• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Света Бень: «Свет сумна прыгожы і смяротна небяспечны»

    Не так даўно выйшаў альбом «Прием!». Яго аўтаркі — Света Бень і Галя Чыкіс. Альбом — вялікая падзея не толькі ў беларускай музыцы, але і ў паэзіі.  Света Бень распавяла часопісу TAUBIN пра новы альбом, тэрапеўтычнасць музыкі і тэкстаў, а таксама пра надзею пасярод сумна прыгожага і смяротна небяспечнага свету.

    А: “Чтобы выжить мне надо все это забыть». Радок з песні “Чёрные бидоны”. Адна палова мяне хоча пагадзіцца, а другая — спыняе. З аднаго боку, вось гэтая заўсёдная засяроджанасць на памяці (я зараз болей пра памяць “перамогі” і ВАВ), у тым ліку, мне падаецца, тлумачыць 20-ты і 22-гі гады. З іншага боку, памяць — важная рэч для разумення сваіх каранёў і самавызначэння, а яшчэ — для праўды. А што вы закладалі ў гэты радок? Ці на самой справе мінулае не мае значэння — з улікам жудаснага цяперашняга?

    С: Песня “Чорныя бідоны” не пра памяць. Яна — пра ўсведамленне сябе ў непераносным моманце, які твая псіхіка адмаўляецца перапрацоўваць і ператвараць у няпросты, але карысны вопыт. Гэта, мякка кажучы, не карысны вопыт, які дае нам любая форма гвалту або здрады. Пасля яго ты, тэарэтычна, не павінен быў выжыць, але вымушаны неяк працягваць жыць. А як — не вельмі зразумела.

    А: Цікава, што ў гэтым тэксце вы малюеце страшны вобраз рэчаіснасці, пазнавальны для многіх беларусак і беларусаў, але пры гэтым пішаце, што ўсё трэба забыць. Я гэта чытаю так: забыць трэба, але наўрад ці атрымаецца.

    С: Так, падобны досвед, не сумяшчальны з жыццём у звыклай і зразумелай яго форме, вядома ж, не можа быць забыты нікім і ніколі. І пра гэта наўпрост напісана ў песні.
    Але акрамя адчайных думак пра немагчымасць працягу жыцця, у тэксце пазначана і тое, што асабіста мне дае сілу, якая дазваляе выжыць і нічога не забыць. Таму для мяне гэты тэкст — не толькі песня пра страшнае, але і песня пра надзею.

    А: А яшчэ тут ёсць такія словы: “мне нужно все это забыть чтобы никого не убить”. Гэта пра “самое злое во мне”, якое непераносна прыгожае? Як прымірыцца з гэтым самым злым? Як лютасць ператварыць у нешта канструктыўнае?

    С: Каго можа забіць няўзброены чалавек? Перапоўнены лютасцю, ён можа хацець разадраць, вядома ж, шмат каго. Але ў адчайнай сітуацыі чалавек не схільны да гвалту, часцей за ўсё ён хоча проста знікнуць. Самаўхіліцца назаўжды.
    У рэфрэне песні чалавек не ўгаворвае сябе забыць пра нешта, ён угаворвае сябе не паміраць, нягледзячы на тое, што ён памятае.

    А: У першым жа тэксце альбома, “Кёртису”, таксама ёсць пра дыстанцыю: нічога не чуць. Чарапаха запавольвае час. Тэкст стварае абалонку, у якой быццам бы ўсе жывыя і пераканаўчыя. Мне здаецца, гэтая адметнасць задае матыў усяму альбому (хоць у ім даволі багаты спектр эмоцый). Вы вяртаецеся ў юнацтва, а слухачы і слухачкі — у сваё, дзе жывуць важныя для іх людзі. Якім вы бачыце той час з сёння? Як часта вы вяртаецеся, калі так, у мінулае?

    С: У мяне так шмат падзей адбываецца ў сучаснасці, што мне, шчыра кажучы, асабліва няма калі думаць пра мінулае. І ўжо, тым больш, звяртацца да яго, аналізаваць яго ці ўсяляк у ім корпацца.
    Ёсць нейкія важныя ключавыя моманты, якія проста сфармавалі мой унутраны творчы і інтэлектуальны шкілет. Ёсць такія важныя падзеі, здарэнні і фігуры, якія проста цяпер з’яўляюцца часткай мяне. І Йен Кёрціс — адна з такіх фігур. Ён адразу, яшчэ гадоў у 17, шчыра папярэдзіў мяне, што свет сумна прыгожы і смяротна небяспечны. Таму ён і бачыцца мне вельмі пераканаўчым.
    Гэтая песня была напісана гадоў пяць таму, і, перш за ўсё, яна — пра горкае ўсведамленне: што б ты ні сказаў і ні зрабіў, ты абавязкова зробіш камусьці балюча. Пра страту сіл, пра жаданне знікнуць, пра жаданне заплюшчыць вочы і слухаць мора. Нармальная такая дэпрэсіўная песня.

    А: Увогуле, у гэтых тэкстах вы настолькі тонка называеце самыя злыя, самыя горкія рэчы сваімі імёнамі, што ствараецца ўражанне пэўнага самавылечвання і тэрапеўтычнасці. Усё гэта, безумоўна, працуе і са слухачамі і слухачкамі. Датычна вас — ці так гэта? Што вы адчулі і адчуваеце зараз, пасля таго, як гэтыя тэксты былі напісаныя?

    С: Я цалкам дакладна магу сказаць, што песні, якія я складаю, з’яўляюцца для мяне выратавальнай тэрапіяй. Я пішу тэксты выключна рэдка, часцей за ўсё падчас вострых перажыванняў. Асабіста для мяне яны заўсёды з’яўляюцца такім адказам, які я б хацела пачуць ад свету.

    Вось адказ, уласна кажучы, лётае вакол мяне, а я проста хапаю яго і апранаю ў тэкставую форму. Калі ён потым таксама дапамагае камусьці, суцяшае або дазваляе прагаварыць разам нейкі боль, нешта выплакаць або вытанцаваць, то я вельмі рада гэтаму факту.

    А: “Не печалуйся” — тэкст, які, на маю думку, самы тэрапеўтычны з усіх. Простыя і зразумелыя думкі: “всё проходит, всё пройдёт”, “всё вокруг не насовсем”, “не лезь во ад к другим” у спалучэнні з дзіцячай непасрэднасцю нібыта прыміраюць са смерцю. А яшчэ — паказваюць, якая ўсё-ткі чалавек дробка ў гэтым агромністым свеце. Гэтая ўсеагульная смяротнасць дакладна робіць усіх людзей роўнымі адно аднаму. У жыцці вы гэтак жа лёгка гаворыце пра смерць?

    С: Ніяк я пра смерць не кажу. Навошта пра яе казаць, калі яе і так вакол няўяўна шмат?

    А: Мой любімы тэкст — “Зеркальный шар”. Па-першае, што гэта за месца — “там” (“там был такой красивый зеркальный шар”)? Па-другое, план эвакуацыі, што “ясен, но невыполним”, — гэта “мне нужно все это забыть” ці нешта іншае?

    С: “Там” — гэта такое абстрактнае месца, якое можа быць дзе заўгодна. Любое месца, дзе чалавеку сумна, самотна і няўтульна. І вось ён спрабуе знайсці ў гэтай безнадзейнасці нешта прыгожае. І знаходзіць.

    А план эвакуацыі, які ясны, але не можа быць выкананы — гэта, вядома ж, вострае жаданне пакінуць гэты свет, адначасова з ясным усведамленнем, што самавольна рабіць гэтага не варта.

    А: А які ваш любімы тэкст (кампазіцыя) з альбома і чаму?

    С: Мае любімыя тэксты на альбоме — гэта песня пра ластавак і песня «Можа». Таму што ў іх для мяне ёсць падказка, чаму варта заставацца на планеце Зямля.

    А: У вас пачаўся тур. З якімі адчуваннямі і эмоцыямі вы яго пачалі? Ці ёсць ужо рэчы, якія вас здзівілі ці натхнілі на канцэртах?

    С: Так, тур пачаўся. У кожным з гарадоў у нас ёсць людзі, якія даўно сталі нашымі блізкімі сябрамі, і вось гэтыя сустрэчы — вельмі натхняюць.

    Не менш натхняльны факт — гэта тое, што мы знаёмімся з цудоўнымі людзьмі, знаходзім усё новых і новых сяброў. А чалавечыя зносіны — такі бясцэнны, такі шыкоўны падарунак Сусвету, што нічога больш дзівоснага, чым ён, не хочацца і шукаць.

    Чытайце яшчэ:

    «Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал

    Вярхоўны суд замацаваў выракі Дзмітрыю Навошу ды іншым «чарнакніжнікам». Тыя сцвярджюць, што апеляцый не падавалі

    Заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан вызваліўся з «хіміі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці