключыцца больш на побытавыя рэчы?

    «І страх, і стомленасць, і фрустрацыя. І гэта натуральна, бо нашая псіхіка не разлічаная на такія працяглыя стрэсы», — зазначае ў інтэрв’ю БАЖ беларускі псіхолаг, які з пункту гледжання бяспекі папрасіў не агучваць сваё прозвішча. 

    Кірунак працы суразмоўцы звязаны з траўмамі і наступствамі посттраўматычнага стрэсавага сіндрому. Адмысловец перакананы, што дадзеныя незалежных сацыёлагаў абсалютна не азначаюць, што пратэсная публіка раптам палюбіла рэжым.

    Паводле псіхолага, «вельмі натуральным з’яўляецца жаданне беларусаў у той ці іншай ступені схавацца ад праблем у шкарлупінне, пераключыцца на так званую бытавуху».

    «Калі я, напрыклад, уцякаю ад драпежніка — льва, ваўка, то я пасля такога стрэсу даволі хутка аднаўляюся. Але калі ён пераследуе мяне вельмі доўга, то мая псіхіка можа перагарэць. Так і ў выпадку са спажываннем інфармацыі», — кажа эксперт. 

    Разам з тым суразмоўца зазначае, што вызначальнымі чыннікамі скарачэння колькасці спажыўцоў незалежнай інфармацыі ўсё ж такі з’яўляюцца страх і асцярога:

    «Пытанне бяспекі, на маю думку, стаіць на першым месцы. Памятаеце ў пірамідзе Маслоў унізе адным з галоўных пунктаў пазначаная бяспека. Рэжым увесь час запалохвае грамадства, і гэта натуральна, што людзі баяцца шчыльна ўзаемадзейнічаць з незалежнымі медыя, у пэўным сэнсе дыстанцуюцца ад іх, — зазначае эксперт. — Людзі ў Беларусі на сёння знаходзяцца фактычна ў акупацыі: пад штодзённым прэсінгам і пераследам, і ацалець псіхіцы ў такім становішчы — яшчэ той квэст. Атрымліваецца гэта далёка не ва ўсіх», — адзначае псіхолаг.

    «У выпадку трыгеру ў людзей узрасце цікавасць да альтэрнатыўнай інфармацыі»

    Разам з тым, працягвае суразмоўца, стомленасць і страх абсалютна не азначаюць, што рашучасці і цвёрдасці ўнутры людзей стала меней.

    «На мой погляд, зацішша ў беларускім грамадстве не азначае штосьці песімістычнае: мяркую, што грамадства наадварот акамулюе сваю энергію, і ў выпадку моцнага трыгеру яно зрэагуе».

    Медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі прытрымліваецца думкі, што сацыялагічныя дадзеныя ў сённяшніх змрочных рэаліях — інфармацыя даволі ўскосная, бо «цяпер мы не маем магчымасці праводзіць традыцыйныя сацыялагічныя апытанні ад дзвярэй да дзвярэй, калі была мажлівасць шырокай выбаркі ў тым ліку людзей, якія жывуць і ў сельскай мясцовасці, людзей узроставых, якія даволі лаяльныя да тых медыяў, да якіх яны прызвычаіліся, — друкаваных СМІ і тэлебачання». 

    Паводле Паўлюка Быкоўскага, калі нейкая частка аўдыторыі з натуральных прычын выпала з апытання, то ў выніковых дадзеных могуць быць пэўныя перагібы. 

    «Па-першае, можна казаць, што незалежныя медыя ў кожным разе выжылі і захаваліся. І калі ў выпадку нейкага трыгеру ў людзей узрасце цікавасць да альтэрнатыўнай інфармацыі, магчымасць такога доступу захоўваецца», — зазначае суразмоўца. 

    Што тычыцца даверу ці недаверу да той ці іншай аўдыторыі, то тут узровень даверу да дзяржаўных медыя, паводле апошніх дадзеных Chatham House, падрастае: «У жніўні быў давер 35%, у лютым –— 40%. У той час як давер да недзяржаўных медыя ў нейкай ступені зніжаецца. Было 33%, зараз 27%. Можна не звяртаць увагі на канкрэтныя лічбы, важна, што ёсць адзін трэнд на падвышэнне, другі на зніжэнне. Але разрыў паміж імі не такі вялікі.

    Плюс беларускімі ўладамі многія незалежныя рэсурсы названыя экстрэмісцкімі, і, адпаведна, людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць баяцца карыстацца гэтымі рэсурсамі. Беларускія незалежныя медыя выкарыстоўваюць шматплатформенную мадэль, дзе дыстрыбуцыя кантэнту адбываецца не толькі праз сайт. Так, людзі чытаюць сайт, але людзі чытаюць і сацыяльныя сеткі, і тэлеграм-каналы, глядзяць ютуб. Гэта ўсё розныя пляцоўкі, скласці і падлічыць, хто што ахоплівае такім чынам даволі складана, гэтая інфармацыя не ляжыць на паверхні», — гаворыць Паўлюк Быкоўскі.

    «​Уплыў недзяржаўных медыя на грамадства застаецца даволі вялікім»

    «Сацыялагічныя дадзеныя цалкам прадказальныя, — зазначае ў інтэрв’ю БАЖ дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня. — Сітуацыя выглядае цалкам лагічнай. Нічога дзіўнага і непрадказальнага ў тым, што беларускае грамадства стала меней спажываць інфармацыі з незалежных крыніц, няма. Недзяржаўныя медыя знаходзяцца пад велізарным ціскам, чытачы ўвесь час сутыкаюцца з перашкодамі, абмежаваннямі ў доступе да СМІ, таму колькасць падпісчыкаў падае, гэта натуральна. Разам з тым я б не казаў, што сацыялагічныя дадзеныя датычна незалежных медыя нейкія дужа песімістычныя — наадварот яны сведчаць, што амаль 50% апытаных — гэта людзі, якія спажываюць інфармацыю з незалежных рэсурсаў, то бок даволі вялікі ўплыў недзяржаўных СМІ на грамадства застаецца», — падсумоўвае эксперт. 

    На думку Рыгора Астапені, магчымы дадатковы крок, які б мог прыцягнуць болей аўдыторыі да незалежных медыя, — больш пісаць пра мясцовыя навіны.

    «Умоўна кажучы, як жыве Мінск цікавіць найперш жыхароў Мінска, як абласныя гарады — тамтэйшых жыхароў, і тут задача для недзяржаўных СМІ ўскладняецца, бо амаль што няма журналістаў унутры краіны. А дзяржаўныя СМІ ў плане лакальных навін і так званыя новыя СМІ —  як то «Точка.бай», «Белновости», «Смартпресс» у гэтым сэнсе, вядома, выйграюць, бо маюць больш магчымасцяў пісаць пра лакальныя навіны. І гэта важная праблема, з якой трэба штосьці рабіць», — лічыць эксперт. 

    Эксперты падкрэсліваюць, што не трэба забывацца на ўплыў на беларусаў дзяржаўнага тэлебачання.

    «Ён у любым выпадку застаецца, бо ў такіх СМІ традыцыйна ёсць і будзе свая аўдыторыя, якая яе глядзіць і сыходзіць адтуль не збіраецца», — кажа Рыгор Астапеня. 

    «Але гэты ўплыў, на маю думку, усё ж не такі вялікі», — у адказ на развагі калегі зазначае псіхолаг. — У дзяржаўнай расійскай і беларускай прапагандзе столькі перагібаў, і ўсё падаецца так штучна, што ўжо і многія заўзятыя прыхільнікі рэжыму падобным казкам не вераць, што ўжо казаць пра тых, хто не вызначыўся ў сваіх палітычных густах.

    «Беларусам у прынцыпе чужыя агрэсія, хамства, нецярплівасць, таму, як гэта ні дзіўна, чым больш прапаганда шчыруе, тым больш адштурхоўвае ад сябе грамадства», — лічыць спецыяліст.

    Паўлюк Быкоўскі адзначае яшчэ адну праблему: беларускія незалежныя медыя ў выгнанні абмежаваныя ў магчымасцях дыстрыбуцыі свайго кантэнту для аўдыторыі. 

    «Для незалежных выданняў, якія засталіся ў Беларусі з’яўляецца вялікай рызыкай падымаць палітычныя пытанні. Але нават калі яны ўключаюць самацэнзуру, то вельмі складана знаходзіць рэкламу — і не толькі з прычыны страху патэнцыйных рэкламадаўцаў, але і таму, што сам рэкламны рынак моцна прасеў. Што тычыцца тых медыя, якія не цураюцца палітыкі, то ў 2021 годзе рэжым разбурыў іх бізнес-мадэлі, выкінуў з сістэмы дыстрыбуцыі, амаль усе такія выданні згубілі магчымасць друкавацца ў Беларусі», — працягвае суразмоўца. 

    «Інтэрнэт-выданні пасля ўнясення ў спіс экстрэмістаў больш не індэксуюцца расійскім Яндэксам, а амерыканскі Google не імкнецца паказваць беларускім карыстальнікам па пошуку сайты, якія абмежаваны да доступу ў Беларусі. Расійскія сацыяльныя сеткі, якія так папулярныя ў Беларусі, не дазваляюць рэкламаваць тое, што яны лічаць палітычным кантэнтам, а Face­book i Insta­gram таксама з лета мінулага года ўвялі паняцце палітычнай рэкламы, якую не дазволена рабіць з‑за мяжы».

           Разам з тым, адзначае аналітык, «ніхто ручкі не склаў і не плача, медыя пераадольваюць цяжкасці і маюць магчымасць забяспечыць інтарэс жыхара Беларусі па доступе да непадцэнзурнай грамадска-палітычнай інфармацыі. Можна казаць пра тое, што беларускія медыя прадэманстравалі ўстойлівасць, абсалютная большасць праектаў працягваюць сваю працу. Таксама ў заслугі незалежных медыя можна запісаць і тое, што большасць беларусаў не падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны, у той час як беларуская дзяржаўная прапагандысцкая машына мэтаскіравана працуе на апраўданне дзеянняў Расіі (у сакавіку 2023 года, паводле дадзеных Chatham House, праціўнікаў было 44%, прыхільнікаў — 33%».

    Змягчэнне форм падачы палітычнага кантэнту, усебаковая падтрымка незалежных СМІ

    Рыгор Астапеня перакананы, што ў беларускім грамадстве існуе запыт на павелічэнне непалітычнага кантэнту: «Людзі стаміліся ад палітычных навін і шмат у чым адчуваюць сябе няздольнымі саўладаць з тымі праблемамі, якія зараз ёсць у Беларусі. Яны хочуць адключыцца ад навін, бо пастаяннае інфармацыйнае напружанне яшчэ больш уганяе ў дэпрэсію, людзі шукаюць чагосьці іншага. А дзе іншае? На ўмоўным ютубе, дзе кантэнт не такі палітызаваны». 

    «Даволі часта я жартую, што можна сацыялогіяй, апытаннямі ўжо не займацца, бо дастаткова проста адсочваць медыяспажыванні беларусаў і больш-менш разумець, што людзі думаюць, — працягвае суразмоўца. — З іншага боку, вядома, усе дэталі мы такім чынам не пабачым, але гэтае медыяспажыванне шмат што тлумачыць». 

    Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы, незалежныя медыя захоўваюць пэўныя плацдармы і пэўны ўплыў на грамадства. Адным з галоўных выклікаў, вядома, з’яўляецца амаль што поўная адсутнасць карэспандэнцкай, інфарматарскай сеткі ў Беларусі. 

    Што рабіць у такой сітуацыі? Магчыма, у першую чаргу шукаць новыя формы падачы кантэнту — каб палітычная тэматыка падавалася ў больш лёгкай форме, у перамешку з забаўляльным зместам.

    Многія гледачы адзначаюць, што такія праекты як «Обычное утро» на ютубе вельмі добра ўспрымаюцца ў гэтым плане. 

    Папярэдні досвед існавання незалежнай прэсы паказвае, што калі ўзнікаюць вострыя палітычныя ці грамадска-палітычныя калізіі, як гэта было ў 2020 годзе — спачатку кавід, пасля шалёная электаральная кампанія, то назіраецца ўсплёск цікаўнасці з боку грамадства менавіта да незалежных медыя. Змрочная рэчаіснасць вымушае многіх сыходзіць ад палітыкі, хавацца ў сваю ракавіну, але калі зноў надыдзе нейкі форс-мажорны час у палітычным плане, то запатрабаванасць незалежных медыя, на думку шэрагу аналітыкаў, несумненна ўзрасце. 

    Важна, каб незалежныя СМІ захоўвалі свае каманды, захоўвалі прафесіяналізм, адточвалі майстэрства. І таму пытанне падтрымкі недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, усебаковай дапамогі таксама мае вялікае значэнне.

    Чытайце яшчэ:

    Света Бень: «Свет сумна прыгожы і смяротна небяспечны»

    «Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал

    У Пінску развіталіся з блогерам Мікалаем Клімовічам

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці