• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    П’есы па-беларуску на сцэнах Парыжа: хто такі драматург Аўген Кавалеўскі, што трагічна памёр у 42 гады?

    Яго п'есы ставіліся па-беларуску на сцэнах Парыжа. А ён марыў і верыў, што ён вернецца на Бацькаўшчыну, каб прадоўжыць сваю працу. На жаль, для яго жыццё скончылася ў 42 гады.

    …Сонечная лістападаўская восень 1955 года. Сталічная французская «Salle Iena». Рознанацыянальная публіка — узрушаная, задуменная, радасная, — на прэм’еры спектакля па п’есе беларускага драматурга Аўгена Кавалеўскага. Драма называлася «Асуджаныя». Паставіў спектакль і выконваў у ім адну з галоўных роляў сам аўтар… 

    Аўген Кавалеўскі з’явiўся на свет у свята праваслаўнага Раства — 7 студзеня — у 1921 годзе ў Маскве. Бацькі́ неўзабаве вярнуліся ў Менск, дзе Аўген стаў выхаванцам дзіцячага садка, якім апекавалася жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Затым А. Кавалеўскі скончыў сярэднюю школу і… стаў сіратой. У тым «паспрыяла» бальшавіцкая ўлада: знішчыла — як нацдэма — бацьку, выхадца з Заходняй Беларусі.

    Таленавітага юнака падтрымаў вядомы акцёр і рэжысёр Еўсцігней Міровіч (1878–1952) і накіраваў у тэатральную школу пры Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры.

    Вайна зблытала ўсе планы і спадзяванні. 

    «Падчас вайны наш дом згарэў, — успаміна́ў (у лісце да аўтара гэтага артыкула. — Рэд.) малодшы брат пісьменніка Раман Кавалеўскі. — Аўгена тады дома не было… усё згарэла. Мы з мамаю выскачылі на вуліцу і не пасьпелі што-колечы ўратаваць. Пасьля пажару мы перабраліся на Кастрычніцкую вуліцу. У нас зьбіраліся артысты, пісьменьнікі… У Аўгена была мэта барацьбы за незалежную Беларусь».

    У 1944 годзе Кавалеўскі падаўся ў паязджанства. У Нямеччыне арганізаваў Тэатр эстрады, апантана працаваў, пісаў п’есы, апавяданні, аповесці, публіцыстычныя артыкулы, склаў падручнік для Тэатральнай студыі.

    «Калі немцы адступалі, Аўгена з намі не было, — згадваў яго брат Раман. — Ён быў высланы ў паездку і апынуўся ў Нямеччыне. І мы яго спаткалі ўжо ў Баварыі. Калі мы з мамаю апынуліся ў Нямеччыне, мы Аўгена не бачылі і спаткалі ў канцы вайны… Ён быў з артыстамі. Яны разьязджалі па ўсёй Нямеччыне: па лагерох, дзе знаходзіліся нашы землякі, пад уладаю амерыканцаў, якія многа дапамагалі… І так прадаўжалася аж да 1948 году… Прыйшоў час, калі амерыканцы зачалі прапаноўвааць (Чырвоны Крыж) выязджаць па іншых краінах. Аўген вырашыў выехаць у Францыю».

    Аўген Кавалеўскі ўваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Шыпшына», быў актывістам Беларускай незалежнай арганізацыі моладзі (на яе другім з’ездзе абраны сакратаром), працаваў у парыжскім кравецкім атэлье і дзякуючы сваёй мастакоўскай фантазіі ды густу ствараў таленавітыя эскізы моды. І… пісаў.

    Ён спрабаваў сябе ў розных літаратурных жанрах і актыўна друкаваўся ў эмігранцкіх выданнях: часопісах «Сакавік», «Наперад!», «Напагатове», «Моладзь» ды інш. Так, у 1946 годзе ў часопісе «Напагатове» з працягам публікавалася яго прыгодніцкая аповесць для падлеткаў «Таямніцы замчышча».

    Адзін з першых апублікаваных драматургічных твораў А. Кавалеўскага — «драматычны этуд» «Навагодні госьць» («Сакавік», 1948, №1 (2)). Гэта сентыментальны расповед пра адзін эпізод з жыцця так званых дэпістых («перамешчаных асобаў»). Маладая жанчына Галіна Свірская засталася адна з малой дачкой. На сустрэчы Новага года яна прымае прапанову Алеся Зеляновіча «ісьці разам у туман», сустракае параненага мужа — і напачатку не пазнае яго, зноў страчвае.

    «Навагодні госьць» Кавалеўскага стаў адным з узораў «актуальнай» драматургіі, якая, аператыўна вывучыўшы «попыт» суполкі беларускіх паязджанаў, імкнулася найперш асвятляць іх надзённыя праблемы, адлюстроўваць тыповае і характэрнае ў іхнім жыцці.

    Большае канцэптуальнае паглыбленне ў драматургічную стыхію выявіла напісаная Кавалеўскім трагедыя «Ліхадзейка» (1948). П’еса ўзнаўляе адзін з тыповых эпізодаў гісторыі Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя. У цэнтры сюжэтных калізій трагедыі — лёс прыгоннага селяніна, самавука-паэта Рыгора і сям’і памешчыцы Уладзіслаўскай. Яе дачка Канстанцыя, якой падрыхтаваны багаты жаніх Галінскі, закаханая ў Рыгора. Рыгор, у сваю чаргу, любіць сялянскую дзяўчыну Марысю. А. Кавалеўскі імкнецца выпісаць характары сваіх герояў на фоне бурлівых і трагічных падзей: сялянскага бунту супраць дэспатыі Уладзіслаўскай, які ачоліў Рыгор. У фінале трагічна гінуць і Рыгор, і Марыся, і Канстанцыя…

    Паралельна з п’есамі зноў пісаліся празаічныя тэксты. Зрэшты, у творчасці А. Кавалеўскага проза пералівалася ў драматургію, а драматургічныя асновы (дыялогавасць, дынамічнасць, сюжэтная закальцаванасць і пад.) выяўляліся ў апавяданнях, аповесцях.

    У часопісе «Шыпшына» (1948, №2) было апублікавана апавяданне А. Кавалеўскага «Алеся» — лірычна-ўзнёслы эцюд-згадка пра страчанае каханне, напісаны, відавочна, пад уплывам вядомай «Олеси» А. Купрына. Апавяданне вызначаецца жывапіснай, каларытнай мовай, імпульсіўнасцю празаічнага (часам метрычна-згарманізаванага) радка. Напрыканцы, як падрахаванне, што выбіваецца з агульнага летуценна-мройнага аповеду, уведзена аўтабіяграфічная згадка: «Нечакана, раптоўна, як тая навальніца, грымнула вайна. Захлынула мяне, закруціла ў сваім жудасным віры, доўга насіла з аднаго мейсца на другое <…> і ўрэшце выкінула на далёкую чужыну як нікому непатрэбную трэску на хвалях».

    У №19 часопіса «Наперад!» (1949) была змешчана навела А. Кавалеўскага «Першы подых», у №21 (1950) — апавяданне для дзяцей «Калека».

    А. Кавалеўскі актыўна ствараў і невялікія камедыйныя вадэвілі, якія ставіліся на эміграцыйных сцэнах Нямеччыны і Францыі. Эпізод з жыцця ў лагеры бежанцаў асветлены ў гратэскава-камічным вадэвілі «Госці з Тунісу».

    Два кемлівыя хлопцы-беларусы, якія атрымалі «матуру», пераапрануліся ў вярбоўшчыкаў-тунісцаў і насміхаюцца са сквапнасці ўдавы Зосі, цёткі сваёй сяброўкі…

    Сцэны перадвясельных залётаў і сватання сталі традыцыйнымі і тыповымі ў беларускай драматургіі (творы В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Купалы). Яны адгукаліся і ў камедыяграфіі А. Кавалеўскага. Яскравы прыклад — вадэвіль «Нечаканыя заручыны», жартоўнае дзейства якога пабудавана на аснове «любоўнага трохкутніка» Васіль — Насця — Халімон Падцярушкін. Арганічна ў тэкст уплятаюцца «песенныя партыі» герояў вадэвіля.

    Спакваля малады пісьменнік падыходзіў да ўвасаблення ваярска-гістарычнай тэматыкі — асноўнай у яго прозе. Як накід да нечага больш маштабнага ўспрымаецца яго абразок «Паміраючы сокал» («Баявая ўскалось», 1949, №1), дзе ў рамантычным арэоле апісана смерць беларускага жаўнера. Названай тэматыцы прысвечаны і «драматычны абраз з часоў Слуцкага паўстання» «Случчакі», апублікаваны ў часопісе «Моладзь» (1949, № 9). У аснове «Случчакоў» — вядомая гістарычная падзея нацыянальна-вызвольнага руху, якая на эміграцыі ўважалася найбольш яскравым выяўленнем народнай сілы, мужнасці, імкнення да незалежнасці. А. Кавалеўскі паказвае адзін эпізод змагання: сутычку партызанскага аддзела з чырвонаармейскім палком. Кульмінацыя — сустрэча родных братоў Багуноў, адзін з якіх — паліткамісар, другі — партызанскі камандзір. У выніку брат забівае брата.

    Больш самабытна, чым у «Случчаках», у якіх аўтар не змог пазбегнуць ілюстрацыйнасці, зместавай зададзенасці, пісьменніцкія здольнасці А. Кавалеўскага адлюстраваліся ў аповесці «Людзі ў полымі», якую на працягу трох гадоў друкаваў часопіс «Моладзь» (з №4 за 1948 год па №18 за 1950-ты). Аповесць, якая сваёй назвай асацыятыўна лучыцца з пазнейшымі Мележаўскімі «Людзьмі на балоце» (як два архетыпічныя хранатопы: «людзі ў агні» і «людзі ў вадзе»), мае дзве асноўныя сюжэтныя лініі: жыццё свядомай беларускай моладзі ў часе панавання бальшавіцка-сталінскай ідэалогіі (найбольш каларытныя персанажы — Пятрусь Турэвіч, Мікола і Вера Сіняўскія) і «дзейнасць» уладнага актыву (сакратара райкама ВЛКСМ Максіма Івашчыка, сына папа, які пасля сутычкі з прадстаўніком ЦК партыі гіне ў дрыгве; начальніка раённага НКУС Сямючэнкі ды інш.).

    Аповесць А. Кавалеўскага «Людзі ў полымі» запамінаецца энергічным разгортваннем падзейных калізій, займальна-прыгодніцкім характарам, добра распрацаванымі ў псіхалагічным плане паасобнымі сцэнамі, — як, да прыкладу, эпізод пра спробу самагубства Максіма Івашчыка, калі той разглядваў сваё адлюстраванне:

    «Ён падышоў да вялікага, мала не на палову сьцяны люстэрка ў пазалочанай раме, што стаяла за канапаю, і, любуючыся сваім выглядам, з «браўнінгам» у руках, прагаварыў яшчэ раз і галасьней:

    — Я на ўсё здольны!

    Але праз якую хвіліну, калі добра прыглядзеўся да свайго адлюстраваньня, ён ужо ня мог гэтага сказаць — рашучасьць пакінула яго, і заміж яе ў люстэрку пацямнеў спалоханы твар, ізноў апусьціліся бязвольна рукі<…>. Ён глядзеў на сваё адлюстраваньне доўга, уважна, быццам бы ніколі перад гэтым ня бачыў сябе ў люстэрку. <…> і шырокі, заплыўшы тлушчам твар з падвойным падбародкам, і вузкія прарэзы вачэй, <…> і нос, маленькі, як бы сплясканы, і вусны таўстыя, чырвоныя, як у якой маладухі, і пасмы рэдкіх валасоў, апаўшых на вузкі лоб. Але, адначасна з гэтым, Івашчык пабачыў на сваім твары нешта новае, чаго раней не заўважаў: яму здалося, што ён на свае маладыя гады ўжо занадта стары, бо павялічыліся мяхі пад вачыма, закругліліся зморшчыны ля вуснаў, парадзелі валасы — і ад гэтага жаль да самога сябе, жаль да свайго маладога жыцьця <…> гэтак расчуліў ягонае сэрца, што ў ягоных вачох міжвольна зьявіліся сьлёзы<…>».

    Празаічныя спробы Аўгена Кавалеўскага станавіліся найперш сведчаннямі зацікаўленасці маладой беларускай літаратурай 40‑х — пачатку 50‑х гадоў гістарычнай праблематыкай, прычым праблематыка тая мела «прыкладны́» характар: высвечвала і канцэптуалізавала найперш яе ваярскі зрэз, праз такі зместавы аспект актуалізуючы нацыянальную ідэю і заклікаючы да самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне, не бачачы па-за гэтым перспектывы свайго і дзяржаўнага існавання. 

    …Сёння ў тое і не верыцца: названыя і незгаданыя п’есы Аўгена Кавалеўскага ставіліся па-беларуску на сцэнах Парыжа. Вось як аб тым успамінала (у лісце да аўтара гэтага артыкула. — Рэд.) удава драматурга спадарыня Валянціна Міцура-Кавалеўская (яны пазнаёміліся, «перапісваючыся», у снежні 1948 года):

    «…у Парыжы, у 1949 годзе, канцэрт прайшоў з вялікім посьпехам. Зала была перапоўненая. Граліся таксама скечы і вадэвілі, часта Аўген арганізоўваў беларускія вечары. Так прадаўжалася некалькі гадоў. Пазнаёміўся ён з расейскімі акторамі, удзельнічаў у іх спектаклях. Па іхняй просьбе напісаў аповесьць пра эміграцыю «Обречённые» і «Встреча».

    Калі мы паслалі нашых дзяцей да скаўтаў «Норс», яго там прасілі заняцца маладымі дзяўчатамі і хлопцамі. Там ён і памёр трагічна, пад мейсцам Roy­an, і ён пахаваны там.

    Аўген марыў і верыў, што ён вернецца на Бацькаўшчыну, каб прадоўжыць сваю працу. На жаль, для яго жыцьцё скончылася ў 42 гады…».

    Адбылося тое 13 жніўня1963-га. Руаян — цяпер камуна ў рэгіёне Пуату-Шарант на захадзе Францыі. Яна размешчана ў вусці Жыронды — эстуарыя рэчак Гаронна і Дардонь, якія бягуць у Атлантычны акіян. На поўдзень ад Жыронды пачынаецца Срэбны бераг. Руаян упрыгожваюць пясчаныя бухты, пляжы, невялікая гавань і рачны порт. А таксама — і памяць пра творчага беларуса-паязджаніна.

    Чытайце яшчэ:

    Маргарита Левчук: Когда все плохо, только юмор и сатира могут нас спасти

    «Рэдакцыі страчваюць кантроль над стужкай навін». Украінская медыяэкспертка — пра выклікі і праблемы якасных медыяў

    Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці