Польскае тэлебачанне патрабуе ад былых кіраўнікоў Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва 1,3 мільёна злотых за акупацыю студый
Заява былa накіраваная ў Дэпартамэнт бяспекі Акруговага суда ў Варшаве і чакае разгляду.
Будынак TVP на плошчы Паўстанцаў у Варшаве. Фота: Adrian Grycuk
Польскае тэлебачанне патрабуе ад былых кіраўнікоў Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва: Міхала Адамчыка, Самуэля Перэйры і Марціна Туліцкага выплаты аднаго мільёна трохсот тысяч злотых за акупацыю будынку TVP на плошчы Паўстанцаў у Варшаве. Па гэтым адрасе размяшчаліся рэдакцыі ўсіх інфармацыйных праграм грамадскага тэлебачання і канала TVP Info.
Заява накіраваная ў Дэпартамэнт бяспекі Акруговага суда ў Варшаве і чакае разгляду.
Былыя кіраўнікі Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва пачалі акупацыю 20 снежня мінулага года пасля таго, як новы міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Барталамей Сянкевіч абвясціў аб змене кіраўніцтва грамадскіх СМІ.
Паводле пазоўнікаў, з‑за дзеянняў былых кіраўнікоў, інфармацыйны канал TVP Info дзевяць дзён не меў магчымасці трансляваць тэлевізійны сігнал, што прывяло кампанію да істотных фінансавых страт.