Пасля атакі «Кіберпартызанаў» другі дзень не працуюць сайты «Гомельскай праўды» і «ІнфоБазы»
Старонкі двух беларускіх інфарэсурсаў другі дзень застаюцца недаступнымі. Гэта сайт абласнога дзяржвыдання «Гомельская праўда» і навінавы партал пра сельскую гаспадарку і прамысловасць «ИнфоБаза». Напярэдадні, 25 сакавіка 2024 года, ініцыятыва «Кіберпартызаны» узламала два гэтых рэсурса і размясціла віншаванне да Дня Волі.
У «Гомельскай праўдзе» — тэхнічныя работы
Днём 26 сакавіка матэрыялы «Гомельскай праўды» заставаліся недаступнымі. На сайце стаіць заглушка: «Уважаемый пользователь! В настоящее время на запрашиваемом вами ресурсе ведутся технические работы».
Журналісты «Флагштока» патэлефанавалі ў рэдакцыю ад імя чытачоў і пацікавіліся, чаму сайт выдання недаступны і калі ён пачне працаваць. У тым, што на адсутнасць доступу да рэсурсу паўплывала атака «Кіберпартызанаў», у рэдакцыі не прызналіся:
«Проста праводзяцца тэхнічныя работы. Калі яны завяршацца, пакуль невядома. У бліжэйшы час сайт запрацуе».
Зараз абласная газета размяшчае свае матэрыялы толькі ў сацсетках.
«ИнфоБаза» віншуе з Днём Волі
Таксама днём 26 сакавіка не адкрывалася галоўная старонка сайта з навінамі пра сельскую гаспадарку, транспарт і прамысловасць «ИнфоБаза». Карыстальнікі бачылі памылку 403 — абмежаванне або адсутнасць доступу да матэрыялу.
У той жа час даступна старонка вэб-архіва з віншаваннем з Днём Волі ад «Кіберпартызанаў».