• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэдакцыі страчваюць кантроль над стужкай навін». Украінская медыяэкспертка — пра выклікі і праблемы якасных медыяў

    Недастатковая якасць кантэнту, ананімныя злівы, самацэнзура — пра выклікі, з якімі сутыкнуліся ўкраінскія медыі падчас вайны, і, шырэй, у тэхналагічным і палітычным аспектах расказала ўкраінская медыяэкспертка Наталля Лігачова. Многія з гэтых выклікаў нагадваюць пра праблемы беларускіх медыйшчыкаў.

    Гэта пераклад скарочанай тэкставай версіі анлайн-лекцыі ўкраінскай медыяэксперткі, галоўнай рэдактаркі інтэрнэт-выдання «Детектор медіа» Наталлі Лігачовай. Поўную версію лекцыі «Якасныя ўкраінскія медыі сёння і заўтра», якую арганізавала Камісія журналісцкай этыкі, можна паглядзець тут.

    Наталля Лігачова на пачатку 90‑х гадоў была адной з заснавальніц медыякрытыкі ва Украіне. У 2001 годзе яна стварыла інтэрнэт-выданне медыяпубліцыстыкі «Телекритика», а ў 2016 годзе —  «Детектор медіа», незалежнае ўкраінскае выданне пра медыі і падзеі ў гэтай сферы.

    — Я паспрабую выказаць сваё меркаванне пра выклікі, якія стаяць перад якаснымі медыямі, але не толькі ў кантэксце вайны, але ў больш шырокім, магчыма, тэхналагічным, глабальным кантэксце. І я паспрабую быць больш практычнай у вызначэнні гэтых праблем, у тым, як я бачу інструменты выхаду і пераадолення гэтых праблем.

    Галоўныя выклікі для якасных медыяў: прыкладны аспект

    Для мяне адным з самых вялікіх выклікаў для якасных медыяў зараз з’яўляецца тое, што я называю стратай вертыкалі рэдакцыйнага кантролю над стужкай навін. Што я маю на ўвазе? З аднаго боку, гэты магутны вір інфармацыі, у якім мы з вамі знаходзімся, увогуле цяпер на мяжы ахопу чалавечым мозгам. Таксама разнастайнасць платформ, у якія цяпер даводзіцца перапакоўваць кантэнт: калі раней навіны публікаваліся на адной платформе, то з часам іх стала больш, і цяпер практычна кожнае выданне мае акрамя сайта, друкаванага або тэлевізійнага канала, Face­book, Insta­gram, Twit­ter, Tik­Tok і Telegram, YouTube, рассылкі…

    Адваротны бок медаля — не надта добрае фінансавае становішча медыяў, дарэчы, не толькі ва Украіне, бо фінансавыя магчымасці СМІ не бязмежныя ва ўсім свеце, але ва Украіне падчас вялікай вайны асабліва.

    Праз гэтыя фактары, на жаль, магчымасць топ-менеджараў кантраляваць якасць усяго кантэнту, які вырабляе выданне, адыходзіць у далёкае мінулае. У «Детектор медіа», напрыклад, перад публікацыяй тэксты вычытваюць некалькі рэдактараў, найбольш важныя чытаю і я. Але навіны, тым больш на розных пляцоўках, перад публікацыяй праглядае рэдактар стужкі. Мяркую, што цяпер ва ўсіх так. Разам з тым ёсць і чалавечы фактар: журналісты памыляюцца, робяць факапы. І ты не можаш, як раней, кантраляваць і карэктаваць гэта на этапе да публікацыі, часта ты робіш гэта ўжо пасля публікацыі. А часам і пасля публікацыі не бачыш, а проста “прылятае” ад уважлівых чытачоў. І гэта насамрэч вельмі вялікі выклік, які мы мусім разумець.

    Страта кантролю кіраўніка рэдакцыі над усімі інфармацыйнымі плынямі, якія мы генеруем, — гэта тое, што, на жаль, можа падарваць давер да якасных СМІ. Гэта — першы выклік.

    Другі выклік — разнастайнасць платформ, для якіх мы павінны перапакоўваць кантэнт. Гэта патрабуе не толькі кантролю, але і шмат розных навыкаў як ад рэдактара, так і ад топ-менеджара. То бок ты павінен разумець гэта альбо наймаць вельмі профільных спецыялістаў (пры гэтым я ўжо казала пра кадравы голад). Мы, галоўныя рэдактары, зараз паглыбляемся ў тое, як прасоўваць кантэнт на YouTube, як пакаваць яго для Telegram, а як — для Face­book. Гэта значыць, мы гэта таксама ўжо вывучаем. Якасныя медыі павінны разумець, як данесці ўласны кантэнт да аўдыторыі розных платформ.

    Трэці выклік для якасных медыяў — інфатэйнмент. Мы спаборнічаем не толькі па якасці інфармацыі! Шкада, але часта даводзіцца спаборнічаць не столькі па якасці, колькі па хуткасці — і па тым, колькі людзей нас паглядзяць, пачытаюць, паслухаюць. І гэта прымушае нават тых людзей, якія вельмі добра разумеюць, якой мусіць быць якасная журналістыка, грэбаваць сваёй патрабавальнасцю дзеля наведвальнасці. Да чаго гэта прыводзіць? Дзесьці пачынаем дадаваць больш забаўляльнага кантэнту, дзесьці гаварыць не мовай сур’ёзнай аналітыкі, а мовай такой “бранябойнай” публіцыстыкі.

    І я пераходжу да наступнага выкліку, які выцякае з таго, што я ўжо сказала — гэта размыванне экспертнасці.

    Што мы бачым? Арэстовіч, Жданаў — вялікая колькасць праглядаў гарантаваная. Але мы разумеем, што гэта не экспертыза (нават тады, калі Арэстовіч яшчэ займаў нібыта праўкраінскую пазіцыю. — Н.Л.). Але рэдакцыі часта не сочаць за экспертызай — іх больш хвалюе, колькі праглядаў прынясе гэты «эксперт». То бок нават якасныя медыі часта арыентуюцца не на экспертасць і аргументацыю, а на папулярнасць, харызму, на жаль, часта псеўдаэкспертаў. Гэта моцна ўплывае на тое, што мы з вамі вырабляем.

    Вельмі вялікім выклікам стала і тое, што мы пабачылі ў заходніх медыях за некалькі месяцаў да поўнамаштабнай вайны. Памятаеце, што тады адбывалася: заходняя прэса, перш за ўсё амерыканская, тады давала шмат інфармацыі, якая сведчыла пра тое, што Расія збіраецца напасці на Украіну. На каго яны спасылаліся? Як правіла, на адну ананімную крыніцу, напрыклад, у Пентагоне, або ў Белым доме, або ў ЦРУ і г. д. Гэта значыць, заходнія СМІ, на якія мы прызвычаіліся абапірацца, адмовіліся ад таго, што заўсёды было базавым прынцыпам якаснай журналістыкі — ад спробы перавесці інфармацыю з ананімных крыніц у неананімныя (а калі гэта немагчыма, то, як мы ўсе ведаем, павінна быць як мінімум тры незалежныя адна ад адной ананімныя крыніцы).

    Мы дзівіліся, не вельмі ўсе верылі, але вялікая вайна сапраўды пачалася! Што абяліла гэты метад. Хоць раней, калі нашы медыі спрабавалі спасылацца на адну крыніцу, мы іх жорстка крытыкавалі, а тут убачылі: вау, шаноўная заходняя прэса так робіць!

    Так, зараз мы добра разумеем, што гэта былі злівы датычных да інфармацыі пра вайну крыніц ва ўладах заходніх краін — такім чынам яны спрабавалі папярэдзіць Украіну. Але я лічу, што гэта стала моцным ударам па журналістыцы, бо легалізавала права спасылацца толькі на ананімныя крыніцы, да таго ж — на адну!

    І цяпер мы бачым, што наша расследавальніцкая журналістыка ўсё больш становіцца журналістыкай зліваў. Часта гэта проста зліў інфармацыі нейкімі асобамі, найчасцей ад улады ці яе апанентаў. І вельмі часта гэтыя злівы не правяраюць альбо правяраюць дрэнна, не дадаюць доказы, а проста пускаюць у публікацыю. Потым часам сайты ўжо пасля публікацыі і крытыкі расследавання чытачамі і экспертамі пачынаюць нешта ў ім папраўляць… Але лепш адразу паставіцца да матэрыялу адказна і праверыць яго перад публікацыяй. Тым больш, што ў расследаванняў усё ж застаецца той вертыкальны рэдакцыйны кантроль, пра які я казала на пачатку.

    Яшчэ адна балючая праблема, якая існавала заўсёды і існуе цяпер, — гэта самацэнзура. Ва Украіне гэта часта выклікана правільнымі прычынамі, напрыклад, з 2014 года я мяркую, што мы павінны быць больш адказнымі за тую негатыўную інфармацыю, якую мы распаўсюджваем. Гэта значыць, ва ўмовах знешняй агрэсіі медыі могуць крытыкаваць уладу, але не павінны яе жорстка «мачыць», як і ўсіх, хто не займае прарасійскую пазіцыю. Калі раней я казала, што журналіст — заўсёды апанент улады, то цяпер, падчас поўнамаштабнай вайны, я ўжо не магу сказаць, што адчуваю сябе апанентам улады. Хутчэй, патрабавальным паплечнікам, партнёрам, таму што так ці інакш мы разам пераадольваем выклікі, створаныя вайной.

    Але часта самацэнзура выкліканая тым, што многія выданні камусьці належаць, і журналістам нават не кажуць «рабі тое ці тое» — яны самі ведаюць, што можна ў гэтага ўласніка.

    Тое самае адбываецца і ў дзяржаўных медыях, якія зараз, падчас вайны, узмацняюцца — развіваецца вайсковае тэлебачанне, ёсць каналы «FreeДом», «Дім», ёсць Укрінфарм, які цяпер змяніў кіраўніцтва, ёсць тэлемарафон, куды ўваходзяць прыватныя тэлеканалы, але ў якіх існуе адзіная ўсім відавочная дзяржаўная рэдакцыйная палітыка. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць «Суспільне», і дзякуй Богу, што яно падтрымліваецца заходнімі донарамі і можа дазволіць сабе нават у гэтым марафоне даць голас палітычнай апазіцыі, то бок быць больш узважаным.

    Мы праводзім маніторынг, і штомесяц адна і тая ж карціна: прадстаўнікі «Еўрапейскай салідарнасці» і «Бацькаўшчыны» прысутнічаюць толькі ў «Суспільне». На іншых тэлеканалах, якія ўдзельнічаюць у тэлемарафоне, гэтага няма.

    Але, з іншага боку, такая ж цэнзура ці самацэнзура ёсць і на апазыцыйных каналах таго ж Пятра Парашэнкі. То бок цэнзура і самацэнзура ў дзяржаўнай ці прыватнай уласнасці як была, так і ёсць, і гэта таксама ўскладняе сітуацыю для якасных медыяў.

    Што рабіць

    Мы можам яшчэ доўга пералічваць іншыя выклікі і праблемы, але ж неяк трэба існаваць. Па-першае, магчыма, адбудзецца арыентацыя якасных медыяў на тое, што я называю каштоўнаснай аўдыторыяй. Папулярнасць сацсетак мы больш не пераб’ем, якасныя медыі не пачне чытаць і глядзець большая аўдыторыя, чым таго ж Жданава, ці Арэстовіча, ці тэлеграм-каналы. У вельмі рэдкіх выпадках мы зможам яшчэ канкураваць, напрыклад, «Суспільне» добра развіваецца ў дыджытале, але ўсё ж гэта не будзе тычыцца ўсіх якасных медыяў.

    Таму, на мой погляд, тыя, хто кіруе якаснымі медыямі, аб’ектыўна-суб’ектыўна прыйдуць да разумення, што трэба ісці не ў шырыню, а ўглыб.

    Гэта значыць, мы пачнем арыентавацца на аўдыторыю, якая патрабуе якаснага кантэнту, і нарошчваць яе. Уласна, тое, што ва ўкраінскіх СМІ нараджаецца шмат суполак і над гэтым шмат хто працуе, паказвае, што якасныя медыі паступова пачынаюць нарошчваць уласную аўдыторыю ці, скажам так, аб’ядноўваць і групаваць яе вакол сябе.

    Увогуле мы ўсё яшчэ знаходзімся ў нейкім ментальным хаосе — мы яшчэ не зусім разумеем, ці ўсё ж такі нам ахопліваць больш і больш, спаборнічаць з гэтымі тэлеграмамі, ці забыцца на гэта, спыніцца і сказаць сабе: «Окей, мы пойдзем іншым шляхам». Мяркую, што будучыня за гэтым іншым шляхам.

    Другое. Хоць мая спроба сказаць гэта на Nation­al Media Talk не была добра ўспрынятая некаторымі калегамі, якіх я вельмі паважаю, я тады сказала, што мы нічога не можам зрабіць з тэлемарафонам. Ён усё роўна будзе, магчыма, яго перафарматуюць, але мы разумеем, што ён усё роўна будзе знаходзіцца пад кантролем уладаў і ўсё роўна будзе інфармацыя, якая не будзе задавальняць крытычнага гледача. Таму я прапанавала падумаць пра тое, каб якасныя медыі зрабілі свой марафон. У мяне нават была ідэя, як гэта можна было б зрабіць, і дарэчы, донары праявілі зацікаўленасць падтрымаць — але окей, цяпер мы да гэтага не гатовыя, таму што гэта сапраўды складана тэхнічна, тэхналагічна, арганізацыйна.

    Аднак калі адбываецца своеасаблівае адгалінаванне асобных медыяў — «Дэтэктар мэдыя» з яго падсайтамі, «Украінская праўда» (і яе «Європейська правда», «Таблоїд» ці «УП.Життя»), у NV таксама ёсць шмат адгалінаванняў… так што, мяркую, можа быць і адваротны працэс — якасныя медыі, асабліва рэгіянальныя, могуць ствараць або самааб’яднанні, або холдынгі, у якіх будзе нейкі ўласнік. На такое меркаванне мяне наводзіць той факт, што зараз многія рэгіянальныя СМІ працуюць больш-менш нармальна дзякуючы грантавай падтрымцы. Захад цяпер вельмі моцна фінансуе нашыя медыі, і гэта тое, што дазваляе нам выжываць.

    Але дапусцім, што ў нейкі момант гэта спыніцца. Фінансавыя цяжкасці або канкурэнтныя выклікі могуць падштурхнуць нас нейкім чынам аб’яднацца.

    Гэта можа адбывацца па-рознаму, напрыклад, нехта далучыцца да ўжо існуючых якасных медыяў — у нас ёсць прыклад «Доступу до правди» Лесі Ганжы, якому дапамагаюць «Українська правда», «Історичної правди» Вахтанга Кіпіані і г. д. Ці незалежная сетка «Або»…

    Таксама магчымая тэматычная спецыялізацыя. Напрыклад, «Детектор медіа» лічыцца нішавым СМІ, і мы не выходзілі са сваёй нішы — медыі пра медыі, але пры гэтым мы заўсёды хацелі пашырыць аўдыторыю, і тады выбіралі нейкую канкрэтную мэтавую групу, напрыклад, якая цікавіцца грамадскім вяшчаннем, грамадзянскай супольнасцю або дэзінфармацыей, і рабілі для яе асобны сайт. Такім жа шляхам, як мне здаецца, могуць пайсці і іншыя якасныя медыі, вылучыўшы для сябе тэматычную спецыялізацыю.

    Таму што нішавыя медыі могуць быць самаакупнымі, маючы двух-трох рэкламадаўцаў, зацікаўленых у рэкламе менавіта тых тавараў ці паслуг, да якіх адносіцца тэматыка гэтага медыя. Аднойчы пра такую ​​мадэль мне распавёў нарвежскі блогер, у якога блог рабіла цэлая рэдакцыя. На пытанне, на якія грошы яны жывуць, ён адказаў, што паколькі тэматыка блога вельмі вузкая, то ў яго вельмі мэтавая аўдыторыя. І гэта вельмі зацікавіла двух рэкламадаўцаў, якія вядуць бізнес менавіта ў той сферы, якой прысвечаны блог. Так што за тую ж рэкламу, якую яны размяшчаюць у выданнях агульнага карыстання, яны плацяць рэдактарам блога ў дзесяць разоў больш…

    Аб’ектыўна адбываецца атамізацыя журналістыкі. Напрыклад, той жа Портнікаў — сам сабе медыя. У яго вялікая аўдыторыя, шмат фарматаў, і ён сам сабе робіць медыя. І таму многія блогеры становяцца паўнавартаснымі медыямі. Але і рэдактары медыяў могуць мець у сваёй камандзе аднаго ці некалькіх такіх блогераў, вакол якіх можна стварыць паўнавартаснае маленькае медыя. Так, у «ДМ», напрыклад, ужо ёсць влог «Ньюспалм» з Юркам Касмінаю. А зараз мы распрацоўваем новы сайт, які будзе лічыцца аўтарскім праектам Лены Чычэнінай, але працаваць там будзе не толькі яна (гэтак жа, як яна ўжо працуе над нашай рубрыкай Medi­al­ife, якая фактычна з’яўляецца «маці» гэтага будучага сайта).

    Баяцца гэтага не трэба, адзінае, што трэба будзе выпрацаваць нейкія мэханізмы рэдакцыйнага кантролю. Я мяркую, што гэта будуць дынамічна вырашаць самі рэдакцыі. 

    Такая персаналізацыя ў якасных медыях можа быць карыснай у канкурэнцыі з ананімнымі тэлеграм-каналамі. Аўдыторыя такіх персаналізаваных медыяў мае адчуванне, што ёсць пэўная асоба, якую ведаюць, якую можна ўбачыць, да якой можна звярнуцца і якая нясе адказнасць за кантэнт, які яна пашырае. То бок тое, чаго няма зараз у ананімных тэлеграм-каналаў, таму што мы не ведаем, хто такія гэтыя цёмныя рыцары, джокеры, картачныя домікі, і не разумеем, хто нясе адказнасць за інфармацыю, якую яны распаўсюджваюць. Падкрэсліваць гэтую персаналізацыю, на мой погляд, цяпер вельмі правільна. Гэта зачэпка для аўдыторыі, якая ўмацоўвае нашу рэпутацыю і спрыяе даверу да нас.

    Ці гэта вырашыць ўсе праблемы?

    Я разумею, што калі якасныя медыя не пераасэнсуюць сваю ролю і сваё месца ў інфармацыйным свеце, то не — гэта не дапаможа. Без прарыву ў нашым разуменні таго, у якім свеце мы жывем і як захаваць сябе, нам не абысціся. Гэта адбудзецца, мяркую. Чаму? Гэта як бы адказ на пытанне, чаму Украіна павінна перамагчы. Я не ведаю, як яна павінна гэта зрабіць, але я заўсёды кажу сабе, калі я ў роспачы: дабро заўсёды перамагала зло. Хвіліна, секунда, імгненне, але яно ёсць — і гэтая перамога фіксуецца. А потым гэтая барацьба пачынаецца спачатку. І тое ж самае я кажу пра якасныя медыі: мы ўсё роўна справімся і знойдзем рэцэпты і інструменты, як пераадолець гэтыя выклікі, зберагчы сябе і сваю аўдыторыю. Я спадзяюся, што мы будзем рабіць гэта разам.

    Чытайце яшчэ:

    Людзі з’язджаюць, але ствараюцца і развіваюцца новыя праекты: як жыве суполка беларускіх медыйшчыкаў у Батумі

    «Калі ў хату ніхто не пагрукаў, на сёння і гэта вялікі пазітыў!» Калегі ў Беларусі пра адыходзячы год, мары, надзеі і пачуцці

    Змогуць выжыць толькі буйныя гульцы? Беларускія журналісты ў Беластоку пагутарылі пра дасягненні і «факапы» 2023 года

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці